Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 красавіка а 12-й гадзіне ад пляцоўкі ля будынку Акадэміі навук пачнецца “Чарнобыльскі шлях”. Арганізатары прагназуюць, што ў акцыі могуць узяць удзел каля трох тысяч чалавек.

Сябры аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” адхілі прапанаваны ўладамі маршрут акцыі. Удзельнікі шэсьця зьбяруцца ля Акадэміі навук. Адтуль ланцугом, адзін за адным, яны пройдуць па ходніках праспэктам Незалежнасьці да плошчы Якуба Коласа. А потым вуліцаю Веры Харужай — да Чарнобыльскай капліцы, дзе адбудзецца мітынг. Паводле сябра аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху”, намесьніка старшыні партыі БНФ Віктара Івашкевіча, пакуль улады не прымалі нейкіх захадаў, каб перашкодзіць правядзеньню акцыі.

Віктар Івашкевіч
“Напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі ў Празе 7 траўня нікому, у тым ліку ўладам, ніякіх скандалаў не трэба. Таму, я думаю, што адміністрацыйна, нейкім арганізацыйным чынам улада ня будзе перашкаджаць правядзеньню „Чарнобыльскага шляху“. Можа быць, што ланцуг міліцыянтаў выстраіцца на шляху калёны і скажуць: туды не ісьці. Прарываць ланцугі мы не зьбіраемся. Але будзем мірна ісьці ў бок Чарнобыльскай капліцы. Арганізатары разьлічваюць на тое, што ўлады са сваіх мэркантыльных інтарэсаў ня будуць наладжваць дэманстрацыю сілавых мераў”.

Напярэдадні супрацоўнікі міліцыі Фрунзенскага раёну Менску спрабавалі ўвайсьці ў кватэру актывісткі “Моладзі БНФ” Насты Александровіч. Яны хацелі, каб Наста падпісала заяву, што ня будзе браць удзелу ў несанкцыянаваным шэсьці 26 красавіка. Моладзевы лідэр Яўген Афнагель адзначыў:

Яўген Афнагель
“Было спакойна і перад Днём Волі, але непасрэдна перад самой акцыяй людзей затрымлівалі, некаторых вывозілі ў лес. Таму не выключаю, што заўтра могуць быць нейкія захады, каб не дапусьціць некаторых актывістаў на акцыю”.

Рыхтуецца адмысловае аздабленьне акцыі, якая сёлета, паводле Віктара Івашкевіча, будзе не жалобнай, а пратэстнай.

“Пратэстнай, супраць дзеяньняў уладаў, якія адхіляюць грамадзянскую супольнасьць ад вырашэньня пытаньняў, якія хвалююць грамадзянаў Беларусі — і чарнобыльскіх, і эканамічных, і палітычных. Галоўная праблема сёньняшняй сытуацыі, як і было гэта падчас чарнобыльскай катастрофы, гэта тое, што ўлада не кантралюецца грамадзтвам. Мы патрабуем гарантый кантролю за дзеяньнямі ўладаў з боку грамадзтва”.

Адзін з моладзевых лідэраў Артур Фінькевіч паведаміў, што частка дэманстрантаў паспрабуе прыйсьці на акцыю зь лёзунгамі супраць будаўніцтва беларускай АЭС.

Артур Фінькевіч
“Да гэтага, па першае, грамадзтва абсалютна не гатовае. Я сумняюся, што для Беларусі гэта можа быць эфэктыўна, экалягічна абгрунтавана. Калі гэтая АЭС фактычна адразу будзе належаць Расеі й залежаць ад паставак расейскіх кампанэнтаў. І куды дзяваць тыя ядзерныя адкіды, якія будуць пасьля вытворчасьці электраэнэргіі? Мы паспрабуем чарговы раз нагадаць усім беларусам, што цяпер насамрэч ёсьць такая праблема, што беларускія ўлады, нягледзячы ні на што, працягваюць будаўніцтва АЭС. Расейскія экспэрты, расейская АЭС на беларускай тэрыторыі — гэта абсалютна нікому не патрэбна”.



Заяўнікі акцыі адразу прапаноўвалі маршрут, каб ісьці калёнай. Яны заявілі, што вуліца Сурганава, якую звычайна прапаноўваюць дэманстрантам улады, з-за рэканструкцыі непрыдатная для маршу. 21 красавіка Менгарвыканкам прапанаваў іншы маршрут: ад Акадэміі навук вуліцай Хмяльніцкага, потым вузкай дарожкай паралельна вуліцы Сурганава, а адтуль да капліцы. Аднак арганізатары прыйшлі да высновы, што гэты маршрут не дазваляе ўдзельнікам акцыі прадэманстраваць сваю пазыцыю. Яны вырашылі ісьці па ходніках у бок плошчы Якуба Коласа ланцугом, адзін за адным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG