Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт у Прагу, магчымая сустрэча кіраўніка Беларусі з папам рымскім, гадавіна чарнобыльскай аварыі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Аляксандар Лукашэнка атрымаў запрашэньне на сустрэчу кіраўнікоў краінаў, якія ўвойдуць у праграму Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства” . Камэнтар слухачкі “Свабоды”:

Спадарыня: “Добрай раніцы, “Свабода”! Намаганьні сытай Эўропы ўсталяваць панібрацкія адносіны з іранскім прэзыдэнтам скончыліся вялікім скандалам. Наступны ўрок Эўропа вельмі хутка атрымае ад нашага Рыгоравіча. Не выключаю, што і рукі яму будуць паціскаць, і малому Міколку ў ногі кланяцца. Таму што наш народ вымірае хуткімі тэмпамі. На нашы абшары ўжо паклалі сваё вока заходнія тоўстыя кашалькі”.

Магчымая сустрэча кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з папам рымскім Бэнэдыктам ХVІ — яшчэ адна тэма абмеркаваньня.

Аляксандар Яцкевіч, Віцебск: “Добры дзень, паважаная “Свабода”! Вельмі цікава, паедзе наш бацька ў Ватыкан. Можа, там папа задасьць яму пытаньне: “Які бог цябе намовіў для калек паздымаць ільготы? Можа, у цябе яны вашывыя блохі — усе калекі?” Паўшчувае, але той ці пачырванее? А мне падаецца, што на гэтым каменным твары ніякая чырвань ужо не праступіць”.

Спадар: “Хачу сказаць з нагоды візыту ў Ватыкан Аляксандра Лукашэнкі. Можа, у яго там будзе магчымасьць пакаяцца за свае грахі, асабліва за разгон мірных дэманстрацый, калі ён адабраў права ў народа выказваць свой пратэст?”

У наступным тэлефанаваньні слухач задае пытаньне:

Спадар: “Прыміце інфармацыю. У ліквідатараў-чарнобыльцаў, інвалідаў здымаюць пэнсіі. З чым гэта зьвязана? Я б хацеў даведацца”.

Адказвае старшыня грамадзкай арганізацыі “Саюз Чарнобыль — Беларусь” Аляксандар Ваўчанін:

“Хачу сказаць гэтаму слухачу: калі людзі мала актыўныя, то дзяржава мяркуе, што ім не патрэбная ні пэнсія, ні пэнсійны ўзрост. Дык я хачу сказаць, што давайце сумесна працаваць над тым, каб пэнсіі не зьмяншаліся і плацілі належна. Будзьце актыўныя ў адстойваньні сваіх законных інтарэсаў”.

Працягваем праграму выказваньнямі на адрас слухачоў, Радыё Свабода і дзяржаўнага тэлебачаньня Беларусі:

Спадарыня: “Я хачу сказаць. Усе гэтыя цёткі і дзядзькі, якія на замову “Свабоды” тэлефануюць, не лічыце вы сябе народам. Які ж вы народ? Вы халуі, прыхвасьні “Свабоды”. А “Свабода”, вы што, хочаце пасварыць праваслаўных з Польшчай? Я ўпэўненая, вы гэтую Яну давялі, заманьваеце яе ў свае віры. “Ах, Лукашэнка, ах, міліцыя вінавата”. Вы ва ўсім вінаватыя! Божа мой, як вас агідна ўсіх слухаць! А гэтых цётак, дзядзек — сядзяць, жуюць, добра жуюць хлеб беларускі, атрымліваюць ад дзяржавы пэнсію і брэшуць, брэшуць. І ніхто вам ня дасьць разьдзерці нашу родную Беларусь. Ніхто, запомніце, ніхто! Я сама пайду на барыкады супраць вас, прысьпешнікі, паліцаі былыя! Паўсюль крызіс, яшчэ не такі, як у нас. Кругом падліваеце вару”.

Ціна: “Набалела. Глядзіш беларускае тэлебачаньне і думаеш: ну што ў іх такая настальгія па тым застоі? Бо ж нічога лепшага ў тыя часы не было. Ну, не было. Што можа быць добрага ў фашызьме? Так і хочацца плюнуць за гэтую бяздарную прапаганду і продаж уласнага народу”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG