Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: вянкі да чарнобыльскай капліцы


Сёньня ў Гомелі дэмакратычныя актывісты ўшанавалі памяць ахвяраў Чарнобылю.

А 14-й гадзіне прадстаўнікі руху “За свабоду”, АГП, ПКБ, Народнай Грамады ды іншых дэмакратычных арганізацый рэгіёну зь вянкамі й жывымі кветкамі прайшлі па вуліцы Агаранкі да чарнобыльскай капліцы. Яна была ўзьведзена ня так даўно ў мікрараёне “Валатава” да сумнай чарнобыльскай даты — 26 красавіка.

Прысутныя хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць ахвяраў Чарнобылю.

Гаворыць рэгіянальны каардынатар руху “За свабоду” Ўладзімер Кацора, які спрычыніўся да паездак апазыцыйных лідэраў па чарнобыльскіх раёнах, а сёньня ўскладаў вянкі да капліцы:

“Па-першае, памяць жывая. Да таго ж улады замоўчваюць праблемы, якія існуюць у пацярпелых ад Чарнобылю раёнах. Учора стала вядома, што ўлады бяруць арыентацыю не на рэабілітацыю заражаных радыяцыяй раёнаў, а на адраджэньне. Лічу, што да адраджэньня яшчэ далёка. Трэба сьпярша зрабіць на заражаных тэрыторыях простыя й зразумелыя рэчы. Не араць і сеяць, а забясьпечыць людзей сапраўды чыстымі прадуктамі харчаваньня, каб у іх была будучыня. Трэба пабудаваць лазьні, якіх няма, а таксама забясьпечыць насельніцтва нармальным мэдычным абслугоўваньнем”.

Акцыю дэмакратычных актывістаў здымалі на відэакамэру людзі ў цывільным. Супрацоўнікі ДАІ затрымалі мікрааўтобус сябра АГП Леаніда Судаленкі й правяралі дакумэнты, ажно пакуль жалобная цырымонія ня скончылася.

Пад вечар у офісе АГП адбыліся прэзэнтацыя чарнобыльскага фільму Ўладзімера Коласа і “круглы стол” па праблемах чарнобыльскай катастрофы й будаўніцтва ў Беларусі атамнай станцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG