Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Антон Русін паведаміў пра візыт людзей у цывільным да яго на працу. Незнаёмцы цікавіліся падрыхтоўкай да вулічных акцый і пагражалі праблемамі на працы сваякам актывіста. Яны прапанавалі хлопцу перад камэрай прачытаць падрыхтаваны імі тэкст. 19-гадовы хлопец прызнаўся, што супрацоўнікі КДБ яго расчаравалі. Раней ён меў уяўленьне пра іх працу з мастацкіх фільмаў.

Актывіст “Маладога фронту” Антон Русін расказаў, што ў абедны перапынак яго выклікалі ў аддзел кадраў. Каля цэнтральнай прахадной авіярамонтнага заводу хлопец убачыў трох мужчын. Яны завялі Антона ў кабінэт, і прадстаўнік заводу пакінуў яго зь незнаёмцамі, сказаўшы, што яму трэба паразмаўляць з “таварышамі”.

Антон Русін: “Кажуць: „У нас ёсьць да цябе пытаньні. Мы будзем табе іх задаваць, а ты будзеш адказваць“. Папрасіў іх прадставіцца, але яны мяне абарвалі, што тут яны задаюць пытаньні. Цікавіліся ўсім. Сказалі, што пра мяне шмат чаго ведаюць. Назвалі прозьвішчы маіх сяброў, цікавіліся лідэрам арганізацыі Зьмітром Дашкевічам”.

Антон лічыць, што яго дапытвалі супрацоўнікі КДБ. Іх вельмі цікавіла падрыхтоўка да акцыі 14 траўня, а таксама асобы некаторых сяброў арганізацыі.

“Цікавіліся акцыяй 26-га. Пыталіся хто за што адказны, у каго сьцягі, хто працуе над сайтам… Больш за ўсё іх цікавіла акцыя “За незалежнасьць” 14 траўня. Я больш маўчаў, а слухаў іх.

Яны размаўлялі па чарзе.
Пагражалі, што створаць праблемы на працы маёй маме, што яе звольняць.
Пагражалі мне праблемамі на працы, маўляў, летам кантракт скончыцца. Казалі, што ня буду працаваць ні тут, ні яшчэ дзе… Нікуды не паступлю. Пагражалі, што створаць праблемы на працы маёй маме, што яе звольняць”.

Людзі ў цывільным прапанавалі Антону даць інтэрвію перад камэрай. Прычым, самому хлопцу на нейкія пытаньні адказваць было б ня трэба.

“Кажуць: “Дасі нам інтэрвію на камэру. Распавядзеш пра фронт, кіраўнікоў. Каб я казаў, што цяпер нібыта шкадую, што стаў сябрам такой арганізацыі. Сказалі, што самі напішуць мне тэкст і скажуць, што і як трэба казаць. Я ад гэтага адмовіўся і яны мне зноў сталі пагражаць”.

Антон расказаў, што ўяўляў супрацоўнікаў КДБ не такімі.

“Я думаў, што супрацоўнікі Камэту дзяржбясьпекі працуюць больш тонкімі мэтадамі. А гэта было настолькі прымітыўна, што я нават зьдзівіўся. У мяне было ўяўленьне пра супрацоўнікаў КДБ было з мастацкіх фільмаў. Ня думаў, што яны могуць настолькі бяздарна працаваць.

Думаю, што яны мне не прадставіліся таму, каб я не паскардзіўся іх кіраўніцтву, што яны працуюць такімі мэтадамі. Думаю, што яны мусілі працаваць больш узважана, а не ў такой форме“.

Моладзевыя актывісты час ад часу сутыкаюцца з прадстаўнікамі спэцслужбаў на працы, вучобе і ў ваенкаматах. У 2005 годзе маладафронтаўцы, выходзячы з офісу зьліквідаванай потым Мін’юстам партыі “Народная грамада”, сутыкаліся з маладымі людзьмі ў цывільным ў двары дому. Тыя пагражалі юнакам і дзяўчатам сур’ёзнымі праблемамі ў жыцьці, але ў выпадку згоды на супрацоўніцтва абяцалі дапамогу на вучобе, кар’ерны рост і нават атрыманьне грошай і кватэры.

Тады маладафронтаўцы надрукавалі на сваім сайце нумары тэлефонаў гэтых супрацоўнікаў КДБ, іх пасады і нумары кабінэтаў, у якіх тыя працавалі. У выніку маладыя людзі з “ксівамі” зьніклі з двара дому.

Летась студэнтаў, якія вучацца па праграме Кастуся Каліноўскага, выклікалі ў ваенкаматы, дзе іх чакалі для размовы людзі ў цывільным. Сёлета непаўналетніх школьнікаў наведалі службісты на вучобе й паразмаўлялі зь імі ў адсутнасьць бацькоў. Яшчэ некалькі студэнтаў выклікалі на “прафіляктычныя” размовы ў дэканаты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG