Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зрабілі чыстую зону, а працы — няма”


Ацалелая хата ў Халоччы<br />&nbsp;
Ацалелая хата ў Халоччы<br />&nbsp;
На Гомельшчыне ў чарнобыльскіх вёсках, нягледзячы на вялікае адсяленьне, і зараз жывуць сотні сем’яў. Многія вярнуліся на заражаныя тэрыторыі самасёламі, іншыя ў “зоне”, у пакінутых хатах, знайшлі сабе прытулак. Але лёс іх надзвычай няпросты.

Вёску Халочча Чачэрскага раёну афіцыйна адсялілі праз чатыры гады пасьля чарнобыльскай катастрофы. Але паўдзесятка хатаў тут да і зараз застаюцца жывымі.

Распавядае 43-гадовы Мікалай Ісачанка:

“Засталося нас чатыры сям’і: Камісаравы, у Халезьнікавых сын Сяргей. Там далей жыве Маслава з сынам, Гарэлік і жыве Ганжын са сваёй жонкаю. Яны ўсе пэнсіянэры”

Родам спадар Ісачанка зь вёскі Роўкавічы. У Халочча прыехаў, калі ня склалася жыцьцё з жонкаю ў суседняй Расеі. З гаспадаркі ў яго толькі сабака Цімох і кошка:

Мікалай і Сяргей
“Цімоха — нумар адзін, кошка — нумар два. Гэта ўся мая гаспадарка. Жыцьцё з жонкаю ня склалася. Яна ў мяне замежніца, з Расеі, хаця й лічыцца, што ў нас адна саюзная дзяржава. Жонка засталася там, а я ўжо вярнуўся на сваю радзіму, на Бацькаўшчыну. Тут нашы карані, і нікуды мы ня дзенемся ад нашай зямлі. Ежджу за пятнаццаць кілямэтраў на працу, у саўгас “Камінтэрн”.

Саўгас гэты ў суседнім Буда-Кашалёўскім раёне. Занятку бліжэй няма.

Таму сусед Мікалая Сяргей, якому да пэнсіі яшчэ далёка, ходзіць па вёсках. Пэнсіянэрам градку ўскапае, дроў насячэ — каму за грошы. а каму за “чарку і скварку”. Кажа, што радыяцыі няма. І вельмі нудзіцца, што людзей выселілі:

“Тут працы няма — я прыехаў і паехаў. Няма куды людзям уладкавацца. А так бы тут жылі. Радыяцыі ў нас няма, людзей толькі сарвалі зь месца. Тут мы цэглу бралі — няма радыяцыі. Проста сарвалі людзей, бо хтосьці хацеў нажыцца. Калгас быў мільянэрам, і ўсё тут распрадалі”.

Гаспадарка Камісаравых.

Бальшыню хат у Халоччы з прычыны вялікай радыяцыі закапалі ў зямлю. Самасёлы многія памерлі. Летась ня стала Івана Ягніша з жонкай Сьцепанідай. Сёлета памёр Іван Камісараў.

Маладзейшыя вяскоўцы раней занятыя былі ў прыдарожным аўтасэрвісе на шашы Гомель-Магілеў. Але майстэрню зьліквідавалі, і цяпер рэальны занятак можна знайсьці хіба толькі ў абласным цэнтры, да якога з паўсотні кілямэтраў.

Спадзеву на нейкія перамены вяскоўцам няма.

Станіслаў Маслаў: “Кепска. Халочча выселілі, а цяпер ужо зрабілі чыстую зону. Я думаю, што ўжо немагчыма, каб тут праца была. Тут толькі маці мая жыве, і, можа, хутка памрэ, бо гады. А мне трэба шукаць штосьці…”.

На здымках: Мікалай і Сяргей. Ацалелая хата. Гаспадарка Камісаравых. Там, куды “пераехалі” самасёлы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG