Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ляціць да папы


Плошча сьвятога Пятра ў Ватыкане
Плошча сьвятога Пятра ў Ватыкане

Першая ў гісторыі сустрэча прадстаўніка беларускіх уладаў з папам рымскім мае адбыцца аб 11-й гадзіне 27 красавіка на прыватнай спэцыяльнай аўдыенцыі ў Апостальскім палацы.

Пра гэта паведамляе прэсавая служба Ватыкану. Таксама разглядаецца магчымасьць сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэм’ерам Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі. У кіраўніка Беларусі заплянаваная размова зь міністрам замежных спраў Франка Фратыні.

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў кажа: магчымыя сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Італіі трэба найперш разглядаць як даніну палітэсу, дыпляматыі:

Дзяніс Мельянцоў
“То бок сама дзяржава Ватыкан знаходзіцца на тэрыторыі Італіі. Таму цалкам лягічна, што ён сустракаецца з італьянскімі палітыкамі і чыноўнікамі. Адначасова будуць вырашаны і некаторыя беларуска-італьянскія пытаньні. Італія, як вядома, — адна з тых краін, якія дастаткова актыўна супрацоўнічаюць зь Беларусьсю. Яна не была заўважана ў нейкіх антылукашэнкаўскіх, антыбеларускіх дзеяньнях.

Гэтым візытам у Ватыкан і Італію беларускі кіраўнік спрабуе троху зьнівэляваць важнасьць праграмы “Ўсходняе партнэрства” і важнасьць яго візыту ў Прагу. То бок паказаць, што ён займацца іншымі міжнароднымі палітычнымі справамі, і гэта невялікі прыз — тое, што Эўразьвяз дапусьціў Беларусь ва “Ўсходняе партнэрства”. Трэба паказаць, што наша зьнешняя палітыка збалянсаваная і што ёсьць нашмат важнейшыя зьнешнепалітычныя мерапрыемствы для Беларусі, чым візыт у Прагу”.

Аляксандар Лукашэнка ў пятніцу заявіў, што падчас сустрэчы з папам рымскім зьбіраецца абмеркаваць шэраг пытаньняў, якія ўздымаліся на ягонай нядаўняй сустрэчы з патрыярхам маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Многія палітолягі ў Беларусі кажуць: Лукашэнка будзе прапаноўваць папу сустрэцца з патрыярхам на тэрыторыі Беларусі.

Гісторык Анатоль Сідарэвіч ня верыць у тое, што сустрэча двух герархаў хутка адбудзецца:

Анатоль Сідарэвіч
“Наўрад ці гэта магчыма хутка. Шмат якіх пытаньняў стаіць. Тым больш што я так скажу: Масква выдумляе гэтыя пытаньні. Яна заўсёды знойдзе зачэпку, каб сказаць «не»”.

Месца Кірылы на пасадзе старшыні аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў заняў Іларыён. Але Іларыён выглядае такім няпростым чалавекам — ён ужо паканфліктаваў і з канстантынопальскім патрыярхам“.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі зьвяртае ўвагу на працэдуру сустрэчы кіраўніка Беларусі і папы Бэнэдыкта XVI. Звычайна госьць адзін уваходзіць у залю, дзе адбываецца сустрэча:

Раман Якаўлеўскі
“Звычайна папа прымае сваіх гасьцей сам-насам, без кагосьці трэцяга. Але ж папа, у адрозьненьне ад Яна Паўла II, не валодае расейскай мовай. І тут узьнікае пытаньне: хто ж будзе трэцім на гэтай сустрэчы?”

Ватыкан ужо паведаміў, што размова будзе весьціся з дапамогай перакладчыка. Магчыма, ім стане Сяргей Алейнік — амбасадар Беларусі пры Сьвятым Пасадзе. Згодна з пратаколам, ён павінен суправаджаць госьця такога рангу. Ён свабодна валодае нямецкай мовай — роднай мовай пантыфіка. І тут узьнікае яшчэ адна цікавая калізія.

Ад студзеня 2009 году спадар Алейнік афіцыйна зьяўляецца намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі. Але адначасова ён застаецца і амбасадарам пры Сьвятым Пасадзе. На маёй памяці такога сумяшчальніцтва ў зьнешнепалітычным ведамстве Беларусі яшчэ не было. Як патлумачыў мне ў прыватнай размове адзін са старажылаў МЗС, “Алейнік пачынаў рыхтаваць візыт Аляксандра Лукашэнкі, аддаў гэтаму шмат намаганьняў, і таму прызначаць на яго месца іншага дыплямата ніяк не выпадала”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG