Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь абдзялілі грашыма


Магчымасьць вяртаньня Беларусі ў эўрапейскія структуры разглядалася сёньня ў Менску на канфэрэнцыі “Ўдзел грамадзянскай супольнасьці ў ініцыятыве “Ўсходняе партнэрства”.

Яе арганізавалі прадстаўнікі “Плятформы падтрымкі супрацоўніцтва беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасьці і мясцовых уладаў” разам з брусэльскім офісам “За дэмакратычную Беларусь”. Афіцыйны Менск на канфэрэнцыі прадстаўлены ня быў, хаця сярод выступоўцаў чакалі і супрацоўніка МЗС Беларусі.

СЛУХАЦЬ:


Удзельнік сёньняшняй дыскусіі, старшыня беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў сказаў “Свабодзе”, што ўдзел ва “Ўсходнім партнэрстве” сапраўды можа стаць першым крокам на дарозе вяртаньня Беларусі ў Эўропу:

Ігар Лялькоў
“Нарэшце Беларусь хоць у які агульнаэўрапейскі працэс уваходзіць. І гэты факт стварае, што называцца, прэцэдэнт. Калі яна ўвайшла ў адзін агульнаэўрапейскі працэс, то далей, натуральна, пры пэўных зьменах унутры краіны, ёсьць магчымасьць на падставе гэтага прэцэдэнту думаць і пра далучэньне да іншых агульнаэўрапейскіх працэсаў”.

Часовы павераны ў справах прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль агучыў лічбы фінансаваньня праектаў “Усходняга партнэрства” ў розных краінах. Армэнія атрымае больш як 98 мільёнаў эўра, Азэрбайджан — 92, Беларусь — 21, Грузія — 120, Малдова — 209, Украіна — 494 мільёны эўра. Плянуецца, што ў 2010—2013 гадах фінансаваньне падвысіцца на 75%.

Лічбы ў млн. эўра


У размове са “Свабодай” спадар Гольцапфэль сказаў, што 21 мільён эўра — далёка ня ўсе грошы, якія можа атрымаць Беларусь. Дадатковыя сродкі прадугледжваюцца праз удзел краіны ў рэгіянальных і міжрэгіянальных праграмах:

Жан-Эрык Гольцапфэль
“Ужо ў рамках Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва аддаецца вялікая ўвага праграмам міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Беларусь задзейнічана ў трох такіх праграмах: “Польшча — Беларусь — Украіна”, “Латвія — Літва — Беларусь” і “Беларусь — рэгіён Балтыйскага мора”. І тут усе атрымаюць больш сродкаў менавіта з фондаў Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. Эўрапейская камісія ўжо спалучыла адпаведныя фонды з фондамі Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. І, зразумела, зьявіцца больш магчымасьцяў для разьвіцьця супрацоўніцтва. А таксама “Ўсходняе партнэрства” будзе, натуральна, у фокус увагі ўключацца”.

Ігар Лялькоў так тлумачыць розныя сумы грошай, якія атрымае кожная з шасьці краінаў-удзельніц “Усходняга партнэрства”:

“Гэта такі індыкатар ступені заангажаванасьці той ці іншай краіны. Ён паказвае гатоўнасьць кожнай краіны далучыцца да таго, што прапаноўвае ўвесь комплекс “Усходняга партнэрства”. Наколькі я разумею, гэта наглядны вынік працы нашай дыпляматыі. Нашы прадстаўнікі сказалі, што Беларусь гатовая далучыцца да таго, таго і таго. І гэта каштуе столькі. А да чагосьці не гатовая далучыцца. А Азэрбайджан і Армэнія гатовыя далучыцца да больш шырокага комплексу пытаньняў, якія будуць абвяшчацца ў складзе “Усходняга партнэрства”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG