Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка вельмі рады, што яго сустрэча з папам рымскім Бэнэдыктам XVI нарэшце адбылася.


Пра што гаварыў папа Бэнэдыкт XVI з Лукашэнкам?

Сьвяты пасад распаўсюдзіў прэсавы рэліз па выніках сустрэчы папы рымскага Бэнэдыкта XVI з кіраўніком Беларусі А.Лукашэнкам.

У ім гаворыцца пра “мірнае суіснаваньне паміж праваслаўнай і каталіцкай супольнасьцямі Беларусі, а таксама іншымі рэлігійнымі канфэсіямі”. Сустрэча папы Бэнэдыкта XVI і прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адбылася ў абстаноўцы “пазытыўнага клімату”.

Падчас сустрэчаў у Ватыкане “бакі абмеркавалі пытаньні, якія тычацца міжканфэсійнага, міжкультурнага дыялёгу, а таксама тэмы міжнароднага характару, якія зьвязаныя з прасоўваньнем міру і прагрэсу чалавецтва”.


Таксама былі абмеркаваныя “некаторыя ўнутраныя пытаньні Беларусі, а таксама тэмы, якія тычацца каталіцкай царквы ў Беларусі і пэрспэктывы паглыбленьня супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Ватыканам”.

***

Як падае італьянскае выданьне Wallstreet Italia, Мікола Лукашэнка суправаджаў свайго бацьку ў Ватыкан у складзе суправаджальнай сьвіты.

Пяцігадовы Мікола ўручыў пантыфіку неафіцыйны падарунак - буквар, каб той вучыў расейскую мову.


Афіцыйцны падарунак папу ўручыў Міколаў бацька – крыж, які вырабіў рамесьнік.

***

Перадаюць, што сустрэча прэзыдэнта Лукашэнкі сам-насам з папам Бэнэдыктам XVI працягвалася 25 хвілін. Размову абслугоўвалі два перакладчыкі. Адзін зь іх перакладаў на расейскую мову, другі — на італьянскую. Пасьля заканчэньня аўдыенцыі пантыфік падараваў госьцю традыцыйныя залатыя мэдалі.


"Наша сустрэча зацягнулася на доўгія гады, і нарэшце мы сустрэліся", – сказаў А.Лукашэнка ў Малой Троннай залі сьвятых Пятра і Паўла Апостальскага палацу ў Ватыкане, абменьваючыся поціскамі рук з папам рымскім.

Потым А.Лукашэнка і папа рымскі Бэнэдыкт XVI перайшлі ў папскую бібліятэку, дзе адбылася іх сустрэча ў фармаце сам-насам, перадае Інтэрфакс.

Аляксандар Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што яго наступная сустрэча з папам рымскім Бэнэдыктам XVI адбудзецца ў Беларусі, і перадаў пантыфіку запрашэньне наведаць Беларусь.

"Калі вы знойдзеце час, мы сустрэнемся на беларускай зямлі. Калі на то будзе воля Божая", - адзначыў А.Лукашэнка, разьвітваючыся з пантыфікам у Апостальскім палацы пасьля праведзенай сустрэчы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG