Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня а 6 гадзіне раніцы ў сваёй хаце быў арыштаваны актывіст “Маладога Фронту” Міхась Ільін. І сёньня ж адбыўся суд. Юнак пакараны 10 суткамі арышту паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і ня зможа ўдзельнічаць у “Чарнобыльскім шляху” 26 красавіка.

СЛУХАЦЬ:


Судзьдзя суду Ленінскага раёну Андрэй Васілюк абвінаваціў актывіста ў дробным хуліганстве. Падставай стала акцыя, праведзеная напярэдадні — да помніка Леніну ў Берасьці прыставілі ўнітаз, а на яго паклалі шматок туалетнай паперы. Міхасю Ільіну прысудзілі 10 сутак.

“У міліцыі Ільіну пагражалі завесьці крымінальную справу за апаганьваньне помніка. Але пасьля яны прызналі, што складу злачынства ў гэтым няма. Помнік ня быў пашкоджаны. Таму склалі адміністрацыйны пратакол”, — паведамляе прэс-сакратар “Маладога Фронту” Тацяна Шапуцька.

Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, акрамя таго, бачыць і іншыя прычыны пакараньня. Юрыст кажа пра жаданьне дзяржавы прыглушыць эфэкт акцый 26 красавіка:

“26-га апазыцыя арганізуе Чарнобыльскі шлях, як у Менску, так і на месцах, у розных фарматах. Таму цяпер праваахоўныя органы робяць адмысловыя захады. У дадзеным выпадку зьявілася падстава, каб затрымаць актывіста. Яны гэта і зрабілі”, — кажа Ўладзімер Вялічкін.

Сёньня помнік Леніну адыгрывае ролю памяці пра тое, што адбывалася ў нашай краіне на працягу апошніх 70 гадоў
Грамадзкі актывіст берасьцеец Зьміцер Шыманскі кажа пра акцыю ў Берасьці як акт пратэсту супраць засільля гіпсавых леніных у Беларусі:

“Сёньня помнік Леніну адыгрывае ролю памяці пра тое, што адбывалася ў нашай краіне на працягу апошніх 70 гадоў. Сёньняшняе кансэрватыўнае кіраўніцтва прытрымліваецца ранейшых пазыцый у пляне ўсхваленьня лідэраў савецкага пэрыяду. Яно не набярэцца сьмеласьці прыбраць помнікі з нашых вуліцаў”.

Зь якіх меркаваньняў патрыятычная моладзь патрабуе прыбраць помнікі Леніну?

“Моладзь ставіцца да помнікаў Леніну вельмі нэгатыўна. Ставіць помнікі на цэнтральных плошчах амаль усіх гарадоў Беларусі таму чалавеку, які загубіў мільёны беларусаў, — гэта амаральна. Нельга, каб помнікі дыктатару стаялі на цэнтральных вуліцах гарадоў. Відавочна, што людзі супрацівяцца гэтаму: нядаўна ў Менску адзін помнік Леніну быў абліты фарбай, на Ўкраіне, у Расеі падрываюць помнікі”, — тлумачыць Тацяна Шапуцька.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG