Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыль. Фотарэпартаж (з архіву Свабоды)


Сяргей Навумчык ля саркафагу

Сяргей Навумчык ля саркафагу

Сёньня саркафаг ужо не зьяўляецца гермэтычнай канструкцыяй — агульная плошча шчылінаў (іх можна ўбачыць на фота) дасягнула 100 квадратных мэтраў.    


Саркафаг чацьвёртага энэргаблёку, пабудаваны ў 1986 годзе, абапіраецца на паўразбураныя сьцены атамнага рэактара. Там — 200 тонаў ядзернага паліва, і ланцуговыя рэакцыі не спыняюцца. З гэтай прычыны тры гады таму, калі быў зроблены гэты фотарэпартаж, нам дазволілі пастаяць ля саркафагу (афіцыйны назоў — «аб’ект «укрыцьцё») толькі 10 хвілін. Тады, у 2006 годзе, тэрмін гарантыі (20 гадоў), скончыўся. Плянавалася, што будзе пабудаваная новая канструкцыя, але цяпер, у 2009-ым, пляны яшчэ застаюцца плянамі.


Гэты ўзровень радыяцыі — адзін з найбольшых у зоне. Пляцоўка, адкуль зроблены здымак, — бліжэйшае да рэактару месца, куды пускаюць наведнікаў. Але ля самога рэактара ўзровень у тысячы разоў вышэйшы. Пад саркафагам цяпер адбываюцца некантраляваныя ланцуговыя рэакцыі, і, што найбольш турбуе навукоўцаў, выходзіць амэрыцый, які значна больш небясьпечны за плютоній ці стронцый. Гэтыя магутныя сьцены толькі на першы погляд выглядаюць як надзейная заслона.


Іржа на сьценах — вонкавае пацьверджаньне таго, што саркафаг не зьяўляецца гермэтычнай канструкцыяй. Агульная плошча шчылінаў сёньня дасягнула 100 квадратных мэтраў. Натуральна, што празь іх ідзе выпраменьваньне. Канструкцыя саркафагу абапіраецца на паўразбураныя сьцены самога рэактара, таму пра надзейнасьць можна казаць умоўна. Сьцены і дах паступова дэфармуюцца. Навукоўцы прагназуюць, што калі саркафаг абрынецца, колькасьць ахвяраў дасягне 300 тысячаў чалавек. Узьвядзеньне новай сыстэмы адмыслоўцы ацэньваюць на мільярд даляраў. Украіна сёньня такіх сродкаў ня мае.


У Прыпяці да 26 красавіка 1986 году жыло больш як 50 тысяч чалавек. Цяпер гэта «мёртвы» горад.


«Магазін номер 1 „Радуга“. Мы рады вас обслужіть...» Дарэчы, гэты тэкст і той, што на наступным здымку — адзіныя надпісы на расейскай мове, якія я пабачыў у дні камандзіроўкі ў Украіну. На іншай тэрыторыі, акрамя чарнобыльскай зоны, і рэкляма, і абвесткі — выключна па-ўкраінску.


У пачатку 1980-х яшчэ ня ведалі слова графіці, але камуністы на сьценах ужо пісалі — «Партія Леніна, сіла народная, нас к торжеству коммунізма ведёт». Для маладых наведнікаў вэб-сайту «Свабоды» патлумачым, што гэта радкі з гімну СССР і што камуністы знаходзіліся ва ўладзе і, адпаведна, не патрабавалі дазволу ўладаў на графіці.


А гэтыя графіці — нядаўні твор невядомых аўтараў.

Адметнасьць пакінутых вёсак — дамы і калодзежы зарастаюць хмызьняком.


Адразу пасьля высяленьня людзей зь небясьпечнай зоны навукоўцы спрачаліся, ці трэба спаліць пакінутыя дамы. Але ў такім выпадку вецер разьнясе радыяактыўны попел, таму вырашылі ўсё пакінуць часу.


Колішнім жыхарам было дазволена забраць толькі некаторыя рэчы, мэблю пакідалі. У такой вось вясковай хаце яе было, пэўна, няшмат, а вось у Прыпяці, некалі населеным даволі высокааплачванымі «атамнікамі», у кватэрах не засталося ніводнай канапы, тэлевізара і г.д. Раскралі. Напэўна, цяпер тая мэбля ў іншых кватэрах — магчыма, у кіеўскіх, а магчыма, і ў гомельскіх альбо менскіх.


Дэпутат Эўрапарлямэнту Рэбэка Хармс (Нямеччына) ня першы раз наведвае чарнобыльскую зону. На маё пытаньне пра ўражаньні адказвае, што з кожным разам у яе большае эмоцыяў. Але як палітык спадарыня Хармс робіць даволі прагматычныя захады, каб супрацьстаяць прыхільнікам тэорыі бясьпекі «малых дозаў», якой прытрымліваецца ў тым ліку і МАГАТЭ.


Могільнік тэхнікі, якая працавала на тушэньні пажару ў красавіку 1986-га і будаўніцтве саркафагу — гелікоптэры, самаскіды, экскаватары.... Некалькі дзясяткаў «Жыгулёў» і «Волгаў»... З усіх (!) аўтамабіляў павыцягвалі рухавікі — і нават не палічылі патрэбным зачыніць капоты... Рухавік каштуе нятанна, і хто здагадаецца, што яго варта праверыць дазымэтрам?


Пры выезьдзе з «зоны» такі радыяактыўны кантроль абавязковы для ўсіх.


Паводле навукоўцаў, пэрыяд распаду некаторых элемэнтаў на забруджанай тэрыторыі — больш як 25 тысяч гадоў. Такі тэрмін цяжка ўспрыняць сьвядомасьцю. Гэта прыблізна ў дзесяць разоў больш, чым той час, які аддзяляе нас ад эпохі Гамэра.
Адметнасьць пакінутых вёсак — дамы і калодзежы зарастаюць хмызьняком.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG