Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: апазыцыя праігнаравала афіцыйны чарнобыльскі мітынг


Прадстаўнікі ўладаў на афіцыйным мітынгу

Прадстаўнікі ўладаў на афіцыйным мітынгу

Сёлета дваццаць трэцюю гадавіну чарнобыльскай аварыі на Магілёўшчыне ўлада і мясцовая апазыцыя адзначылі паасобку. На афіцыйны мітынг, што прайшоў сёньня ў абласным цэнтры, прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў не прыйшлі. Не падавалі яны заяўкі й на свой мітынг.

Апошнія восем гадоў афіцыйны мітынг праходзіць на тэрыторыі псыхіятрычнай лякарні. Тут знаходзіцца помнік ахвярам Чарнобыльскай катастрофы. Да 2001 году ў карпусах сёньняшняй вар’ятні месьцілася клініка экалягічнай і прафэсійнай паталёгіі. У выніку рэарганізацыі яе зачынілі. Тое, што мітынг праходзіць у вар’ятні, для магілёўскай апазыцыі непрымальна:

“Мы ўспрымаем гэта як абразу памяці тых людзей, якія загінулі ад наступстваў чарнобыльскай аварыі. Аргкамітэт прыняў рашэньне не прымаць удзелу ў афіцыйным мітынгу. У нас ёсьць іншае месца, каля крыжа памяці каля “лаўсанаўскіх” могілак, яго ўсталявалі актывісты дэмакратычных сіл. Вось да гэтага крыжа мы сёньня прыйдзем, каб ушанаваць памяць тых людзей, якія загінулі ад чарнобыльскіх наступстваў”, — зазначае магілёўскі палітык Рыгор Кастусёў.

Значная частка ўдзельнікаў афіцыйнага мітынгу — моладзь
Апазыцыйны мітынг пачнецца ў Магілёве а васямнаццатай гадзіне. Паводле спадара Кастусёва, на яго зьбіраюцца прыйсьці да паўсотні чалавек.

Летась прадстаўніку апазыцыі арганізатары афіцыйнага мітынгу выступіць на ім не далі.

Сёньня на афіцыйным мітынгу прысутнічалі каля паўтысячы чалавек. Значная частка — школьнікі. Да помніка ахвярам чарнобыльскай катастрофы кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкаму і гарвыканкаму, а таксама прадстаўнікі cілавых органаў ды дзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў усклалі вянкі. Адкрыў мітынг старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік:

“У выніку аварыі з мапы нашай краіны зьнікла больш за 400 населеных пунктаў. 69 знаходзіліся на тэрыторыі Магілёўскай вобласьці. Скарацілася колькасьць насельніцтва Быхаўскага, Краснапольскага, Слаўгарадзкага, Чэрыкаўскага раёну”.

Да гэтага крыжа прыйдзе апазыцыя
У сваім пяціхвілінным выступе кіраўнік абласной выканаўчай улады ні разу не згадаў пра дапамогу з боку замежных дабрачынных арганізацыяў. Не згадаў чыноўнік і пра намеры ўлады збудаваць у Беларусі атамную электрастанцыю.

Калі мітынг пачаўся, браму ў лякарню зачынілі, і сысьці зь мітынгу, калі хто хацеў, ужо не было як.

Акрамя мітынгаў, цягам тыдня праходзілі і іншыя мерапрыемствы да гадавіны Чарнобылю. У суботу ў аблвыканкаме прайшоў сэмінар, прысьвечаны чарнобыльскай тэматыцы, а ў Чэрыкаве актывісты незарэгістраванай Партыі свабоды й прагрэсу зладзілі свой круглы стол на гэтую тэму. У Горках з ініцыятывы дэмакратычнай грамады зьявілася алея “Чарнобыльскай памяці”. У касьцёлах Магілёўшчыны таксама згадалі ахвяраў чарнобыльскай катастрофы. У храмах адбыліся жалобныя літургіі.
XS
SM
MD
LG