Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Бібік: “Нам востра бракуе кваліфікаваных мэдычных кадраў”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – пэнсіянэр з Нароўлі Ўладзімер Бібік. У хуткім часе ў яго юбілей – 75 гадоў. 26 зь іх пражыў у Казахстане. Дадому вярнуўся перад самым выбухам на Чарнобыльскай АЭС. Уласны дом сам будаваў ужо пасьля таго, як горад трапіў у радыяцыйную зону. Сёньня Ўладзімер Бібік расказвае пра сытуацыю з мэдычнай дапамогаю ў Нараўлянскім раёне.

– У нас вельмі вялікія цяжкасьці ў сувязі з адсутнасьцю высокакваліфікаваных дактароў. А ў маладых ведаў малавата. І атрымліваецца: па мэдычную дапамогу хворага могуць адправіць ці то ў Мазыр, ці нават у Гомель.

А цяпер шмат у каго здараюцца інсульты... Дык што – іх за 180 кілямэтраў везьці? А чалавек ня можа хадзіць, ня можа гаварыць, рухацца... А чаму б наадварот – не арганізаваць прыезд да нас гомельскіх ці мазырскіх спэцыялістаў, каб у вызначаныя дні яны маглі кансультаваць такіх вось хворых. І ня мучыць...

– Што яшчэ турбуе людзей?

– Я тут пяць з паловай гадоў займаўся гуманітарнай дапамогай, дык больш за ўсіх дапамагала Нямеччына.

– Мяркую, дапамагала да нядаўняга часу, або працуеце і цяпер?

– Усімі спосабамі пачалі ставіць палкі ў колы, і ўсе сувязі практычна парушыліся. Амэрыканцы з англічанамі зусім перасталі езьдзіць да нас.

– А ці задавальняе хворых Нараўлянская аптэка?

– Наракаюць на дарагоўлю, але ўсё неабходнае ёсьць.

– Людзям усё часьцей даводзіцца плаціць напоўніцу?

– Ды была раней дапамога ліквідатарам хіба... Аднак цяпер у іх шмат адабралі, незадаволеныя, зразумела, гэтым.

– А як аздараўляюцца ўлетку школьнікі, малыя?

– Мы з дапамогай тых фондаў, пра якія ўжо казаў, у год, здаралася, адпраўлялі больш за двух тысяч дзяцей. А цяпер – 12-20 чалавек... Да таго ж шмат нараканьняў на блат у гэтай справе – нібыта ад нас едуць школьнікі з Гомелю, напрыклад, а нядаўна наагул схітрыліся адправіць дзяўчынку з Масквы.

Дзеля справядлівасьці варта зазначыць: штогод дзятву накіроўваюць у свае, беларускія санаторыі.

– А бацькі маюць магчымасьць апынуцца там ці ў доме адпачынку?

– Таго вельмі цяжка дабіцца.

– Вераць яны запэўненьням, што тут чыстая зямля, паветра, ежа, што тут можна нараджаць?

– Каб маладыя адсюль вельмі зьяжджалі, дык не, няпраўда. Бо кругом беспрацоўе... Наадварот, да нас едуць. Перасяляюцца з Расеі, Казахстану, Таджыкістану – ім няма куды больш падзецца. Аднак добра ведаюць, куды яны ўрэшце трапілі...
XS
SM
MD
LG