Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сем гадоў рэканструкцыі заапарку. Канца ня бачна


Ад крызісу пацярпела рэканструкцыя Гарадзенскага заапарку – самага буйнога ў Беларусі. Упраўленьне капітальнага будаўніцтва аблвыканкаму завінавацілася будаўнікам больш за 780 мільёнаў рублёў.


Рэканструкцыя Гарадзенскага заапарку цягнецца ад 2002 году. Цяпер працу паралізуе недахоп фінансавых сродкаў. Кажа інжынэр будоўлі Пётар Грос:

“Адбіўся крызіс моцна на нас. Заказчык не разьлічыўся з намі яшчэ за студзень. За студзень не заплачана 137,8 млн. рублёў, за люты — 304,7 млн. руб., за сакавік — 138,4. Усяго на 1 красавіка нам вінныя 780,9 млн. рублёў”.

Нягледзячы на тое, што рэканструкцыя вядзецца ўжо 7 гадоў, калі яна скончыцца — ніхто ня ведае.

Грос: “Цалкам будуем усё нанава, развальваем старыя вальеры страшныя, дзе жывёлы пакутавалі, і будуем новыя. Зараз перабудавана будынкаў прыкладна на 40%, а 60% яшчэ давядзецца зрабіць. Колькі гэта зойме гадоў — усё залежыць ад фінансаваньня”.

Пытаюся ў інжынэра — як яны зьбіраюцца працаваць далей, калі грошай ня плоцяць:

“Будзем весьці працы да таго часу, пакуль зможам гэта рабіць, пакуль хопіць сілаў, бо гэта ўнікальны аб’ект. Але, вядома, да бясконцасьці так працаваць не дамо рады. Ну хай яшчэ травень працягнем, а там проста фізычна ня здолеем. Ня будзе адкуль прыцягнуць сродкі, каб працягваць будоўлю”.

Гарадзенскі заапарк быў створаны ў 1927 годзе вялікім аматарам жывёльнага і расьліннага сьвету, выкладчыкам гімназіі імя Адама Міцкевіча — Янам Каханоўскім. У Другую сусьветную вайну значна пацярпеў, а самых рэдкіх жывёлін зь яго вывезьлі ў Нямеччыну. Пасьля вайны дзейнасьць заапарку аднавілася, але толькі ў 2002 годзе тут пачалася першая рэканструкцыя, якая працягваецца дагэтуль.

Зараз у гарадзенскім заапарку — 3254 жывёліны, птушкі і рыбы 307 відаў.
XS
SM
MD
LG