Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве гадзіны цягнулася сёньня ў Авальнай залі штогадовае пасланьне кіраўніка Беларусі да парлямэнту і беларускага народу. Разам зь іншымі журналістамі я слухаў пасланьне кіраўніка дзяржавы ў прэсавым цэнтры Палаты прадстаўнікоў. Адразу пасьля яго заканчэньня трансьляцыю з Авальнай залі адключылі. Таму пра тое, што было далей, магу казаць толькі са словаў калегаў, якія ўваходзяць у прэзыдэнцкі пул і ўвесь час знаходзіліся ў Авальнай залі.

СЛУХАЦЬ:


Аляксандар Лукашэнка сказаў, што гатовы адказаць на пытаньні дэпутатаў. Аднак ніхто з прысутных да яго не зьвярнуўся. І тады кіраўнік дзяржавы адказаў на тыя пытаньні, якія да яго паступілі ў пісьмовым выглядзе раней. Яны тычыліся павелічэньня пэнсіяў, ільготнага праезду ў электрычках у дачны пэрыяд і зьмяншэньня ставак крэдытаў на будаўніцтва жыльля.

Лукашэнка сказаў, што даў ураду загад пралічыць магчымасьці льготнага праезду. Асабіста ён схіляецца да ўвядзеньня 50% льготы. А пералік пэнсіяў у краіне будзе толькі тады, калі рост заробкаў дасягне 115% да ўзроўню папярэдняга пераліку. Кіраўнік дзяржавы пагадзіўся з тым, што працэнты па крэдытах на пабудову жыльля ў памеры 25% “непад’ёмныя” і паабяцаў “папрацаваць над іх зьніжэньнем”.

А вось як дэпутаты пракамэнтавалі свае ўражаньні ад выступу кіраўніка беларускай дзяржавы.

Анатоль Глаз
Анатоль Глаз лічыць правільным, што сёньня Аляксандар Лукашэнка, як ніколі раней, шмат казаў пра эканоміку. Дэпутат увязвае такі падыход з сацыяльнымі плянамі:

“Эканоміка — падмурак, на якім трымаецца ўсё разьвіцьцё нашай сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Без эканомікі няма сацыяльнай арыентацыі. Гэта — зразумела”.

Віталь Бусько
Віталь Бусько кажа пра тое, што трэба празь лібэралізацыю эканомікі паляпшаць бізнэс-клімат краіны. Менавіта такі шлях можа вывесьці Беларусь у трыццатку найбольш эканамічна разьвітых краінаў сьвету:

“Маючы перавагі ў геапалітычным пляне, маючы, з аднаго боку, цэнтралізавана кіраваную прамысловасьць, якая дае высокія валавыя паказьнікі, а з другога боку — аддаўшы прыватнаму бізнэсу больш дробную вытворчасьць і паслугі, мы маем рэальны шанец хутка вырашыць гэтую праблему. Трэба стаць прывабнымі, а прывабнасьць пацягне за сабою і інвэстыцыі. І тады мы ўвойдзем ня толькі ў трыццатку, але, я думаю, нават у дзясятку”.

Сяргей Маскевіч
Сяргей Маскевіч кажа, што ва ўмовах усясьветнага крызісу трэба надзвычай абачліва ўзважваць кожны канкрэтны крок:

“Ёсьць канкрэтныя эканамічныя індыкатары — напрыклад, стан фінансаў. І тут адразу бачная экспартная карціна. Калі мы будзем адчыняць для імпарту шырэй дарогу, то непазьбежная інфляцыя. Але наколькі гэта выгадна? З аднаго боку, гэта зьяўляецца плюсам для актывізацыі дзелавой актыўнасьці. З другога боку, гэта безумоўны мінус. Паколькі тады гэта адчуе ўсё насельніцтва без выключэньня”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG