Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 22 красавіка 2009 году


На працягу апошніх месяцаў у штодзённым жыцьці большасьці людзей у Беларусі адбыліся зьмены, якія прымушаюць глядзець у будучыню зь няпэўнасьцю і трывогай. У многіх зьнізіліся заробкі, многія страцілі працу. Шмат якія прадпрыемствы, каб не звальняць пэрсанал, перайшлі на скарочаны працоўны тыдзень. У выніку работнікі нібы і ня сталі беспрацоўнымі, але даходы іхныя скараціліся вельмі істотна. І ўсё гэта на тле інфляцыі, няспыннага росту цэнаў.

Роздум пра сваё цяперашняе жыцьцё, пра тое, як яно зьмянілася за апошні час, — тэма многіх лістоў у сьвежай пошце “Свабоды”.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу нашага даўняга слухача і аўтара Генадзя Арлукевіча зь вёскі Багданаўцы Шчучынскага раёну. Ён піша:

“Нядаўна ў мяне нарэшце зноў зьявіўся прымач, і цяпер я кожны дзень слухаю вашы перадачы. Будзе магчымасьць — дык і патэлефаную на “Свабоду”. Пра многае хочацца выказацца адкрыта: вельмі ўжо набалела на душы, да крайнасьці. Не магу больш слухаць, калі выступае Лукашэнка. Усе наўкол вінаватыя — толькі адзін ён ва ўсім мае рацыю. Вось і палепшыў нам жыцьцё — так, што далей няма куды. Цэны з кожным днём растуць, а зарплаты ды пэнсіі застаюцца ранейшыя. Я разумею — крызіс. Але навошта ў такім разе будаваць АЭС, новыя стадыёны, лядовыя палацы? Няўжо нельга пачакаць да лепшых часін, калі выправіцца сытуацыя ў краіне?

Складаецца ўражаньне, што ўлада думае ня столькі пра нас, простых людзей, колькі пра задавальненьне ўласных амбіцыяў. І як жыць нам, пэнсіянэрам ды інвалідам? Вось у мяне ложак зламаўся, коўдра ды падушкі рвуцца, абутку няма. Бо ўсё — старое. Але калі я куплю што-небудзь новае зь неабходных рэчаў, дык буду сядзець галодны".

Такія ж ці падобныя прэтэнзіі выказваюць сёньня ў Беларусі многія людзі, асабліва найменш абароненыя — інваліды ды пэнсіянэры. Але прэзыдэнт Лукашэнка, мяркуючы па ягоных апошніх заявах, мае цьвёрды намер, нягледзячы на крызіс, у сьціслыя тэрміны пабудаваць столькі лядовых палацаў, колькі неабходна дзеля таго, каб Беларусь магла прыняць хакейны чэмпіянат сьвету 2014 году.

Наступны кароткі ліст, рэпліка наконт сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці — ад нашага слухача Сяргея Шаміёнкі зь Менску. Ён піша:

“Мой дзед удзельнічаў у Другой сусьветнай вайне. Ваяваў пад Сталінградам, быў там паранены. Узнагароджаны ордэнам і мэдалямі. Пасьля вайны працаваў у ЦК КПБ, на кінастудыі “Беларусьфільм”. Дзеля чаго ён змагаўся ў вайну і працаваў? Каб мы жылі, як зараз? Каб ягонага ўнука судзілі за ўдзел у палітычнай дэманстрацыі і ён сядзеў бяз працы? Дзеда звалі Горцаў Мікалай Міхайлавіч. Як жа так, дарагая рэдакцыя, дзе ўсё тое, за што змагаўся мой дзед?”

Подпіс: “Сяргей Шаміёнка, літаратар. Менск”.

Калі празь некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля вайны некаторыя былыя савецкія салдаты-пераможцы атрымалі магчымасьць бываць у тых, каго яны перамаглі, то таксама задавалі падобныя пытаньні: “Як жа так, дзе ўсё тое, за што мы змагаліся? Чаму мой равесьнік, якога я гнаў ад Масквы да Бэрліну, жыве ў маёнтку і езьдзіць на Мэрсэдэсе, а ў мяне — калгасная хата-развалюха ды разьбітая інвалідная мотакаляска замест машыны?”

Адказы на гэтыя пытаньні — пра тое, чаму ўсё так і хто ў гэтым вінаваты — шукаць трэба ўсім разам, спадар Шаміёнка — і дзядам, і бацькам, і ўнукам. Бо пэўная ступень віны за цяперашні стан грамадзтва і краіны — на ўсіх пакаленьнях.

Мы працягваем атрымліваць водгукі на нядаўнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас апазыцыйных лідэраў. Нагадаю: падчас паездкі па Віцебшчыне ён назваў апазыцыю “ворагамі народу” і “пятай калёнай”, а таксама “вашывымі палітыкамі” і “адмарозкамі”. Вось што піша з гэтай нагоды ў сваім лісьце на “Свабоду” наша слухачка Марыя Кандратовіч зь Ліды:

“З вуснаў Аляксандра Лукашэнкі нярэдка зьлятаюць словы злыя, абразьлівыя, лаянка на адрас палітычных апанэнтаў. Гэта сьведчыць пра тое, што сэрца ягонае напаўняюць зусім не дабрыня і не міласэрнасьць да людзей. Непрыемна і прыкра чуць такое ад кіраўніка дзяржавы. А за любое зло чалавеку будзе адплачана злом, а за нянавісьць — нянавісьцю”.

Пры ўсёй слушнасьці вашых, спадарыня Кандратовіч, нараканьняў варта мець на ўвазе, што да палітыкаў пры ацэнцы іхных прамоваў наўрад ці варта падыходзіць з такімі ж меркамі, як да прапаведнікаў, духоўных пастараў, маральных аўтарытэтаў. Палітычная барацьба — ня надта маральная справа, і яна рэдка робіцца чыстымі рукамі. Зрэшты, гэта зусім не здымае адказнасьці з надзеленых высокай уладай асобаў за тое, што яны гавораць публічна.

На тэму эканамічнага крызісу і спробаў улады наладзіць кантакты з Захадам — ліст ад Галіны Александроўскай з Магілёва. Слухачка піша:

“Слухаю аднаго высокапастаўленага “вэртыкальшчыка”, прызначанага асабіста Лукашэнкам. Спрабуе пераканаць, што той крызіс, які бушуе ў сьвеце, — ня наш, чужы. А ў Беларусі — толькі часовыя цяжкасьці. Атрымліваецца, што Беларусь — гэта нейкі асаблівы сьвет, у якім просты народ лічаць за дэбілаў, прыгонных. Урад і парлямэнт нібыта і ёсьць, нешта папіскваюць, але іх увогуле не чуваць, і ўсе ведаюць, што зь імі ніхто ня лічыцца. І ўсю гэту бярлогу абараняе магутны шчыт з АМОНу, арміі, міліцыі, на які марнуецца амаль увесь беларускі бюджэт.

Выдатна, што Эўразьвяз гатовы прыняць Беларусь у праект “Усходняе партнэрства”. За гэты мы яму вельмі ўдзячныя. А Лукашэнка няхай падзякуе Эўропе за тое, што дапамагае яму ўратавацца ад поўнай залежнасьці ад Расеі. Цяпер у Маскве ўбачаць: не дадуць крэдыт — возьмем у іншым месцы. Для Расеі вакно ў Эўропу — рэч неабходная. І няхай ведае, што яно ня таннае”.

Заўважу, спадарыня Александроўская, што апошнім часам заяваў чыноўнікаў пра тое, што крызісу ў нас няма, — больш не чуваць. Сьціхлі пасьля таго, як выявілася, што паводле вынікаў за першыя месяцы году пра дзесяціпрацэнтны рост беларускай эканомікі давядзецца забыць, а дзяржаўны бюджэт павінен быць перагледжаны ў бок істотнага скарачэньня.

Уласныя прэтэнзіі да беларускай апазыцыі і парады для яе мае наш слухач Барыс Баранаў з Полацку. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Наша грамадзтва цяпер, як ніколі, разьяднана. З аднаго боку — тыя, хто задаволены сваім становішчам. Гэта начальства і работнікі пасьпяховых прадпрыемстваў. Іх — меншасьць. Яны раскашуюць за кошт бядотнага стану іншых. А асноўная маса насельніцтва не жыве, а толькі існуе.

Дык вось, нашай апазыцыі варта распрацаваць канцэпцыю яднаньня. А дзеля гэтага трэба дамагацца:

— скасаваньня працоўных кантрактаў для большасьці работнікаў, якіх з дапамогай гэтых кантрактаў трымаюць у чорным целе;
— выроўніваньня заробкаў (начальнік не павінен зарабляць у пяцьдзясят разоў болей, чым падначалены);
— прамых выбараў чыноўнікаў “вэртыкалі”;
— рэфэрэндумаў па ўсіх актуальных пытаньнях;
— аслабленьня ўлады прэзыдэнта і “вэртыкалі”.

Галоўнае — ня тое, хто будзе прэзыдэнтам. Галоўнае — зьмяніць сыстэму. Толькі агульная ідэя прынясе вынік.

З павагай — слухач Баранаў (а так хацелася б быць не Баранавым, а Беларусавым). Полацак”
.

Дарэмна вы, спадар Баранаў, іранізуеце над уласным прозьвішчам. Яно ня горшае за іншыя, і ніякага зьдзеклівага ці прыніжальнага сэнсу продкі ў яго не ўкладалі.

Што да вашых прапаноў. Апазыцыя даўно выкарыстоўвае ў сваіх праграмных дакумэнтах і гэтыя, і многія іншыя тэзісы, накіраваныя на дэмакратызацыю і рэформу ўлады. Іншая справа, што магчымасьцяў дзеля таго, каб улада прыслухалася да гэтых патрабаваньняў, у апазыцыі ня надта шмат. І перш за ўсё таму, што само грамадзтва не выяўляе дзеля гэтага колькі-небудзь заўважнай актыўнасьці.

На заканчэньне кароткі ліст ад Алеся Шустоўскага з Барысава. Слухач адгукнуўся на нядаўнюю перадачу з удзелам Уладзімера Някляева. Паэт на пачатку красавіка быў грамадзкім рэдактарам Свабоды і ў адным са сваіх выступаў разважаў пра лёс беларусаў і Беларусі. Алесь Шустоўскі з нагоды пачутага піша:

“Цалкам пагаджаюся з Уладзімерам Някляевым, бо мне зразумелыя ягоныя думкі, трывогі і сумневы наконт таго, ці дойдзем мы калі да Беларусі. Талент паэта Някляева — навідавоку. А ягоныя філязофскія трактаты заслугоўваюць таго, каб стаць стрыжнем беларускай нацыянальнай ідэі. Здароўя і сілаў паэту!” .

Дзякуй, спадар Шустоўскі, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG