Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля тысячы чалавек узялі ўдзел у сёньняшнім “Чарнобыльскім шляху”. З чым прыйшлі на акцыю яе ўдзельнікі? Як ацэньваюць яны сёлетні “Чарнобыльскі шлях”?

У шэсьці ўзялі ўдзел прадстаўнікі шэрагу грамадзкіх арганізацый — ад сяброў БНФ і АГП, руху “За свабоду” — да сацыял-дэмакратаў, сяброў ПКБ і анархістаў. Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, падводзячы вынікі акцыі, адзначыў, што моладзь, як заўсёды, не падвяла, але народу прыйшло меней, чым меркавалася.

Лявон Баршчэўскі
“А тое, што ўлады дзейнічаюць па-сьвінску, ну гэта ж мы ведалі загадзя. Калі „ворагі народа“ для іх — уся апазыцыя, дык з ворагамі народа так і абыходзяцца. Іх ганяюць, пускаюць па нейкіх задворках, там, дзе прайсьці немагчыма нармальна. Гэта стаўленьне ўлады, і людзі павінны разумець, што апазыцыя — гэта яны і тыя, хто незадаволены рэжымам. І што толькі калі нас шмат, калі мы разам, то мы можам паказаць уладзе сваю цьвёрдую пазыцыю. Адзінае, што мы можам зараз прад’явіць Эўропе, — гэта тое, што нас многа, людзей, якія ня згодныя з гэтым рэжымам. І калі мы гэта не прад’яўляем, значыць, рэжым набірае толькі дадатковыя ачкі на сваю карысьць”.

Старшыня ПКБ Сяргей Калякін разам з дэманстрантамі дайшоў да Чарнобыльскай капліцы. Ён адзначыў, што на акцыю прыйшло мала людзей.

Сяргей Калякін
“Можа, ужо і прытупілася сьвядомасьць, і, можа, сама акцыя ўжо мае іншы сэнс. Ужо людзей больш хвалюе іншы Чарнобыль — палітычны, эканамічны. І таму шмат людзей, якія сюды прыйшлі, — яны прыйшлі не з нагоды Чарнобылю, а з нагоды таго, што Чарнобыль — гэта як такі сымбаль, што дрэнна жыве сёньня беларускі народ, што ёсьць бяда ў нас у краіне і трэба нешта выпраўляць. Нам не патрэбны Чарнобыль ні экалягічны, ні палітычны, ні эканамічны. І людзям трэба аб’яднацца”.

Алена Буткоўская з пасёлку Дружны, дзе жывуць чарнобыльскія перасяленцы, пратэстуе супраць будоўлі хімічнага заводу. Яна трымае лёзунг “Не — хімічнаму Чарнобылю”.

Алена Буткоўская
“Я актывістка гэтага руху супраць хімічнага монстра ў нашым рэгіёне. Мы аб’езьдзілі ўсе інстанцыі, мы сабралі больш за 6 тысяч подпісаў, мы чатыры разы пісалі нашаму прэзыдэнту, каб ён прыехаў і прыслухаўся да нашай думкі. Ніякага адказу, ніякай рэакцыі. Я супраць будаўніцтва хімічнага монстра, бо ён ёсьць хімічны Чарнобыль. Я супраць будаўніцтва атамнай станцыі. Гэта наша будучая экалёгія”.

Група моладзі скандуе: “Не патрэбна нам бяды, мірны атам — у Дразды!” Многія з удзельнікаў акцыі трымаюць плякаты супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі.

Наста Мурашка
Наста Мурашка з “Моладзі БНФ”: “Нам усім вядомы Чарнобыль. Гэта сумная трагедыя. Я маладая дзяўчына, за мною будучыня маёй краіны. Я не хачу, каб я і мае дзеці былі хворыя. Я хачу жыць у чыстай краіне без радыяцыі. Таму я супраць АЭС, тым больш у Астраўцы. Я не хачу, каб трагедыя Чарнобылю паўтарылася”.

Адзін з удзельнікаў шэсьця, Павал: “Беларусь — ня месца для АЭС. Гэта маё перакананьне. Бо АЭС — гэта ядзерная бомба. У нас ужо была адна АЭС. Я лічу, што ні ў якім разе нельга будаваць, бо не прысьпеў час. Крык душы, так бы мовіць. Гэта мяне закранае.

Сьціплая акцыя, канечне, але лепш такая, чым ніякай. Трэба і надалей браць удзел і ладзіць такія акцыі“.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG