Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ордэн Свабоды - Андрэю Кіму і Івану Шылу


Сёньня ў францускім Страcбуры пачаўся ІІ кангрэс новай беларускай дыяспары.

Кангрэс сабраў беларускую моладзь з Бэльгіі. Нямеччыны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Злучаных Штатаў. З 40 удзельнікаў кангрэсу траціна — палітыкі і грамадзкія дзеячы зь Беларусі, сярод іх лідэр Руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, кіраўнічка камітэту абароны палітрэпрэсаваных Іна Кулей, рэдактар БДГ Пётар Марцаў, сустрашыня БХД Аляксей Шэін, сябра палітрады АГП Вольга Карач, была палітвязень Андрэй Кім.

Першы кангрэс маладога пакаленьня дыяспары прайшоў год таму ў Таліне. Сёлетні кангрэс адбываецца напярэдадні праскага саміту “Ўсходняга партнэрства”. Як скарыстаць магчымасьці, якія адкрывае гэтая эўрапейская ініцыятыва перад грамадзкімі арганізацыямі і актывістамі , ў тым ліку і ў дыяспары — гэта галоўная праблема, якую абмяркоўваюць удзельнікі кангрэсу.

Яго арганізатарамі выступілі міжнародная супольнасьць “Трэці шлях”, Беларускі міжнародны рух і Рада Эўропы. Сымбалічна, што кангрэс беларускай дыяспары адбываецца ў кілямэтры ад будынку, дзе разьмяшчаюцца статутныя органы аб’яднанай Эўропы.

Ставіць эўрапеізацыю Беларусі ў цэнтар сваіх высілкаў заклікаў удзельнікаў кангрэсу Аляксандар Мілінкевіч. На кангрэсе было зачытанае прывітаньне яго ўдзельнікам ад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

У пляне кангрэсу — сустрэча з эўрапарлямэнтарамі й прадстаўнікамі сакратарыяту Рады Эўропы, а таксама ўручэньне “Ордэна Свабоды” найлепшаму моладзеваму лідэру Беларусі 2008 году. Сёлета гэтым ордэнам будуць уганараваныя былы палітвязень Андрэй Кім і лідэр салігорскага “Маладога Фронту” Іван Шыла.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG