Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Мартынаў: У Беларусі няма палітвязьняў


Лукашэнка прыняў запрашэньне з рук чэскага міністра замежных спраў.

Лукашэнка прыняў запрашэньне з рук чэскага міністра замежных спраў.

Знаходзячыся зь візытам у сталіцы Латвіі — Рызе, міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў пацьвердзіў, што прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка разам зь іншымі кіраўнікамі постсавецкіх краін — удзельніц праграмы “Ўсходняе партнэрства” будзе прысутнічаць на саміце ЭЗ у Празе.

Як перадае агенцтва France Presse (AFP), кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі, выступаючы ў Рызе, таксама адзначыў, што ў ягонай краіне “не арыштоўваюць за палітычныя перакананьні”.

“У Беларусі няма палітвязьняў, а ёсьць сябры апазыцыі, якія апынуліся за кратамі выключна ў выніку крымінальных злачынстваў”, — падае словы беларускага міністра замежных спраў AFP.

Чаму А.Лукашэнка вырашыў ехаць у Прагу?
Ян Максімюк

Што пазытыўнага беларускі кіраўнік знаходзіць у гэтым візіце? Аналітык Радыё Свабода Ян Максімюк.

Пазытыў першы: Лукашэнка, прыняўшы рашэньне ўдзельнічаць у праскім саміце, насуперак намёкам, каб такога ўдзелу ня браць, паказвае сябе валявым палітыкам, якім ён быў заўсёды. Так бы мовіць, хочаце мець Усходняе партнэрства, дык майце яго з усімі дэталямі, уключна з „апошнім дыктатарам” на супольным здымку. Калі б туды паехаў міністар Сяргей Мартынаў, дык Лукашэнка даў бы зразумець, што ён нечага баіцца. А ён, як мы добра ведаем, ня хоча выглядаць слабаком у палітыцы.

Пазытыў другі. Паколькі эўрапейцы далі ясна зразумець, што без Беларусі Ўсходняе партнэрства або не адбудзецца, або будзе не зусім эфэктыўным, дык Лукашэнка вырашыў, што эўрапейскія лідэры сьцерпяць ягоную прысутнасьць на саміце, і ніякага вялікага скандалу не адбудзецца. У сэнсе, нават калі хто яго і пакрытыкуе, дык пазытыў -- наяўны доказ усяму сьвету, што ізаляцыя Лукашэнкі на міжнароднай арэне скончылася -- пераважыць гэтую магчымую крытыку.

Пазытыў трэці. Усё ж такі ў Беларусі толькі адзін палітык прымае істотныя рашэньні. А таму, калі глядзець на Ўсходняе партнэрства як на нешта, што мае прынесьці рэальны плён, дык прысутнасьць Лукашэнкі на саміце і магчымасьць пагаварыць непасрэдна зь лідэрамі Эўропы можа даць гэтай ініцыятыве значна мацнейшы імпульс у адносінах да Беларусі, чым тады, калі б туды паехаў беларускі палітык ніжэйшага рангу.

Якія рызыкі тоіць у сабе для Лукашэнкі ўдзел у праскім саміце Ўсходняга партнэрства?

Юры Дракахруст
Меркаваньне аналітыка Радыё Свабода Юрыя Дракахруста:

Прысутнасьць Лукашэнкі на саміце – гэта дэманстрацыя таго, што пэрыяд ізаляцыі, ізгойства застаўся ў мінулым, што Эўропа з тых ці іншых прычынаў была вымушаная да пэўнай ступені прызнаць беларускую ўладу.

Але з гэтай паездкай зьвязана для беларускага кіраўніка нямала рызыкаў. Ня выключана нейкая сытуацыя, калі дэманстрацыя прызнаньня будзе суправаджацца прыніжэньнем, адмова прэзыдэнта Чэхіі запрасіць Лукашэнку на прыём у сваю рэзыдэнцыю, куды будуць запрошаныя ўсе астатнія – магчыма, ня самае горшае.

Ня выключаны і скандал на самім саміце: нехта з удзельнікаў можа шчыра выказаць усё, што ён думае аб беларускіх парадках і беларускім кіраўніку. І справа нават ня ў тым, што Лукашэнка ня знойдзе, чым адказаць, а ў самай сытуацыі скандалу. Усё ж мэта саміту – паглыбленьне супрацоўніцтва, а публічная сварка гэтаму ніяк не спрыяе.

Ня менш важная рызыка – гэта пазыцыя Расеі. Масква надзвычай хваравіта рэагуе на ўдзел Беларусі ў партнэрстве, і на мінулым тыдні Лукашэнка горача пераконваў Маскву, што ён ня здраджвае ёй з Эўропай. Калі ён будзе сам прадстаўляць Беларусь на саміце ў Празе, пераканаць Маскву ў вернасьці будзе значна цяжэй, чым калі туды паедзе прэмьер ці міністар замежных справаў.

Але, відаць, асалода ад адчуваньня прызнаньня – больш важкі чыньнік, чым усе магчымыя рызыкі.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG