Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Уладзімер Бутраменка перамог камунальнікаў


Сёньня суд Савецкага раёну Гомеля вынес рашэньне на пазоў жыхара абласнога цэнтру Ўладзімера Бутраменкі да камунальна-жыльлёвага прадпрыемства “Савецкае”. Гараджанін праз суд дамагаўся выкананьня мінімальных сацыяльных стандартаў у забесьпячэньні жыльля камунальнымі паслугамі і патрабаваў спагнаць з прадпрыемства 100 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Суд абавязаў камунальна-жыльлёвае прадпрыемства “Савецкае” адрамантаваць ганак і пад’езд дому, у якім жыве спадар Бутраменка, сплаціць яму 250 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды й кампэнсаваць судовыя выдаткі. Усе іншыя прэтэнзіі адхілены.

Рашэньне раённага суду пазоўца зьбіраецца абскарджваць:

Суд Савецкага раёну Гомеля
“Абскарджваць буду рашэньне ў частцы ўцяпленьня дома, каб абавязалі гэта зрабіць. А таксама спагналі грошы за вымушаны перарасход вады і яе недагрэў. Лічу, што гэта даказана — трэба спаганяць. І за замену электралямпачак у пад’езьдзе.

Сума кампэнсацыі маральнай шкоды — 250 тысячаў рублёў — гэта для камунальнікаў як укус камара. Я прасіў 100 мільёнаў. Кампэнсацыя несувымерная. Тым больш калі губляеш здароўе”.

У суд з прэтэнзіямі да камунальнікаў Уладзімер Бутраменка зьвярнуўся яшчэ ў 2007 годзе. Тады ён адмовіўся плаціць за гарачую ваду, тэхабслугоўваньне, вываз сьмецьця. У пазове ён адзначыў, што ў доме № 110 на вуліцы Багдана Хмяльніцкага, дзе ён жыве, тэмпэратура гарачай вады не адпавядае нормам — з-за гэтага перарасход вады. Радыятары ацяпленьня знаходзяцца ў сьцяне, і камунальнікі, не ўцяпліўшы дом звонку, губляюць узімку шмат цяпла на абагрэў вуліцы. Пад’езды дома не асьвятляюцца і дзесяцігодзьдзямі не рамантуюцца. Не парадкуецца дваровая тэрыторыя.

Першы раз суд адхіліў пазоў спадара Бутраменкі. Але паводле скаргі Вярхоўны суд вярнуў справу на новы разгляд. І сёньня патрабаваньні пазоўца часткова задаволены:

“Сьцежка пратаптаная — можна і патрэбна дамагацца. Няхай сабе пакуль толькі для рамонту пад’езда, але сьцежка ўсё ж пратаптаная. Прэцэдэнт створаны. Калі масава падаваць пазовы, тады і судзьдзі пачнуць закон прымяняць і абараняць спажыўцоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG