Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Нацыянальным сходзе чакаецца выступ кіраўніка Беларусі. А 12-й гадзіне Аляксандар Лукашэнка пачне агучваць штогадовае пасланьне да парлямэнту і беларускага народу.

Некалькі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, зь якімі я размаўляў учора і якія зьяўляюцца дэпутатамі ўжо другую кадэнцыю, сказалі, што яны зь нецярплівасьцю чакаюць сустрэчы з кіраўніком дзяржавы.

У прыватнасьці, намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі па прамысловасьці Анатоль Паўловіч тлумачыць гэта ня толькі тым, што “для дэпутатаў пасланьне прэзыдэнта – заўжды значная падзея”. Сёлета зварот прэзыдэнта робіцца асабліва актуальным на фоне ўсясьветнага фінансава-эканамічнага крызісу”, – падкрэсьлівае ён:
Я чакаю пасланьня як мажлівасьці пачуць акцэнты, якія расставіць прэзыдэнт...


“Дэпутацкі корпус удзельнічае ў паседжаньнях Савету міністраў, калегіяў адпаведных міністэрстваў і ведамстваў. Там мы атрымліваем вялікі аб’ём інфармацыі. Але зразумела, што кіраўнік дзяржавы ведае непараўнальна больш. І таму я чакаю пасланьня як мажлівасьці пачуць акцэнты, якія расставіць прэзыдэнт. У яго гэта заўжды вельмі добра атрымліваецца. А асабліва цяпер, у час усясьветнага крызісу, хочацца пачуць расстаноўку болевых пунктаў, на якіх сканцэнтруецца выхад эканомікі Беларусі з гэтай сытуацыі.

І важна пачуць прагнозы кіраўніка дзяржавы. Гэта і база для размоваў з выбарнікамі. І для сябе высьветліць, як мы далей будзем жыць у гэтай сытуацыі”.

Палітоляг Алесь Лагвінец гаворыць пра тое, чаго ён чакае ад сёньняшняга выступу Аляксандра Лукашэнкі ў авальнай залі:
Можа быць нешта новае, што дазволіць Лукашэнку яшчэ раз усхваляць сваю мадэль...


“Я думаю, для яго самае галоўнае даслаць адпаведны сыгнал усёй намэнклятуры, усёй ягонай, у шырокім сэнсе гэтага слова, камандзе, што ён па-ранейшаму трымае рычагі кіраваньня краінай і што нэгатыўныя наступствы крызісу ён здольны вырашыць. Тым больш што сёньняшняя сытуацыя дазваляе кіраўніку дзяржавы паказаць пэўныя крокі наперад у тых сфэрах, дзе раней збольшага быў адмоўны досьвед. Таму можа быць нешта новае, што дазволіць Лукашэнку яшчэ раз усхваляць сваю мадэль. Хаця відавочна, што гэта больш гульня бачнасьці, чым рэальныя факты”.

Карэспандэнт: “Вы маеце на ўвазе міжнародную сфэру?”

“У тым ліку. Вядома, што Беларусь доўгі час знаходзілася ў самаізаляцыі. Але сёньня мы бачым, што сытуацыя мяняецца, што для Беларусі адчыненыя дзьверы для супрацоўніцтва. Але ўсё залежыць таксама ад добрай волі беларускіх кіраўнікоў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG