Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Чарнобыльскім шляху выступалі супраць будаўніцтва АЭС


Традыцыйная акцыя “Чарнобыльскі шлях” прайшла ў Менску ў нядзелю 20-ты раз. Яна сабрала каля 1,5 тысячы чалавек. Выступоўцы на мітынгу ля Акадэміі навук і дэманстранты актыўна выказваліся супраць плянаў будаўніцтва новай АЭС у Астравецкім раёне.

Сярод удзельнікаў Чарнобыльскага шляху сваёй актыўнасьцю вылучалася група дэманстрантаў-анархістаў з бубнамі, чорнымі сьцягамі і транспарантамі супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Яны скандавалі: “АЭС забівае людзей і прыроду”, “На заробкі грошай няма, увесь бюджэт пайшоў на АЭС”.

Не абышлі ўвагай тэму будаўніцтва АЭС і многія з выступоўцаў на мітынгу ля будынка Акадэміі навук перад шэсьцем.

Прафэсар і ліквідатар Георгі Лепін, адзін зь сябраў аргкамітэту “Вучоныя за бязьядзерную Беларусь”, заявіў на мітынгу, што ніхто сур’ёзна не абсьледаваў Астравецкую пляцоўку пад будаўніцтва АЭС, дзе цяпер стаяць “толькі калочкі, якімі пастухі звычайна агароджваюць поле, для таго каб пасьвіць жывёлу”. Ён нагадаў выпадак у Казахстане, калі пабудавалі вялікае прадпрыемства ў зоне тэктанічнага разлому — і яно развалілася напалову, і заявіў, што Астравецкая пляцоўка для АЭС таксама стаіць на тэктанічным разломе.

“Няўжо нам мала таго, што мы маем, мы хочам пабудаваць у сябе яшчэ аднаго монстра? Што, Беларусь яшчэ не нахлябалася радыеактыўнага дабра?”

У Беларусі няма на будаўніцтва АЭС ні сродкаў, ні спэцыялістаў, — і досьвед Чарнобылю павінен засьцерагчы беларусаў ад будаўніцтва атамнай станцыі, заявіў Георгі Лепін.

Іван Нікітчанка
Член-карэспандэнт НАН Іван Нікітчанка аспрэчыў учарашнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што трэба асвойваць і засяляць раней адселеныя радыяцыйна забруджаныя тэрыторыі. Гэта прывядзе да развозу радыяцыі на ўсю тэрыторыю краіны і да новых ахвяраў:

“Ад 1993 году Беларусь ужо страціла 672 тысячы жыхароў і, паводле прагнозаў ААН, да 2020 году страціць яшчэ 300 тысяч. Мільёна беларусаў да 2020 году ня будзе. Сёньня трэба рабіць ня тое, што прапануюць улады, а бараніць людзей ад радыяцыі”.

Сяргей Абразоўскі
Сяргей Абразоўскі і яшчэ некалькі дзясяткаў жыхароў Пухавіцкага раёну прыехалі на Чарнобыльскі шлях, каб выступіць супраць будаўніцтва хімічнага заводу ў раёне пасёлка Дружны:

“Мы прыйшлі, каб менчукі ведалі, што ўлады здраджваюць ня толькі жыхарам пасёлкаў Дружны і Сьвіслач, але яны здраджваюць і ахвяруюць здароўем менчукоў. Бо калі на гэтым заводзе нешта здарыцца, менчукі таксама будуць у вялікай небясьпецы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG