Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандляры замежнай тэхнікай прагназуюць банкруцтвы


Чыноўнікі Міністэрства эканомікі запэўніваюць: росту коштаў на імпартаваныя спажывецкія тавары ў сувязі з істотным падвышэньнем увознага мыта ня будзе. Аднак гандляры і пастаўшчыкі, перадусім бытавой тэхнікі, упэўненыя: пры такім раскладзе іх лёс практычна вырашаны. Дзясяткі фірмаў могуць спыніць існаваньне ўжо бліжэйшым часам.

Цэнтар гандлю буйнагабарытнай і сярэдняй бытавой тэхнікай на вуліцы Талбухіна ў Менску практычна пустуе. Адрозна ад навагодняга ажыятажу, ніхто ня кінуўся ўкладаць грошы ў тавары, якія неўзабаве падаражэюць на 25-40%. Нагадаю, што прэзыдэнцкім указам № 214 ад 21 красавіка падвышана мыта на шырокі пералік спажывецкіх тавараў. У прыватнасьці, мыта на лядоўні і маразільнікі, а таксама пральныя машыны вызначана ў памеры 25% ад мытнага кошту, на пыласосы — 30%, мікрахвалевыя печы — 40%.

Мэнэджэр Мікалай з аддзелу продажу пральных машынаў сусьветна вядомых брэндаў кажа, што сёньня гаспадар сеткі крамаў праводзіў экстраную нараду, дзе рубам паставіў пытаньне аб выжываньні ў новых умовах. Бізнэсоўца непакоіць перадусім тое, што пастаўшчыкі перастануць пастаўляць тэхніку, якую ніхто ня здолее набываць:

“Так, гэта досыць вялікія лічбы, і
Самымі пацярпелымі будуць звычайныя пакупнікі.
я больш чым упэўнены, што значная частка пастаўшчыкоў папросту перастане існаваць. Але ў любым выпадку найбольш ад гэтага пацерпіць насельніцтва. Самымі пацярпелымі будуць звычайныя пакупнікі. Таму што, на жаль, айчынная тэхніка пакуль не зьяўляецца такой якаснай, як імпартная. Так, людзі будуць вымушаныя купляць беларускае, таму што замежныя аналягі будуць занадта дарагія. Год-два тая ж беларуская пральная машына будзе працаваць нармальна, а пасьля таго як пачне ўсё ламацца, насельніцтва зразумее: ня ўсё так добра, як падаецца”.

Суразмоўца дадае, што актыўнасьць пакупнікоў зьнізілася фактычна ад пачатку году:

“Значна попыт зьнізіўся пасьля абвалу курсу рубля ў студзені. А зараз, зноў жа, пры падвышэньні кошту тэхнікі дзякуючы новаму мыту, ён упадзе яшчэ больш”.

Між тым сёньня на брыфінгу дырэктар дэпартамэнту цэнавай палітыкі
Задача відавочная — стварыць пазаканкурэнтныя ўмовы для беларускіх вытворцаў.
Міністэрства эканомікі Ігар Фамін запэўніў, што значнага падаражэньня спажывецкіх тавараў масавага попыту не адбудзецца, бо аналягі пральных машын ці лядоўняў у дастатковых аб’ёмах выпускаюцца ў Беларусі. Пастаўшчыкі абураныя такой лёгікай, паколькі пры цяперашніх коштах імпартаваныя тавары становяцца недаступнымі не з-за палітыкі замежных вытворцаў, а з-за штучнага ўзьвінчваньня мыта беларускім бокам. Пры гэтым задача відавочная — стварыць пазаканкурэнтныя ўмовы для беларускіх вытворцаў, якія нічога ня могуць супрацьпаставіць замежным вытворцам:

“Вядома, указ сам па сабе досыць лягічны: з аднаго боку, ён патрэбны, бо попыт на беларускую тэхніку ня вельмі добры, а вытворцам трэба выжываць. Зь іншага боку, калі глядзець вачыма гандляра, вачыма спажыўца, то ён шкодны”.

Мэнэджэры продажу бытавой тэхнікі канстатуюць, што і ранейшыя мытныя пошліны ніяк нельга назваць гуманнымі. Аднак ні ў якае параўнаньне з новымі яны не ідуць. Таму імпартная лядоўня для бальшыні патэнцыйных пакупнікоў неўзабаве будзе прадметам раскошы:

“Пошліны былі не такія, але таксама досыць адчувальныя. І зараз, у прынцыпе, замежная тэхніка будзе даступная людзям з досыць высокім узроўнем прыбыткаў. Для сярэдняга клясу, які на сёньня робіцца ўсё меней платаздольным і які складае, напэўна, працэнтаў 90 усяго насельніцтва Беларусі, гэтая тэхніка проста выпадзе. Нічога добрага ў гэтым няма”.

Падчас учорашняй прамовы да беларускага народу і Нацыянальнага сходу Аляксандар Лукашэнка заклікаў пераўтварыць краіну ў адзінае “міністэрства гандлю”, каб любым чынам прадаць заляжалы тавар беларускай вытворчасьці. Атрымліваецца, што гэта будзе рабіцца нават насуперак інтарэсам спажыўцоў.



У адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі цягам бліжэйшых 9 месяцаў мытам у памеры 25-40% ад мытнага кошту будуць абкладацца электратавары (тэлевізары, DVD-плэеры, лядоўні, пральныя машыны, пыласосы, мікрахвалевыя печы і г.д.). У згаданых межах таксама падвышаныя ўвозныя пошліны на драўляную мэблю, прадукцыю дрэваперапрацоўкі, папяровыя вырабы (уключна са шпалерамі), на асобныя катэгорыі тканіны і вопраткі. На паўгода падвышана мыта на імпартаваныя бульбу, цыбулю, капусту, моркву, буракі — у памеры 180% ад мытнага кошту.

XS
SM
MD
LG