Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч: “Беларусі неабходна мець сваю АЭС”


Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

За прамінулыя з часу Чарнобыльскай трагедыі 23 гады ў беларускім грамадзтве істотна зьмянілася стаўленьне да гэтай найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы. Пад уплывам афіцыйных СМІ радыёфобія сасутупіла месца апатыі. Як належыць да гэтага ставіцца, і ці можа абысьціся Беларусь без уласнай атамнай электрастанцыі? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае фізык ды палітык Станіслаў Шушкевіч.


Міхась Скобла
Міхась Скобла:
“Спадар Станіслаў, вось ужо даволі працяглы час усе афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі пераконваюць беларускае грамадзтва ў тым, што Беларусь без сваёй уласнай атамнай электрастанцыі не пражыве. А якое ваша стаўленьне да гэтай праблемы?”

Станіслаў Шушкевіч: “Маё стаўленьне вельмі простае. Дзе людзі жывуць прыстойна? Там, дзе ўнутраны валавы прадукт на душу насельніцтва вялікі, альбо дзе працягласьць жыцьця большая. Гэта такія паказчыкі, якія нельга аспрэчыць. І ёсьць адна заканамернасьць: у краінах, дзе спажываецца на душу насельніцтва вялікая колькасьць электраэнэргіі, – там людзі жывуць лепей. Скажам, у Злучаных Штатах Амэрыкі спажываецца каля 9 тысячаў кілават-гадзінаў на чалавека, у Нарвэгіі – 19 тысячаў, а ў Беларусі – каля 4 тысячаў. Гэта таксама нядрэнны паказчык, але ўсё ж малавата. Таму нам трэба шукаць дадатковыя крыніцы энэргіі. І тут пытаньне спрабуюць вырашыць пераважна эмацыйным чынам, без навуковага падыходу. Адны кажуць, што можна масла зьліць з аўтамабіляў і выкарыстаць у якасьці паліва, другія – выкарыстаць энэргію ветру, трэція – задзейнічаць водныя рэсурсы. Але навукоўцы добра ведаюць, што ў Беларусі ні водныя рэсурсы, ні вецер, ні сонца не зьяўляюцца стабільнымі крыніцамі энэргіі. Прыкладам, калі і можна здабываць ветраную энэргію, то інвэстыцыі ў гэтую галіну павінны быць вельмі вялікімі. Таму я абсалютна перакананы: для таго, каб у нас была добрая пэрспэктыва, Беларусі неабходна мець сваю атамную электрастанцыю”.

Скобла: “Пад пабудову беларускай АЭС разглядаліся чатыры пляцоўкі: Астравецкая, Верхнядзьвінская, Краснапалянская і Кукшынаўская. Свой выбар улады спынілі на Астравецкай. Наколькі ўдала гэта зроблена?”

Шушкевіч: “Калі ўлады апіраліся на нармальных навуковых экспэртаў, на прыродазнаўцаў і геафізікаў, то не істотна, якая мясьціна абраная. Ці там чыстае возера, ці там добрыя рэчкі, ці там суха, ці там мокра, – калі дрэнную станцыю будаваць, усюды небясьпечна. А калі будаваць добрую, то мясьціна аніяк ня зьвязаная з тым камфортам, які яна забясьпечвае на гэты дзень, гэта зьвязана толькі з тэктанічнымі, з геафізычнымі паказчыкамі мясцовасьці. І калі разьлікі зрабілі прафэсіяналы, а я перакананы, што ў Беларусі такіх прафэсіяналаў хапае, то я думаю, што выбар зроблены правільна”.

Скобла: “Дык вось жа, прафэсіянал у галіне разломаў зямной кары акадэмік Радзім Гарэцкі гаворыць, што Астравецкая пляцоўка ненадзейная. Сто гадоў таму там адбыўся землятрус да сямі балаў па шкале Рыхтэра”.

Шушкевіч: “Акадэмік Гарэцкі – вельмі паважаны мною чалавек, і я думаю, што яго меркаваньне трэба ўлічваць абавязкова. Цяпер што да землятрусаў. Я ведаю, што ў Японіі атамныя электрастанцыі пабудаваныя ў сэйсьмічна-небясьпечных зонах, значна больш небясьпечных, чым у Беларусі. І там ня так даўно былі землятрусы сілай да 5-6 балаў. Але да 7 балаў – гэта вельмі небясьпечны землятрус”.

Скобла: “У старажытным Рыме, калі будаваўся новы мост ці аквэдук, архітэктар павінен быў зрабіць адмысловы даклад аб магчымых наступствах праз 200 гадоў. А тут без усякага абмеркаваньня хутка вырашана: АЭС будзе пад Астраўцом. Чаму ўлады так сьпяшаюцца?”

Шушкевіч: “Таму што марудзіць у гэтай справе таксама нельга. Давайце возьмем, напрыклад, тэрыторыю ЗША. Там 101 ядравы рэактар выпрацоўвае электраэнэргію. 26 % электраэнэргіі ў Злучаных Штатах выпрацоўваюць ядравыя станцыі, больш за ўсіх у сьвеце. Амэрыканцы хутка вырашылі, дзе будаваць свае станцыі, і пакуль што няма аніякіх сыгналаў, каб там узьнікла небясьпека. Наадварот, ёсьць зьвесткі, што яны пабудавалі станцыі на 30 гадоў, а ў працэсе эксплюатацыі высьветлілі, што яны могуць працаваць і 50 гадоў, нават павялічыўшы нагрузку на 1–1,5 %. А цяпер амэрыканцы думаюць над тым, каб станцыі працавалі 70 гадоў! Так што марудзіць, чакаць, калі наступнае пакаленьне прыйдзе, няварта. Я думаю, што навукоўцы здольныя вырашыць гэтае пытаньне хутка, так як вырашылі ў Францыі, у Бэльгіі, у ЗША, у Японіі. Што да засьцярожлівасьці. Праўдзівыя дэбаты па тэлебачаньні зьнялі б гэты страх. У нас ёсьць некаторыя пісьменьнікі, якія анічога не разумеюць у атамнай энэргетыцы, але яны так пратэстуюць, закаціўшы вочы! А калі ім пачынаеш нешта тлумачыць, яны кажуць: “Ты здраднік!” У нас ёсьць людзі, якія зрабілі сваёй спэцыяльнасьцю пратэст супраць таго, што ўчыняе ўлада. На 90 %, магчыма, тут ёсьць рацыя, але можа быць і так, што рашэньне па АЭС упішацца ў тыя пазасталыя 10 %”.

Скобла: “Да нядаўняга часу словы “Чарнобыль” і “радыяцыя” ў грамадзкай сьвядомасьці ўспрымаліся як знакі бяды. Сёньня радыёфобія адтуль узмоцнена вымываецца дзяржаўнымі СМІ. Як вы лічыце, ці можна дарэшты заглушыць у людзях інстынкт самазахаваньня?”

Шушкевіч: “Інстынкт глушыць ня трэба, але трэба людзям адкрываць праўду. Чарнобыльская катастрофа – фактычна не ядравая катастрофа, гэта камуністычная катастрофа, катастрофа камуністычнага ладу, бальшавіцкага падыходу да ядравай энэргетыкі. Тое, што рабілася на Чарнобыльскай АЭС, абсалютна недапушчальна. Па меркаваньнях кампэтэнтнай камісіі, там было 14 парушэньняў тэхналёгіі эксплюатацыі атамнай станцыі. І сама станцыя была ня вельмі дасканалая, але, каб ня гэтыя парушэньні, нічога б ня здарылася, а парушэньні былі якраз спароджаныя савецкім ладам. І гэта трэба разумець. І сёньня, калі камуністычнымі спосабамі ўлады пераконваюць, што патрэбная атамная электрастанцыя, гэта няправільна, гэта трэба адсекчы. І я занепакоены тым, што ў нас пэўныя навукоўцы, якія перасталі ўжо быць навукоўцамі, што называецца, ляглі пад уладу, яны падпяваюць уладзе. Трэба, каб была нармальная, адкрытая дыскусія па тэлебачаньні. Вы бачылі калі небудзь хоць адну перадачу па Беларускім тэлебачаньні, куды былі б запрошаныя розныя бакі, той самы Радзім Гарэцкі? Такога няма. Таму што ў нас няма СМІ, у нас прапаганда, якая выконвае ўсе загады ўлады”.

Скобла: “А вы заўважылі, па БТ часта ідуць інфармацыйныя сюжэты, дзе агульна гаворыцца пра мэтазгоднасьць пабудовы АЭС у Беларусі. Месца не абмяркоўваецца зусім”.

Шушкевіч: “Я не гляджу Беларускае тэлебачаньне, таму што больш агіднага занятку для сябе ня ведаю. Напрыклад, учора, знаходзячыся ў больніцы, я пачаў глядзець выступленьне нашага прэзыдэнта і зразумеў, што ён патрабуе, каб нярынкавымі захадамі будавалі рынкавую эканоміку. А ўсіх тых, хто ня зможа прадаваць прадукцыю даражэй, чым усе, купляць таньней, чым усе, трэба калі ня зьнішчыць, то выкінуць з працы”.

Скобла: “Сёлета я двойчы быў у Астравецкім раёне. І натуральна, мне было цікава: а як ставяцца мясцовыя жыхары да гэтай праблемы? Пытаюся ў дырэктаркі Рымдзюнаўскай літоўскай школы. Станоўча. Чаму? А вучняў не хапае ў літоўскай школе. А на Астравецкую АЭС прыедуць працаваць спэцыялісты зь Літвы, з Ігналінскай станцыі, літоўцаў у раёне пабольшае, і – школу не зачыняць. Такая вось рацыя. І многія на Астравеччыне думаюць, што АЭС дапаможа вырашыць усе іхнія праблемы: з дарогамі, з беспрацоўем і г.д. А ці дапаможа?”
Шушкевіч: “Ну, што з дарогамі і з беспрацоўем дапаможа, – гэта адназначна. Толькі я ня ведаю ніводнага літоўца, які б захацеў прыехаць працаваць у Беларусь. У дырэктаркі тае школы марныя спадзяваньні. Гэта местачковае мысьленне. Яна, відаць, ня ведае, што ўсе прафэсіяналы на Ігналіне пераважна расейскамоўныя. Ігналіна – гэта тое, што выратавала Літву. Яны выжылі, дзякуючы таму, што мелі крыніцу электраэнэргіі, ім дастаўся вялікі падарунак ад СССР. І цяпер жа на рэфэрэндум аб закрыцьці Ігналіны людзі не пайшлі, і адказаць літоўскі ўрад Захаду нічога ня можа. Літоўцы разумеюць, што калі прыкрыюць Ігналіну, ім будзе вельмі цяжка. Трэба, каб гэтая станцыя добра кантралявалася, каб яна не была небясьпечнай, бо адназначна яна – жыцьцёвая крыніца для Літвы. Эквівалентную станцыю за свае сродкі літоўцы ніколі не пабудуюць, а Эўропа ім ніколі не дапаможа такую электрастанцыю пабудаваць”.

Скобла: “Прысутнічае на Астравеччыне і альтэрнатыўная думка – там узьнікла грамадзкая ініцыятыва “Астравецкая атамная – гэта злачынства”. Што б вы параілі яе актывістам?”

Шушкевіч: “Няхай яны пратэстуюць, але кантактуюць з прафэсіяналамі. Таму што калі людзі пратэстуюць на эмоцыях, напрыклад, вядомыя пісьменьнікі, вядомыя артысты, вядомыя мастакі, то гэта тое ж самае, што даручыць ядравым энэргетыкам малявць карціны ці пісаць вершы... Гэта абсалютна некарэктнае дапасаваньне аднаго да другога, і трэба абапірацца на прафэсіяналаў. Я ім параіў бы яшчэ зьездзіць на экскурсію ў Бэльгію, дзе фактычна на ўскраіне вялікага гораду стаіць атамная станцыя, і ягоныя жыхары не пратэстуюць і не ўчыняюць ляманту. Амаль 80 % электраэнэргіі ў Бэльгіі, у гэтай густанаселенай краіне на ўзьбярэжжы мора, выпрацоўаецца атамнымі электрастанцыямі. І бэльгійцы не пратэстуюць, бо ведаюць: у іх добрае жыцьцё таму, што ў іх выпрацоўвецца шмат электраэнэргіі на душу насельніцтва. А ў Беларусі пэўныя людзі, якія займаюцца радыяцыйнай бясьпекай, таксама ўнесьлі вялікую блытаніну ў гэтую справу. Яны, дарэчы, ня маюць аніякага дачыненьня да ядравай энэргетыкі. Іх галоўны лёзунг: “МАГАТЭ – капіталістычная структура, якая лабіруе атамную энэргетыку.” Гэта няправільны падыход. У сьвеце працуюць 444 ядравыя рэактары, якія выпрацоўваюць электраэнэргію. МАГАТЭ кантралюе іх. МАГАТЭ – гэта канцэнтрат найвыбітнейшых навукоўцаў у гэтай галіне. МАГАТЭ – гэта не самазабойцы, і трэба прыслухоўвацца да таго, што яны гавораць. Я думаю, што найлепшым крытэрам таго, ці трэба будаваць электрастанцыю на Астравеччыне, была б экспэртыза МАГАТЭ”.

Скобла: “Вы паводле спэцыяльнасьці – фізык, але ўжо больш за дваццаць гадоў займаецеся палітыкай. Ці ёсьць нешта агульнае паміж законамі фізыкі і законамі палітыкі?”

Шушкевіч: “Абсалютна нічога падобнага. Законы прыроды, законы фізыкі дзейнічаюць у любых абставінах, яны не падлягаюць удасканаленьню. А ў палітыцы законы часта перарабляюцца, яны прыдумваюцца людзьмі, і часта – для пэўных уладароў. Як, напрыклад, “прэзыдэнцкая” канстытуцыя ў Беларусі. Яна была прыдуманая пад Кебіча, але атрымалася, што яна саслужыла дрэнную службу, бо яе недасканаласьць напоўніцу выкарыстаў Лукашэнка”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG