Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хоць гаршчком назаві, толькі ў печку ня стаў, -- сэнс гэтай прыказкі хаваецца ў слове “печка”. Печка – пекла, гарніла, тыгель, у якім гартуецца твая саманазва.

Гэтак у дабяла напаленай печцы гісторыі гартавалася ў 19-м і 20-м стагодзьдзі назва “ беларусы”, аплочаная крывёю, пакутамі й жыцьцём мільёнаў. Калі ж назва нічым не аплочаная, яна проста нічога ня значыць. Хоць гаршчком назаві…

Я – балт!

Нічога ня значыць тут і твая фізычная кроў. Колькі сьведамых беларусаў сярод этнічных габрэяў, татар, расейцаў! Мноства. Мой прыяцель, патомны ніжагародзец і пры тым патрыёт-беларус, чалавек з “ісьціннарускай рэпай”, прымервае на сябе модныя этнічныя адзёжкі, з рознымі інтанацыямі прамаўляючы: “Я – балт. Я балт! Я балт…” Усе рагочуць і ён сам рагоча першы.
Экспэрымэнт са словам “літвін” мае той самы вынік.

“Я беларус” выходзіць у майго прыяцеля зусім арганічна. І ён распавядае, як некалі шпацыраваў па старой Варшаве са сваім цёзкам – этнічным расейцам з такой самай рэпай. Гаварылі, ясная рэч, па-беларуску і, зразумела, пра адраджэньне Бацькаўшчыны. І раптам да іх дайшло! Адзін – чыстакроўны ніжагародзец, другі – такі самы самарскі. Пасьмяяліся з такога парадоксу, але – па-добраму. Бо абодва даўно ўжо сьведама й плённа працуюць дзеля беларушчыны. І зусім не парадокс тут, а чароўная сіла загартаванага ў гісторыі найменьня. Беларус – гэта назва, за якой стаіць подзьвіг, і легенда, за якой – культура.

За літвіном сёньня нічога такога няма, яшчэ толькі трэба зьдзейсьніць подзьвіг, стварыць легенду й культуру. Але зрабіць гэта зьнізу, з падпольля ды яшчэ пры тым, што ніхто з ініцыятараў нічым асабліва ахвяравацца не зьбіраецца, немагчыма.
Як немагчыма ўявіць сабе, што мільёны беларусаў прымерваюць на сябе новую адзёжку: я – балт!
Зьмену саманазвы можа правесьці дэмакратычна абраная ўлада. Але дэмакратычнай яна ня стане, пакуль ня стане беларускай, пакуль увесь народ, дзякуючы тэлевізіі, будзе ўтрымлівацца ў культурным полі расейскай правінцыі. Ня можа быць дэмакратычных перамен у асобна ўзятай Самарскай губэрні.

Агульная млявасьць

Гэты дыягназ этнічнага здароўя беларусаў і прымушае некаторых нашых суайчыньнікаў “капнуць глыбей”. Маўляў, назавемся йнакш і – усё пакоціць. Але гэты экстэнсіўны рэвізіянізм вынікае з маргінальнага самапачуваньня. Здаецца, назва “беларусы” вычарпаная дарэшты, не дае новых Багдановічаў і Гарэцкіх, новае прухі, уздыму й трыюмфу. Значыць, варта толькі махнуць чароўнай палачкай, і гарбуз зноў ператворыцца ў каралеўскую карэту. Толькі ў жыцьці ня ўсё, як у казцы. У жыцьці для таго, каб быў цуд, патрэбная ня палачка, а ахвярная праца, вялікі талент і празарлівае вока, каб разгледзець, а ня страціць новых Багдановіча й Гарэцкага, якія ёсьць, толькі не вылучаныя з доўгага шэрагу “Начной чытанкі”. Цуд – гэта дар іх убачыць. Скажыце, пры чым тут саманазва, калі такога дару няма?

Мы беларусы, мірныя людзі

Ёсьць вялікая аблуда ў тым, каб назву “беларусы” вінаваціць у спрыяньні русіфікацыі. Гэта зноў жа – выдаткі нашай этнакансьпіралёгіі. Беларусы асацыятыўна нічым ня лепш і ня горш за белапалякаў, белафінаў ці белачэхаў. Наадварот, складнік “русы” сьведчыць для расейца пра тое, што “яны ўжо тут”, а іх гімн “мы мірныя людзі” ў такім кантэксьце гучыць злавесна.

Уся справа ў трактоўках і асацыяцыях, а таксама ў масавай прапагандзе. Беларус для расейца, нібыта, блізкі, але парадаксальна шматкроць больш падступны за немца ці амэрыканца, бо – нябачны. Бізкае, але не такое больш палохае расейца, чым далёкае. А ўсякая дэманстрацыя нашай адметнасьці – для імпэрскага ўспрыманьня – ператварае гучаньне бела-рускі ў анты-рускі.

Як вядома, расейцы блізкае бачаць і разумеюць зь цяжкасьцю. Нядаўна ў нейкай тэлевіктарыне маскоўская кабетка адказала на шмат пытаньняў і выйграла кучу б грошай, калі б не завалілася на апошнім: “Што па-ўкраінску значыць каханая?”. І сябрам кабетка тэлефанавала і ў мінакоў пыталася – ні ў зуб нагой! Ясна, што з ангельскім ці францускім словам праблемы б ня ўзьнікла. Паразмаўляйце з расіянінам па-беларуску, пераканаецеся – не разумее. І што тады значыць той нібыта факт, што 80 адсоткаў лексыкі ў нас аднолькавыя? Нічога. Бо апроч словаў у моўнай песьні ёсьць яшчэ й музыка.

Беларусы – сапраўднае слова і сапраўдная назва, бо за ёй – вялікая ахвяра й жывая культура.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG