Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Хай бы пераапрануўся ў жабрака і прайшоўся па вуліцах”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 24 красавіка, пятніцу.

Аляксандар Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланьнем да Нацыянальнага сходу і народу Беларусі. Камэнтары слухачоў.

Спадар: “Паважаная “Свабода”! Праслухаў учорашнюю прамову Лукашэнкі. Як і заўсёды: эмацыйнае выгароджваньне, фальш. Я і не чакаў лепшага. За пазыкі, узятыя з Усходу, Захаду, а таксама сыравіну, што прадаецца за мяжу, і дурань будзе жыць. А што чакае нас заўтра? А тое, што Лукашэнка сёньня адной нагой на Ўсходзе, другой на Захадзе, дык гэты танец можа не спадабацца ні аднаму, ні другому”.

Апазыцыйная пэнсіянэрка: “Ён кажа, як нам добра жыць зараз, а як будзе добра заўтра? Народ ужо плюецца. Ён хай бы пераапрануўся ў жабрака і прайшоўся б па вуліцах і спытаў: “Людзі, як вам жывецца?”. Ён бы зразумеў, што яго гэтае мянташаньне языком, што ягонае гэта ўзбраеньне ні да чога добрага не давядуць”.

Спадар: “І тут прамоўца не ўстрымаўся ад абразы ў бок апазыцыі: “шарлатаны, адшчапенцы і адмарозкі — гэта не апазыцыя, гэта ворагі народа” — прагучала ў прамове. Але ж гэтыя непрыемныя словы паказваюць сутнасьць улады, паноўнай на Беларусі. Асобам такога рангу не да твару кідацца такімі словамі”.

Спадарыня: “Калі прэзыдэнту няма чаго прапанаваць свайму народу, то самы час патрабаваць, каб гэты народ працаваў суткамі. Тады ў яго ня будзе часу думаць і разважаць”.

Наступныя выказваньні — з нагоды запрашэньня Аляксандра Лукашэнкі на саміт кіраўнікоў краін праграмы “Ўсходняе партнэрства”, які адбудзецца ў Празе.

Лапіцкі: “Паважанае радыё “Свабода”! Ахвяры палітычных рэпрэсій Менску зьвяртаюцца да прэзыдэнта Рэспублікі Чэхія з заклікам забараніць уезд у яго краіну Аляксандру Лукашэнку як нелегітымнаму прэзыдэнту Беларусі”.

Спадарыня: “Прозьвішча “Лукашэнка” ўжо ўнесла разлад у Эўразьвязе — таго і глядзі, ён разваліцца з прычыны нежаданьня многіх прэзыдэнтаў дзяржаў Эўразьвязу размаўляць зь беларускім дыктатарам”.

Далей слухач задае пытаньне.

Валер Бірыла: “Вось ужо амаль 20 гадоў у Беларусі дзейнічае праваабарончая арганізацыя “Беларускі Хэльсынскі камітэт”. Ці быў хоць адзін выпадак, калі БХК рэальна дапамог людзям, вёўшы суправаджэньне юрыдычнае ўнутры краіны, а затым давёўшы да міжнародных арганізацый?”

Адказвае намесьніца старшыні праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Тацьцяна Гацура:

“Па-першае, быў не адзін выпадак, калі БХК ратавала жыцьці людзей. А па-другое, ёсьць справаздачы па канкрэтных справах ва ўсіх раёнах Беларусі. І на сайце БХК разьмешчаная справаздача за 2008 год. Там можна прачытаць пра многія канкрэтныя прыклады справаў”.

Наступныя тэлефанаваньні — з нагоды выказваньняў слухачоў “Свабоды”:

Яцкевіч, Віцебск: “Вітаю, паважаная “Свабода”! Вельмі цікава, як адна слухачка, прабачце, аж зь пенай каля рота назвала паліцаямі слухачоў, ды як яна гатова ісьці на барыкады. Я хачу адказаць ёй некалькімі ёмістымі фразамі: барыкады можаце толькі зь дзедам зрабіць”.

Спадар: “Я ня згодны з гэтым слухачом, у якога яшчэ застаўся ў галаве савецкі вірус. Ён хваліць, што за саветамі былі бастонавыя гарнітуры, усяго і паўсюль. Ды немагчыма было набыць нават целагрэйку, чарга па хлеб была!”

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я хачу сказаць, як мы жылі за саветамі. За саветамі не было чаго паесьці — гнілая рыба ў крамах, не было чаго надзець. А цяпер мы, як абрынулася савецкая ўлада, хоць трохі жывём”.

Працягваем праграму віншаваньнямі з нагоды дня народзінаў апазыцыйнага палітыка, стваральніка БНФ Зянона Пазьняка.

Пэнсіянэр, Койданава:
“Паважаны Зянон Станіслававіч! Шчыра ад усяе душы віншую цябе з тваім 65-годзьдзем з дня народзінаў. Моцнага здароўя табе, дабрабыту!”

Мішур Іна: “Я хачу павіншаваць Зянона Станіслававіча Пазьняка. Паважаны Зянон Станіслававіч! Віншую вас з днём вашых народзінаў! І мы ўсе спадзяемся, што яшчэ ўбачым вас, шаноўны Зянон Станіслававіч, на нашых трыбунах і пачуем нарэшце праўдзівае слова: Жыве Беларусь!”
XS
SM
MD
LG