Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адхіліў пазоў “Нашай вясны” да Мін’юсту


Алесь Бяляцкі ў Вярхоўным судзе

Алесь Бяляцкі ў Вярхоўным судзе

У Вярхоўным судзе завяршыўся разгляд пазову стваральнікаў праваабарончай арганізацыі “Наша вясна” да Міністэрства юстыцыі адносна адмовы ў рэгістрацыі. Рашэньне суду — не на карысьць праваабаронцаў.

СЛУХАЦЬ:


Двух дзён хапіла Вярхоўнаму суду, каб разгледзець і ў выніку адхіліць пазоў праваабаронцаў Валянціна Стэфановіча, Уладзімера Лабковіча і Алеся Бяляцкага да Мін’юсту. Нагадаю, у сакавіку Мін’юст вырашыў не рэгістраваць арганізацыю “Наша вясна”, якая правяла свой устаноўчы сход у студзені. Учора, 21-га красавіка, бакі выказалі суду сваю пазыцыю, суд выслухаў сьведкаў, вывучыў дакумэнты справы, прайшлі спрэчкі бакоў. Сёньня з прамовай выступіў прадстаўнік пракуратуры Ўладзімер Ляўданскі. Пракурор не пагадзіўся зь ніводным аргумэнтам прадстаўнікоў “Нашай вясны” і цалкам падтрымаў тыя прэтэнзіі да праваабаронцаў, якія ўчора выказаў супрацоўнік Мін’юсту Аляксандар Харытон.

Уладзімер Ляўданскі: “Лічу, што Міністэрства юстыцыі мела законныя падставы ў адмове рэгістрацыі грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня „Наша вясна“. Таму ў задавальненьні скаргі на адмову ў рэгістрацыі гэтага аб’яднаньня належыць адмовіць. Хачу адзначыць, што пры пэўнай арганізаванасьці і жаданьні рэгістрацыю магчыма прайсьці, пра што сьведчаць лічбы, прыведзеныя прадстаўніком Мін’юсту адносна рэгістрацыі грамадзкіх арганізацый розных напрамкаў”.

Супрацоўнік Мін’юсту Аляксандар Харытон назваў суду некалькі грамадзкіх арганізацый, якія апошнім часам атрымалі рэгістрацыю. Што да “Нашай вясны”, то, паводле Аляксандра Харытона, яна зрабіла шэраг “непапраўных памылак” у дакумэнтах, пададзеных на рэгістрацыю.

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч нагадаў, што “Наша вясна” ўжо ў другі раз ня можа зарэгістравацца, а яшчэ да таго была закрытая арганізацыя “Вясна”, якая назірала за прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году.

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч: “Абсалютна відавочна, што мы маем справу з палітычна матываваным рашэньнем. Гэта было відавочна на працэсе. Аргумэнты, якія прагучалі з боку Мін’юсту, тычыліся не закону, а артаграфіі і пунктуацыі. Бачна, што ў Беларусі ўлады не ідуць ні на якія сыстэмныя зьмены і наяўнасьць праваабарончых арганізацый разглядаюць як шкоду”.

Вядомы праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад працэсу:

Гары Паганяйла
“Тут гаворку трэба весьці пра палітычную дыскрымінацыю. Шмат якія грамадзкія арганізацыі, якія не займаюцца правамі чалавека, праходзяць рэгістрацыю пры больш значных парушэньнях. Але тады дзяржава зацікаўленая ў зьяўленьні такіх квазіграмадзкіх структур, каб казаць, што ў нас нібыта разьвіваецца грамадзянская супольнасьць. Пра што ўчора мы чулі ад прадстаўніка Мін’юсту. На самой справе адсякаюць усіх, хто рэальна хацеў бы паўплываць на сытуацыю ў краіне, на законнасьць і правапарадак”.

Прадстаўнікі “Нашай вясны” нагадалі, што нядаўна правялі яшчэ адзін устаноўчы сход і будуць дамагацца рэгістрацыі трэці раз.
XS
SM
MD
LG