Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сход інвалідаў Чарнобылю — пад узмоцненай аховай


Васіль Сіліверст

Васіль Сіліверст

Сёньня ў Калінкавічах з ініцыятывы вайсковых ліквідатараў ладзілася іх сустрэча з прадстаўнікамі мясцовай улады.

Гэтым разам ліквідатарам адвялі нават добрае памяшканьне — цэнтар культуры й адпачынку чыгуначнікаў.

На сустрэчу прыйшлі старшыня Калінкавіцкага райсавету Валер Ціханоўскі, намесьніца старшыні райвыканкаму Алена Клічкоўская, вайсковы камісар Генадзь Галеня, прадстаўнікі мэдычнай службы. І вельмі шмат міліцэйскай аховы.

Ліквідатар з Калінкавічаў Васіль Сіліверст: “На сустрэчы мы абмяркоўвалі высокую інваліднасьць і сьмяротнасьць сярод ліквідатараў-вайскоўцаў. З-за гэтага й зьбіраліся. Усе сышліся на думцы, што ў Калінкавічах патрэбная арганізацыя, якая б абараняла інтарэсы ліквідатараў. І, што цікава, прыехала шмат міліцыі, якіх ачольваў сам начальнік міліцыі. Невядома, які страх выклікаюць у дзяржаве чарнобыльскія ліквідатары. І навошта слаць столькі міліцыянтаў, каб ахоўваць чарнобыльскіх калек?”

Спадар Сіліверст прывёў зьвесткі паводле ліста, дасланага яму намесьнікам міністра аховы здароўя Беларусі Валерам Шаўчуком. Той спаслаўся на афіцыйныя лічбы дзяржстатыстыкі. У прыватнасьці, сьмяротнасьць сярод удзельнікаў ліквідацыі катастрофы на ЧАЭС за мінулы год на 1 тысячу насельніцтва склала ў Калінкавіцкім раёне — 28,55, у Гомельскай вобласьці — 25,15, у Беларусі — 20,15. Гэта на адзінаццаць адсоткаў вышэй, чым сьмяротнасьць сярод усяго насельніцтва.

На сустрэчы двум ліквідатарам абвясьцілі падзяку райсавета за супрацоўніцтва і ўручылі прэмію ў памеры 70 тысяч рублёў. Васілю Сіліверсту падаравалі ікону Маці Божай.
XS
SM
MD
LG