Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Бібік: “Народ у зоне “забыякавіўся”, стаў нібы прэсная вада”


Уладзімер Бібік
Уладзімер Бібік

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – пэнсіянэр-чарнобылец з Нароўлі Ўладзімер Бібік. Сваім чалавека у падчарнобыльлі яго лічаць і БНФ, і АГП. Яму слова.


– Я адношуся да “бунтаўшчыкоў” – да тых, каго ў свой час улады баяліся, калі змагаліся на пачатку Чарнобыля за свае правы. У нас высыпаўся ёд-131. Спрабавалі тармазіць актыўнасьць, але мы стаялі на сваім. Чалавек шэсьць тады было тут самых-самых, аднак неўзабаве пачалі даваць кватэры ў Берасьці, яшчэ недзе – карацей, куды далей ссылалі, каб не бунтавалі больш, і я застаўся тут адзін…

Уладзімер Бібік. Зусім хутка ў яго юбілей – 75 гадоў. Большую частку дарослага жыцьця пражыў у Казахстане. Дадому вярнуўся перад самым выбухам на ЧАЭС. Уласны дом сам будаваў ужо пасьля таго, як горад трапіў у радыяцыйную зону. Спадар Бібік на сёньня – адзін зь нямногіх “легальных”, як ён жартуе, апазыцыянэраў у Нароўлі. Сваім чалавека у падчарнобыльлі яго лічаць і БНФ, і АГП.
“Мы ўжо нічога не баімося – перабаяліся. Нам ужо розьніцы няма: што будзе, тое й будзе”.

Чарнобыльская катастрофа ад самага пачатку афіцыйнымі ўладамі называлася “аварыяй”. Кшталту такой, якія здараюцца ў паравых кацельнях. Ну бухнуў кацёл, вылецела пара ў паветра – што зробіш, маўляў, бывае. Гэтая яшчэ савецкая схільнасьць да затойваньня інфармацыі пра наступствы надзвычайнага для ўсяго сьвету здарэньня у постсавецкай Беларусі атрымала новае, з дазволу сказаць, разьвіцьцё.

Практыка замоўчваньня ідэолягамі сапраўдных маштабаў і наступстваў і спарадзіла напачатку 1990-х стыхійныя страйкі й мітынгі. Жыхары Гомеля аўтобусамі выправіліся тады ў Маскву, каб патрабаваць ад тагачаснага савецкага ўраду абароны ад Чарнобылю, аздараўленьня сваіх дзяцей.

Быў прыняты закон “Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС”, распрацавана дзяржаўная праграма з мэтай зьмяншэньня наступстваў Чарнобылю. Пацярпелае насельніцтва атрымала сацыяльныя льготы.

Але ад 1995-га году ўсе, так бы мовіць, чарнобыльскія заваёвы пачалі крок за крокам скасоўваць. Указамі адмянялі законы. На зьмену прыйшла дзяржаўная рыторыка: якая тут радыяцыя?! Хочаце жыць – жывіце! Хочаце сеяць – сейце!

Былы дэпутат Гомельскага гарсавету Андрэй Толчын кажа на гэта:
ідэолягі - нічога не вырабляюць, а толькі дураць людзям галаву...

– У нас ёсьць такая катэгорыя людзей, якія рот закрыюць – і працоўнае месца прыбранае. Гэта – ідэолягі. Яны нічога не вырабляюць, а толькі дураць людзям галаву. Яны езьдзяць у чарнобыльскія раёны і распавядаюць, як добра там жыць. І ўжо ня трэба плаціць людзям грошы, бо ўсё ж добра. Вы добра сябе адчуваеце, добра жывяце, бо тэрыторыя лічыцца чыстай.

За апошнюю пяцігодку паводле ўрадавых пастаноў звыш двухсот паселішчаў, уключна з такімі гарадамі, як Калінкавічы, Жлобін, Рагачоў, пераведзеныя з заражаных радыяцыяй тэрыторыяў у менш заражаныя альбо цалкам чыстыя.

Шмат хто паддаецца агульнаму настрою – не аптымізму, а хутчэй абыякавасьці. Як, напрыклад, гамяльчанка Валянціна:

– Радыяцыя гэтая…Мы ўжо нічога не баімося – перабаяліся. Нам ужо розьніцы няма: што будзе, тое й будзе.

У краіне перасталі ўсур’ёз займацца праблемамі чарнобыльскай бясьпекі. Радыяцыя распаўзаецца. Яна дзейнічае на псыхіку, на розныя органы чалавека.

Шматдзетная маці Сьвятлана зь вёскі Чыстыя Лужы Веткаўскага раёну:
радыяцыя ёсьць, і, пэўна, немалая ...

– Павялічана шчытавідка ў дзяцей – у сына і ў дачкі. Іх у школе правяралі, праходзілі мэдычны дагляд. Два разы езьдзілі ў санаторый. Здавалася, паменшыліся, а потым зноў павялічыліся залозы. І вось кажуць, што тут няма радыяцыі, што ў нас чыстая зона. На самай справе ёсьць, і, пэўна, немалая.

Гаспадыня кажа, што прадукты харчаваньня яна не правярае. Трэба ехаць у Ветку альбо Гомель. На гэта бракуе часу:

– Правяраюць малако. Кажуць, малая радыяцыя ці без радыяцыі. Лісічкі летась бралі ў лесе. І мужык хадзіў, і іншыя. Кажуць, няма радыяцыі. Хто вазіў у Гомель, дык сказалі, што ёсьць крыху радыяцыі. Я сама ні разу не вазіла – іншыя зь вёскі дык езьдзілі. Гэта найбліжэй у Ветку. Але мне й сюды няма калі – я без выхадных працую. Даводзіцца есьці, што вырошчваеш.

Тутэйшы люд з большага прызвычаіўся да розных нечаканасьцяў. Радыяцыйная сытуацыя не выглядае цяпер нечым экстрэмальным. На радыяцыйных землях сеюць збожжа, бульбу, іншыя культуры, не зважаючы, што, напрыклад, у тым жа Хойніцкім раёне практычна ўсё збожжа заражанае стронцыем.

Нават некаторыя навукоўцы ня бачаць у радыяцыі асаблівай бяды.

Меркаваньне навуковага супрацоўніка Інстытуту радыялёгіі Аляксея Самусева, які не так даўно распавёў карэспандэнту “Свабоды”:

– Унось калій – і ўсё будзе ў парадку: цэзій будзе ляжаць у зямлі. Ужо ж прайшло амаль дваццаць тры гады. Амаль адбыўся паўраспад. Ужо ў любым выпадку ў два разы радыяцыя зьмяншаецца, нават калі б мы нічога не рабілі. А мы ж яшчэ контрмеры прымаем. Засталася праблема стронцыю, але ня ўсюды. Калі поле заражана 0,5 кюры на стронцый, то збожжа атрымліваецца у межах дапушчальных узроўняў. Калі дзе вышэй, мясцовыя ўлады павінны іх стрымліваць.

Паводле афіцыйных статыстычных зьвестак, пасьля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі з тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай абласьцей было адселена ў чыстыя зоны больш як 130 тысяч чалавек. Яшчэ 200 тысяч склалі моладзь і вымушаныя перасяленцы, якія пакінулі заражаныя мясцовасьці самастойна. У той жа час 50 тысяч чалавек пераехалі ў радыёактыўныя зоны Беларусі. Ня ведалі, не апасаліся? Ці можа ўлады хаваюць інфармацыю?

Кандыдат навук, сябра аргкамітэту руху “Вучоныя – за бязьядзерную Беларусь” Юры Варонежцаў зазначыў, што інфармацыі ў СМІ наконт Чарнобылю заўважна зьменшылася:

– Калі дзесяць гадоў, нават пяць гадоў таму ў сродках масавай інфармацыі нешта яшчэ можна было прачытаць, што адбываецца ў гэтых раёнах. Публікаваліся некаторыя зьвесткі пра захворваньні, сьмяротнасьць, то цяпер інфармацыі няма. Іх можна атрымаць, зьвярнуўшыся у адпаведныя чарнобыльскія ўправы. Аднак шырокая грамадзкасьць, насельніцтва інфармацыі ня маюць. Таму можна сказаць: так, інфармацыя закрытая, калі яе не распаўсюджваюць. Што датычна зон, то гэта сьмешна – дэкрэтам зону ніколі ня зробіш чыстай.

Камэнтуе Ўладзімер Бібік:

– Дык што: зона перастала адчуваць, што яна – зона?

– З аднаго боку нам крычаць: вось гэта забароненае, вось тое ня ешце, а зь іншага – усе зьбіраюць грыбы там, дзе тое рабіць нельга. Аднак жа робяць! Бо прывыклі да такой закускі… Але ў выніку дадаем сабе дозу.

Не, дзяржава ня дужа заклапочаная зонай.

– У чым тое выяўляецца?

– Страшэнны бюракратызм: фактычна нікуды ня мае сэнсу зьвяртацца са сваімі клопатамі. Хоць галавой разьбі сьценку! Нават для дзіцяці малога ня вырашыш ніякага пытаньня.

– То бок – няма дыялёгу?

– Усё кіраваньне скіраванае на той, каб, ня дай Бог, пра раён не сказалі нешта дрэннае, каб падсапсавалі раённы аўтарытэт – усё мусіць быць толькі ў чыстых яркіх фарбах.

“Каб была дзяржаўная палітыка: “Адмежаваць людзей ад радыяцыі!”, гэта адно, а як “Забыць пра радыяцыю,” –, тады іншае: людзі, жывіце, як хочаце”

На забруджаных радыяцыяй тэрыторыях Магілёўшчыны жывуць каля ста сарака тысяч чалавек. Трыццаць тысяч зь іх – дзеці. Паводле дасьледаваньня Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, на забруджаных тэрыторыях людзі хварэюць у 2,5 разы болей, чым у сярэднім па краіне. І толькі дваццаць працэнтаў дзяцей лічацца здаровымі. У ліквідаваньні наступстваў чарнобыльскай катастрофы ня ўдзельнічаюць замежныя арганізацыі-донары. У Беларусі рэалізуецца толькі адзін праект Сусьветнага банку па рэабілітацыі забруджаных тэрыторыяў. Патэнцыйныя донары адмаўляюцца працаваць у нашай краіне празь недасканаласьць беларускага заканадаўства. Аднак ці ведаюць у зоне пра гэтыя ды іншыя распаўсюджаныя празь інтэрнэт зьвесткі?

Каб ведаць праўду, трэба валодаць інфармацыяй. Яе адсутнасьць прыводзіць да скажэньня праўды. У жыхароў Магілёўшчыны інфармацыі пра наступствы Чарнобыля ня шмат. Улада яе даносіць да людзей кавалкамі. Пра радыяцыйную трагедыю згадваюць толькі на яе чарговую гадавіну.

У самым забруджаным радыяцыяй раёне Магілёўшчыны – Краснапольскім – жыве крыху болей за трынаццаць тысяч чалавек. У тамтэйшага жыхара спадара Аляксандра цікаўлюся, што кажуць пра Чарнобыль, радыяцыю ды небясьпеку ад яе.
Па грыбы ходзяць, па ягады ў тыя ж зоны дзе і па сорак кюры, і пяцьдзесят, і шэсьцьдзесят ...

– Наагул нічога ня кажацца. Практычна нічога. Згадваюць хіба на гадавіну Чарнобыля. А так – жывуць людзі й жывуць. Па грыбы ходзяць, па ягады. У тыя ж зоны дзе і па сорак кюры, і пяцьдзесят, і шэсьцьдзесят. І знакаў тых няма “Асьцярожна радыяцыя”. Нікому да гэтага й справы няма. Час прайшоў – усё загладзілася нібыта. Ну, хварэюць людзі, дык тое ж не афішуецца, – адказвае спадар Аляксандар.

Суразмоўца цьвердзіць, што праўды пра наступствы Чарнобыля ня кажуць, а змушаюць людзей пра небясьпечныя наступствы забыцца:

– Калі б была дзяржаўная палітыка: “Адмежаваць людзей ад радыяцыі”, гэта адно, а як дзяржаўнае палітыка: “Забыць пра радыяцыю” –, тады, людзі, жывіце, як хочаце. Ніхто пра гэта ня згадвае, таму і й забылі пра гэта. Згадваюць толькі, калі пачынаецца рак.

Каб спраўдзіць меркаваньне спадара Аляксандра тэлефаную ў краснапольскую раённую газэту “Чырвоны сьцяг”. Ці актуальная для газэты Чарнобыльская тэматыка, пытаю ў прадстаўніцы рэдакцыі. Актуальная, заяўляе яна:

– Што я вам буду пералічваць нешта, гартаць падшыўку, нешта тлумачыць. У аднаго пункт погляду адзін, у другога другі. Гэта ж, самі разумееце, не аб’ектыўнае меркаваньне аднаго чалавека.
Што гаварыць пра гэты Чарнобыль, пра яго й так нагаварылі ўжо...

– Што гаварыць пра гэты Чарнобыль, пра яго й так нагаварылі ўжо, – заяўляе старшыня Краснапольскага раённага савету Мікалай Трубчык. – Ну гэта і так зразумела, што ня добра. Гавораць праўду цяпер. Ёсьць і кніжкі, і брашуры, ну, чытаем іх, вывучаем. Гэта не забываецца. І вёскі адселеныя, і людзі. Сум па радзіме і ўсё такое.

Што да літаратуры на чарнобыльскую тэматыку, то, паводле супрацоўніцы магілёўскай гарадзкой бібліятэкі, яе не хапае:

– Мы па кроплі зьбіраем матэрыял. Хацелася б, канечне, больш менавіта пра тое, як выжыць пасьля Чарнобыля з мэдычнага пункту гледжаньня – як сябе весьці менавіта ў нашых сёньняшніх умовах, з нашай экалёгіяй. Выходзілі некалі кніжкі “Наступствы Чарнобыля”, “Фон Чарнобыля”. Яны карыстаюцца дагэтуль попытам.

Магілёўскі мэдык Тадэвуш Антонавіч пагаджаецца, што цяпер людзі менш абазнаныя ў чарнобыльскіх пытаньнях і ня маюць цэласнага ўяўленьня пра радыяцыйную небясьпеку:

– Інфармацыі ў свой час было шмат. Гаварылі аб агульных праблемах. Часам супярэчылі адзін аднаму. Іншае справа, што цяпер гэта ўсё прыціхла. Нібыта ўжо праблема не такая ўжо страшная. Грошай стала менш выдзеляцца. Адмянілі некаторыя льготы.

Праўда пра Чарнобыль скажацца, бо праблемамі яго наступстваў займаюцца дылетанты. Яны ня ведаюць, што рабіць, таму ім выгадна, каб людзі забыліся пра Чарнобыль, – заяўляе старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтар падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў” Іван Нікітчанка:

Іван Нікітчанка
– Праблему апусьцілі, і яна яшчэ так адаб’ецца на беларусах, што доўга будуць пра яе памятаць. Нас жа няма ўжо 672 тысячы ў параўнаньні з 1993 годам. Любыя дозы радыяцыі працуюць па адной схеме – паражаецца арганізм чалавека і канцоўка адна – скарачэньн тэрміну жыцьця й хваробы.

Камэнтуе Ўладзімер Бібік:

– Каб выжыць – трымаюць у Нароўлі гародзікі, хлеўчукі з жыўнасьцю?

– Ямо свае бульбу, гуркі, памідоры… А чаму й не, як Нароўлю зрабілі “чыстай зонай”? А вось каровы з парсюкамі не ў асаблівай пашане: дужа цяжка і нявыгадна іх трымаць – не стварылі вэртыкальнікі, у адрозьненьне ад Украіны, адпаведных умоваў.

– А ці спрабавалі вы замерыць сваю нібыта чыстую прадукцыю? Або я дарма ўжываю тут слова “нібыта”?

– Не, не дарма… У мяне прапаў дазіметар. Аднак ёсьць кантроль у санэпідстанцыі. Грыбы, якія мы зьбіраем, яна спрэс забараняе, аднак людзі не зьвяртаюць на тое ўвагі. Ну а бульбу, напрыклад, дазваляюць есьці – кажуць, яна чыстая. Аднак ніхто асабліва правяраць прадукты да іх ня ходзіць. Я вам так скажу: як туды зьвяртацца, дык застанесься галодным…

– Чаму?

– Абавязкова многае будзе забракаванае…


“Пад плянуемай АЭС жыве фактычна аўтахтоннае насельніцтва. Гэты пласт аўтэнтычнасьці, беларускмоўнасьці, станцыяў умомант размые”

Што значыць сёньня – праз 23 гады пасьля катастрофы – Чарнобыль для сучаснай моладзі, ці ўспамінае яна пра 1986-ы, ці баіцца па-ранейшаму наступстваў трагедыі? Як, у прыватнасьці, моладзь Горадні ставіцца да таго, факту, што ўлады пачынаюць будаваць атамную станцыю ў іх вобласьці — у Астравецкім раёне? Ці хапае ім інфармацыі пра ўчорашнія ўрокі і заўтрашнюю патэнцыйную небясьпеку?

Гісторык Андрэй Вашкевіч:

– Я пачну, напэўна, з пытаньня пра Астравецкую атамную станцыю. Канечне, гэтае мяне турбуе, у першую чаргу тым, што Астравеччына — адзін з самых экалягічна чыстых і пэрспэктыўных у пляне разьвіцьця турызму раёнаў у Беларусі. Больш за тое, Астравеччына — раён, вельмі чысты ў этнаграфічным сэнсе. Там ніколі не было буйных прадпрыемстваў, вайсковых базаў, і там жыве фактычна аўтахтоннае насельніцтва. Калі пачнецца будаўніцтва станцыі, то гэты пласт аўтэнтычнасьці, беларускмоўнасьці, ён будзе размыты умомант. Тое самае тычыцца й экалёгіі, як бы ні гаварылі, што АЭС сёньня экалягічна вельмі бясьпечныя, але па суседзтву з атамнай станцыяй людзі наўрад ці захочуць адпачываць, тым больш замежныя турысты. А яна — усяго тры дзесяткі кілямэтраў ад Нарачы.

А што Андрэй Вашкевіч думае пра чарнобыльскую АЭС?

– Выдатна ведаю, як арганізоўваюцца “дні інфармаваньня насельніцтва”, што датычыць энэргетычнай бясьпекі: у школах проста загадваюць расказваць менавіта аб бясьпецы атамнай энэргетыкі. І каб нехта пачаў бы чытаць, скажам, “Чарнобыльскую малітву” Сьвятланы Алексіевіч, то ў яго былі б праблемы на працы. Таму такой памяці пра Чарнобыль сёньня па сутнасьці няма, гэта, на жаль, ужо ня чыньнік сьвядомасьці людзей.

Студэнтка Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Галя:

– Я яшчэ памятаю, як у школе 26 красавіка цэлая гадзіна прысьвячалася Чарнобылю, расказвалі пра пашкоджаньні, што зона вялікая, і людзей там парктычна няма. А што датычыць унівэрсытэту, то ніяк дыскусій па гэтым пытаньні няма, але інфармацыю можна знайсьці ў інтэрнэце. А тое, што будуецца новая станцыя, то ўсё ж у нейкай ступені краіне гэта неабходна, бо будзе прасьцей і таньней жыць. А што датычыць памылак, якія былі, то варта на іх вучыцца, каб не было раку, іншых захворваньняў, іншых праблемаў у жыцьці людзей.

А ці хапае інфармацыі пра плюсы і мінусы атамных станцый?

– Інфармацыі для грамадзтва не хапае, ніхто не гаворыць, якая можа быць небясьпека. Натуральна, цікавасьць да АЭС узрастае з кожным днём, але зразумець — што да чаго, дастаткова складана. А хочацца ж адпачываць у сваёй краіне, каб было сьвежае паветра, зямля чыстая, і грыбы і ягады — свае і смачныя.

Малады прыхільнік новай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Янка Лялевіч:

– Датычна чарнобыльскай тэмы, то цяперашнюю моладзь яна мала турбуе. І думаю, што для сучаснага грамадзтва, у прыватнасьці ў Горадні, гэтая тэма сёньня малаактуальная. Яна ўзгадваецца выключна каляндарна, як “дзень нафтавіка” і з нагоды “Чарнобыльскага шляху” у Менску. Дзякуй Госпаду, я ў меншай ступені адчуў наступствы чарнобыльскай аварыі, таму не скажу, што мяне “гложа” гэтая тэма. Ня тое, што ня хочацца гэта ўспамінаць, але я думаю, што тэма гэтая, на жаль, людзей кранае ўсё менш і менш. Таксама і таму, што ў пляне радыеактыўнасьці яна адступае, хаця наступствы пазьней яшчэ будуць пра сябе нагадваць. А тое, што атамная станцыя будзе на Гарадзеншчыне, мяне гэта ў меншай ступені засмучае, таму што я хутчэй за атамную, чым за гідраэлектрастанцыю.

А Гарадзенская ГЭС, як вядома, будуецца цяпер на рацэ Нёман непадалёк ад Горадні.

Камэнтуе Ўладзімер Бібік

– …Галоўнае – тут ня можа быць нічога дрэннага! Выставіць яго папросту не дапусьцяць. Перакрыюць кісларод тым жа пісьмовым скаргам на любы верх. А калі і даляціць нешта ў Менск, дык адтуль усё вяртаецца ў кабінэты, на якія якраз людзі і скардзяцца.

– А мясцовая прэса?

– Ай, пра што вы?! І гамонкі няма. Я некалькі разоў спрабаваў адкрыта размаўляць з рэдактарам, дык у адказ: “Мы – орган Нараўлянскага райвыканкаму! Яны нам плоцяць грошы і робім тое, што скажуць”.

– Дык ёсьць жа яшчэ “абраньнікі народныя”, саветы…

– Гэта – фактычная намэнклятура кіраўніцтва тутэйшага. Ніхто з дэмакратаў у нашым раёне не пралезе туды ні за якія грошы. Ні пры якіх умовах.

– І дэпутаты маўчаць пра чарнобыльскую праблематыку?

– У нейкую там палату ад нас нехта зь Ельскага раёну, дык ня бачым…

– Маўчыць?

– Так – і ня бачым, і ня чуем…

Уплыў вэртыкалі вельмі нэгатыўны: народ “з’абыякавіўся”… Хіба ці ня ўшчэнт…Маўляў, нібыта нічога і не здарылася, не было ніякай навалы. І цяпер людзі проста імкнуцца хоць нейкім чынам выжываць. А ня жыць… Ні рыба, ні мяса. Або інакш: нібы прэсная вада…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG