Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд за самасуд абскарджвацца ня будзе


Дзяржаўнае абвінавачаньне ня будзе падаваць касацыйны пратэст на прыгавор Гомельскага абласнога суда па справе аб забойстве жыхара вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну.

Такое рашэньне было прынята 24 красавіка, паведаміў БелаПАН дзяржабвінаваўца Андрэй Бондар.

“Нягледзячы на разыходжаньне пазыцый як па кваліфікацыі дзеяньняў вінаватых асобаў, так і па меры пакараньня, бок абвінавачаньня палічыў прынясеньне касацыйнага пратэсту па справе немэтазгодным”, — сказаў Бондар, не канкрэтызуючы.

Прысуд чатыром жыхарам вёскі Пухавічы, якія ўчынілі жорсткае забойства аднавяскоўца, быў вынесены 14 красавіка. Два абвінавачаныя на падставе артыкула 139 Крымінальнага кодэкса пакараны пазбаўленьнем волі тэрмінам на пяць і тры гады, нягледзячы на тое што мінімальная санкцыя артыкула складае восем гадоў пазбаўленьня волі. Яшчэ два саўдзельнікі злачынства прыгавораны да двух гадоў абмежаваньня волі.

Нагадаем, у лютым прэзыдэнт Беларусі заступіўся за арыштаваных і папрасіў суд “ляяльна весьці гэтую крымінальную справу”. Абвінавачаныя сьцьвярджалі, што забілі аднавяскоўца за тое, што той “трымаў у страху ўсю вёску”, тэрарызаваў мясцовых жыхароў і падпальваў падворкі. Дакладных пацьверджаньняў гэтым заявам ні падчас сьледзтва, ні на судовым працэсе пададзена не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG