Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крытэр “эфэктыўнасьці” кантралёра – ці шмат здабыў “аброку”


Уладзімер Карагін
Уладзімер Карагін

24 красавіка, падчас другога паседжаньня Грамадзка-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта, Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва мае намер давесьці да ведама ўладаў палажэньні распрацаванай бізнэс-супольнасьцю Нацыянальнай плятформы бізнэсу Беларусі на 2009 год. Праграмны дакумэнт прэзэнтуецца пад лёзунгам “Выхад з крызісу – праз разьвіцьцё прадпрымальніцтва”.

Як лічыць кіраўнік канфэдэрацыі, старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін, надышоў час рэальнага, а не дэкляраванага прыватна-дзяржаўнага партнэрства. Пакуль што такое супрацоўніцтва тармозіцца неадэкватным стаўленьнем уладных структураў да прадпрымальніцтва як клясы. На якіх умовах магчымы паварот – пра гэта з Уладзімерам Карагіным гаворыць наш карэспандэнт.

Карней: Уладзімер Мікалаевіч, у палажэньні Нацыянальнай плятформы запісана, што разьвіцьцё дробнага і сярэдняга бізнэсу павінна стаць важным дзяржаўным прыярытэтам Беларусі. Аднак досьвед паказвае: нягледзячы на абяцаньні лібэралізацыі прадпрымальніцкага клімату, прадпрымальнікі па-ранейшаму выступаюць у ролі “бедных сваякоў”. Бедных у тым ліку з-за фіскальнай палітыкі дзяржавы...

Карагін: Гэта жахлівая норма, якая сёньня дзейнічае, – пачынаючы з бюджэту і закончваючы даведзенымі плянамі да міністэрстваў і ведамстваў. Больш за тое, крытэрам эфэктыўнасьці дзейнасьці работніка кантрольных органаў лічыцца тое, колькі ён прынёс “аброку”. І многія прыходзяць у фірмы, да прадпрымальніка і наўпрост гавораць: “Ну ты ж разумееш, калі я ўжо прыйшоў, то мушу ў бюджэт прынесьці хоць бы 500 тысяч”. Каб не дарма было, каб апраўдаць свой прыход і свой працоўны дзень. Але як гэта адбіваецца на прадпрымальніку, які за дзень не зарабіў, магчыма, і 20 тысяч? Прапануем у 102-ім пункце плятформы: ліквідаваць заканадаўчую норму вылічэньня штрафу ў памеры кратнага кошту прадмета правапарушэньня з-за падабенства гэтага акту з канфіскацыяй. Бо цяпер гэта таксама норма.

Карней: То бок можна рэальна казаць пра недасканаласьць беларускага заканадаўства, якое злоўжывае карнымі артыкуламі супраць сваіх грамадзянаў. Сёньня ў парадку рэчаў, калі кантралёраў стымулююць за большую колькасьць спагнаных штрафаў. Ваша прапанова – памер прэміяльных выплат мусіць павялічвацца ў выпадку зьмяншэньня колькасьці правапарушэньняў. Такое ўвогуле нерэальна нават уявіць...

Карагін: У пункце 71-м плятформы мы прапануем з мэтай падвышэньня якасьці выкананьня дзейнага заканадаўства забясьпечыць стымуляваньне спэцыялістаў кантрольных органаў (такія ўстаноўкі ім зрабіць) на зьмяншэньне ўзроўню правапарушэньняў, а адпаведна – штрафаў, іх памеру і колькасьці – шляхам узмацненьня прафіляктычнай і тлумачальнай працы, чым яны сёньня займаюцца ў апошнюю чаргу. Хоць ува ўсіх палажэньнях гэтых кантрольных органаў міністэрстваў і ведамстваў стаіць абавязак працаваць на прафіляктыку, навучаць, тлумачыць, даводзіць сэнс дакумэнтаў. Аднак калі гаворка ідзе пра накладаньне штрафаў, санкцыяў, пакараньняў, то тут яны – наперадзе плянэты ўсёй. А калі трэба папрацаваць, давесьці інфармацыю людзям і г.д., то цяжка штосьці выцягнуць.

Карней: Спадар Карагін, вы згодныя, што на фоне такіх спэцыфічных адносінаў фармуецца грунт для карупцыі, зь якой чыноўнікі адной рукой нібыта змагаюцца, а другой – зграбаюць сабе па кішэнях.

Карагін: Мы лічым, што прапанаваныя намі артыкулы ў тым ліку антыкарупцыйныя. Менавіта таму, што калі прадстаўнік кантрольных органаў асабіста вырашае, ужываць санкцыі ці не ўжываць, сам па сабе ўзьнікае факт карупцыйны. Бо вельмі шмат залежыць ад асабістай пазыцыі чалавека – аформіць ён пратакол ці не аформіць, будзе штрафаваць ці не. Вось на гэтым стыку і зьяўляюцца тыя спакусы, калі ён гатовы атрымаць грошы за станоўчае вырашэньне пытаньня – так званыя “адкупныя”. А прадпрымальнік у безвыходным становішчы: заплаціць штрафу на дзясяткі мільёнаў ці даць хабар у рукі – мільён. Таму ён ідзе па лёгкім шляху з пазыцыі самазахаваньня.

Карней: Вынікам цяперашняй фіскальнай палітыкі – ня толькі папаўненьне бюджэту коштам штрафаў, але й выпадкі, калі бізнэсоўцы ў літаральным сэнсе не спраўляюцца з рэаліямі, апускаюць рукі і нават ідуць на крайнія крокі...

Карагін: Апошнім часам мы ў саюзах, у прадпрымальніцкіх радах увесь час абмяркоўваем сыстэму абсалютна жахлівых штрафных санкцыяў, якія сёньня прадпрымальнікаў вядуць ня толькі да банкруцтва, але й да суіцыду. Калі заднім днём супраць людзей, якія ўвозілі аўтамабілі, быў уведзены непамерны падатак, скончыў жыцьцё самагубствам прадпрымальнік у Гомелі, які ўзяў у лізінг дзьве машыны. Людзі атрымліваюць інфаркты, інсульты, хварэюць. Ведаем шмат фактаў, калі многія ў надзвычай прыгнечаным стане, ня могуць вылезьці з даўгавых ямаў. Мы займаліся справай прадпрымальніцы, у якой быў канфіскаваны тавар на 16 мільёнаў рублёў, узяты ў доўг у іншага чалавека. Са штрафамі па базавых велічынях сума вырасла да 40 мільёнаў ды яшчэ й папера прыйшла, што яе пазбаўляюць ліцэнзіі. То бок яна ніколі не адпрацуе гэтых сродкаў. Ёсьць шмат канкрэтных прыкладаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG