Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс да Беларусі дайшоў пазьней, але і стукнуў мацней


Фінансавы аналітык Сяргей Чалы

Фінансавы аналітык Сяргей Чалы

Міжнародны валютны фонд рэзка пагоршыў прагноз наконт стану эканомікі Беларусі ў 2009 годзе. Згодна з надрукаваным аглядам усясьветнай эканомікі, сёлета Беларусь чакае падзеньне ВУП на 4,3%. Яшчэ пры канцы мінулага году, чатыры месяцы таму МВФ і ўлады Беларусі падпісалі мэмарандум, у якім пагадзіліся з больш аптымістычным прагнозам — у 2009 г. прагназаваўся рост ВУП на 1,4%. Госьць Свабоды – фінансавы аналітык, супрацоўнік кансалтынгавай кампаніі "ФорэксЛайн" Сяргей Чалы.

Знаткевіч: На вашую думку, чаму такая даволі рэзкая зьмена прагнозу?

Чалы: Гэта нават зьвязана не зусім зь Беларусьсю: яны ж нядаўна панізілі прагноз для сусьветнай эканомікі. Так што гэта ў рэчышчы агульнасусьветнай тэндэнцыі. Праўду кажучы, абедзьве лічбы напісаныя віламі па вадзе, у іх асаблівых мэханізмаў прагназаваньня няма, проста зь цягам часу робіцца зразумелым, што крызіс глыбейшы, чым чакалася, ён працягнецца даўжэй, і паступова, хутчэй за ўсё, гэтая лічба будзе паніжацца і далей.

Знаткевіч:
То бок на вашу думку, гэта зьвязана выключна з агульным трэндам ва ўсясьветнай эканоміцы, а ня зь нейкімі падзеямі ў Беларусі?

Чалы: Так, гэта проста зьвязана зь недаацэнкай агульнага сусьветнага крызісу.
Мы былі ў палоне ілюзіяў, што нас закране менш...А апынулася, што закранула пазьней, але мацней.

Знаткевіч: А чаму тады менавіта ў Беларусі гэта так зьмянілася ў параўнаньні з папярэднімі прагнозамі – канца мінулага году? Для нашых суседзяў розьніца ж у прагнозах не такая вялікая?

Чалы: Хутчэй за ўсё, проста сапраўды мы былі ў палоне ілюзіяў, што нас закране менш, падобна, што і яны таксама так лічылі. А апынулася, што закранула пазьней, але мацней.

Знаткевіч: А ці маглі на гэтыя прагнозы паўплываць вынікі двух першых месяцаў году, надрукаваныя беларускімі статыстычнымі ворганамі?

Чалы: Несумненна. У МВФ-аўцаў ёсьць такі тэрмін: "раптоўнае спыненьне". Па сутнасьці, у нас эканоміка стала на мяжы году: студзень-люты наогул былі катастрафічнымі. Калі глядзець па тэндэнцыях, то я нават і ў 4 адсоткі ня веру: там добра, калі мы ў 10, калі ня больш, адсоткаў спаду ўпішамся сёлета.

Знаткевіч: Сёньня падчас звароту да Нацыянальнага Сходу Аляксандар Лукашэнка сказаў на адрас кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў: "Спыніце плач. Я казаў ўжо: крызісу ў Беларусі няма". І потым яшчэ сказаў, што Беларусь апошняй увайшла ў крызіс і першай павінная зь яго выйсьці – наколькі на вашую думку, гэта рэалістычны прагноз?

Чалы: Тое, што пазьней увайшла – несумненна, але і выйдзе, зразумела, пазьней. У нас жа рост быў залежны ад усяго астатняга сьвету: мы атрымалі крызіс пазьней за ўсіх, але гэтак жа, пакуль не адновіцца попыт на зьнешніх рынках на нашу прадукцыю, у нас нічога свайго не адбудзецца. Вобразна я б сказаў, што гэта нешта накшталт "мадэлі пугі": крызіс пачынаецца з сэрцавіны сусьветнай эканомікі, але чым далей – ён разыходзіцца па краях, а да нас, у сілу нашай меншай уключанасьці, асабліва па фінансавых рынках, дайшло пазьней, але і стукнула мацней.
Сама эканамічная лёгіка павінна прывесьці да новага вітку дэвальвацыі...

Знаткевіч: Новая эканамічная сытуацыя, у тым ліку прагноз МВФ – ці можа прывесьці да новай дэвальвацыі беларускага рубля?

Чалы: Папраўдзе, ня гэты прагноз павінен прывесьці да новага вітку дэвальвацыі – сама эканамічная лёгіка павінна да гэтага прывесьці. Бо мэтаў не дасягнулі – гэта відавочна: дэфіцыт плацёжнага балянсу дагэтуль прысутнічае, нават расьце. А калі гэты дэфіцыт прысутнічае – гэта значыць, што абменны курс устаноўлены нераўнаважна, і закрываць гэтую дзірку можна толькі двума спосабамі: альбо ростам зьнешняй запазычанасьці, што мы спрабуем рабіць, альбо стратай золатавалютных рэзэрваў. Рана ці позна гэтыя магчымасьці вычарпаюцца, і давядзецца даводзіць дэвальвацыю да больш-менш рэалістычнай велічыні.

Знаткевіч: Ёсьць яшчэ адзін спосаб – гэта зьмяншаць імпарт. Толькі што былі падвышаныя пошліны на імпарт шмат якіх спажывецкіх тавараў, мэблі, харчовых прадуктаў. На вашую думку, ці можна такім шляхам абараніць айчынных вытворцаў, і наколькі гэта дапаможа выправіць адмоўнае сальда гандлёвага балянсу?

Чалы: Я моцна расстроіўся ад гэтага рашэньня. Я спэцыяльна вывучаў некалі вопыт "вялікай дэпрэсіі", дык вось: са звычайнай рэцэсіі дэпрэсія атрымліваецца праз два шляхі: першы – адрасная падтрымка сыстэмастваральных прадпрыемстваў, а другі – пратэкцыянісцкія меры. Сёньня мы атрымалі другую частку галаваломкі, і я думаю, наступствы будуць разбуральнымі для эканомікі.
Нэгатыўных наступстваў ад абароны айчыннага таваравытворцы будзе больш, чым тых вынікаў, якіх спрабавалі дамагчыся...

Знаткевіч: Але “вялікая дэпрэсія” была зьвязаная з тым, што пратэкцыянісцкія меры ўвялі ўсе краіны – наколькі імаверна, што пратэкцыянізмам зоймуцца больш сур’ёзныя эканомікі: Эўразьвяз, ЗША?

Чалы: Тут пытаньне ня ў захадах у адказ, а ў тым, што станоўчы вынік ад абароны айчыннага таваравытворцы істотна меншы, чым нэгатыўныя наступствы ад зварочваньня зьнешняга гандлю ў выніку дэ-факта забараняльных пошлін. То бок, нэгатыўных наступстваў будзе больш, чым тых вынікаў, якіх спрабавалі дамагчыся.

Знаткевіч: Пры канцы красавіка ў Менск мае прыехаць чарговая місія МВФ, якая заслухае справаздачу аб праробленай працы за першы квартал. На аснове гэтай справаздачы будзе прынятае рашэньне, ці выдзяляць Беларусі другую частку крэдыту stand by на 400 мільёнаў даляраў. Як вы лічыце – новыя прагнозы МВФ неяк паўплываюць на сытуацыю з крэдытам ці гэта не зьвязаныя рэчы?

Чалы: Рашэньне аб выдзяленьні ці невыдзяленьні наступнай часткі вызначаецца тым, наколькі добра выконвалася праграма ўраду, якая была ўзгодненая з МВФ. Паколькі асноўныя парамэтры наш урад выканаў, я думаю, асобых праблем з выдзяленьнем наступнага траншу быць не павінна.

Знаткевіч: Наколькі рэалістычна, што Беларусь зможа яшчэ атрымаць нейкія дадатковыя крэдыты, і наколькі гэта можа быць дапамогай для беларускай эканомікі?
Нічога, апрэч крэдытаў, не застаецца, бо з-за крызісу рынкі капіталу практычна закрыты. А гэта вельмі хутка праядаецца і не вырашае пытаньняў...

Чалы: Па-першае, ясна, што нічога, апрэч крэдытаў, не застаецца, бо з-за крызісу рынкі капіталу практычна закрытыя. Асноўныя крыніцы, якія ў нас былі – Расея, МВФ, можа Сусьветны Банк – гэта дастаткова невялікія сумы. Ужо Расея дастаткова неахвотна грошы выдзяляе, ды і наколькі гэта дапаможа? Усё роўна гэта ўсё ў топку: ноч прастаяць ды дзень пратрымацца. Гэта вельмі хутка праядаецца і не вырашае пытаньняў. Адчуваньне, што ў нас спадзяваньне: некаторы час пратрымаемся, нічога не мяняючы, перапазычым, як кажуць, "да палучкі", а потым усё стане на свае месцы, крызіс скончыцца вельмі хутка, і можна будзе жыць як раней. А ён ня скончыцца хутка: ён нават у 2010-м ня скончыцца.

Знаткевіч: Што б вы параілі тым, хто маюць зьберажэньні ў беларускіх рублях?

Чалы: Я думаю, што усе ўжо даўно ўсё зрабілі. Мяркуючы па статыстыцы, тое, што адбывалася у першыя месяцы сёлета – гэта было пераўтварэньне ўкладаў у беларускіх рублях у інвалютныя ўклады, у тым ліку невялікая колькасьць была вынятая і пераўтвораная ў наяўную валюту. Я так разумею, усе ўжо ведаюць, што рабіць.

Знаткевіч: Вы ў 1994 годзе былі аналітыкам у выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі, з 1994 г. па 1998 г. — супрацоўнікам Адміністрацыі Прэзыдэнта (Аналітычны цэнтар, затым Сакратарыят Прэзыдэнта). З вашых тагачасных назіраньняў – наколькі ў прыняцьці рашэньняў Лукашэнка прыслухоўваўся да кансультантаў, увогуле да іншых людзей?

Чалы: Канешне прыслухоўваецца, для чаго ж тады дарадцы? Тут пытаньне ня ў тым, ці прыслухоўваецца ён, а ў тым, што яму прыносяць. Да чаго прыслухоўвацца? На жаль, не засталося тых дарадцаў, якія маглі б паспрачацца з прэзыдэнтам.

Знаткевіч: Наколькі тады можна было данесьці крытычную інфармацыю, і ці былі людзі, якія гэта рабілі?
Велізарны рэйтынг прэзыдэнта можна было выкарыстаць для таго, каб зрабіць вельмі важныя і слушныя рэформы для краіны...

Чалы: Вядома. Я нагадаю: у 95-м годзе была цалкам рэальная антыкрызісная праграма, калі змагаліся з інфляцыяй. У студзені 95-га яна была, здаецца, каля 80% на месяц, і калі рабіліся цалкам лібэральныя крокі, прэзыдэнт – памятаеце – вярнуўся з адпачынку і сказаў вярнуць цэны назад. І ўрэшце яго ўдалося пераканаць, што гэта слушны крок, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта больш слушна, чым нейкія папулісцкія рэчы. Проста тады былі людзі, якія не баяліся спрачацца, а цяпер, на жаль, такіх людзей не засталося.

Знаткевіч: Вы не шкадуеце, што працавалі ў камандзе Лукашэнкі ў той час, калі закладаўся падмурак цяперашняй сыстэмы, у тым ліку мянялася канстытуцыя, фактычна скасоўваўся падзел уладаў?

Чалы: Не, я не шкадую, бо быў велізарны цікавы вопыт. У прынцыпе, рэфэрэндум 95-га яшчэ цалкам адпавядаў таму, што кандыдат у прэзыдэнты абяцаў у перадвыбарчай праграме.

Знаткевіч: Але там была і галадоўка дэпутатаў у залі Парлямэнту?

Чалы: Ну, яна не была зьвязаная з рэфэрэндумам...

Знаткевіч: Ну, як жа? Яны пратэставалі супраць рэфэрэндуму!

Чалы: Хвіліначку! Рэфэрэндум 95-га году -- гэта чалавек выконваў свае перадвыбарчыя абяцаньні...

Знаткевіч: Але ж у яго не было абяцаньняў зьбіваць дэпутатаў у залі парлямэнту!...

Чалы: Гэтага не было, канешне... Але я зараз гавару канкрэтна пра рэфэрэндум...

Што да рэфэрэндуму 96-га, то так, у мяне ўзьнікалі пэўныя пытаньні, асабліва калі мяне да яго прыцягнулі яшчэ калі не было тэксту Канстытуцыі. Прыкладна ў той час і зьявілася рашэньне адтуль сысьці, і апошняй кропляй быў Указ 98-га году аб залатой акцыі. А мы якраз у той час у працоўнай групе займаліся тым, што пісалі інвэстыцыйны кодэкс. Дастаткова хутка стала зразумела, што каштоўнасьць гэтай працы роўная абсалютнаму нулю, а які сэнс займацца бессэнсоўнай дзейнасьцю?

Знаткевіч: На які адсотак, пакуль былі ва ўладзе, вы здолелі рэалізаваць свае надзеі, зь якімі вы ішлі ў 94-м у каманду Лукашэнкі?

Чалы: Па-першае, будзем шчырымі: выбары 94-га не былі сфальшаванымі. І тыя лічбы, якія наш кандыдат атрымаў, былі сумленнымі. Таму калі цяпер некаторыя кажуць, што ім ужо тады было ўсё зразумела – канешне, гэта ня так. Тое, што атрымалася, не было перадвызначана. Нейкія людзі цягнулі сытуацыю ў адзін бок, нейкія ў іншы – напэўна, мы прайгралі: тыя, хто бачылі ў нашым прэзыдэнце некага накшталт беларускага Валэнсы. А такія задаткі на самой справе былі. Ягоны велізарны рэйтынг можна было выкарыстаць для таго, каб зрабіць вельмі важныя і слушныя рэформы для краіны, і 95-ы год гэта паказваў, прыкладна да восені.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG