Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі пачалі грамадзкую акцыю “Наш адказ крызісу”. З панядзелка яна праходзіць у 30 гарадох Беларусі і завершыцца 25 красавіка.

“Наш адказ крызісу” – гэта сэрыя дабрачынных, палітычных і асьветніцкіх акцыяў. Да прыкладу, збор рэчаў для дзіцячых дамоў, збор сродкаў для цэркваў, упарадкаваньне могілак, збор подпісаў супраць расходаваньня дзяржаўных сродкаў на будаўніцтва дарагіх аб’ектаў: лядовых палацаў, АЭС, на правядзеньне дарагіх забаўляльных імпрэзаў. Пра мэту акцыі гаворыць сустаршыня партыі Павал Севярынец:

“Мы стараемся абудзіць сярод беларусаў пачуцьцё еднасьці і салідарнасьці перад абліччам крызісу. Бо разумеем, што крызіс – гэта выклік і нам як грамадзянам, і нам як вернікам, і нам як жыхарам гэтае краіны. Працаваць трэба па-новаму і прапаноўваць альтэрнатыву беларусам, звычайным людзям”.

Паводле спадара Севярынца, лібэралізацыя, дабрачыннасьць, эканомія – тры асноўныя правілы ў змаганьні з крызісам, да якіх актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі заклікаюць суграмадзянаў. Да прыкладу, гэтымі днямі яны зьбіраюць подпісы за тое, каб дзяржава эканоміла не на заробках працоўных, настаўнікаў ды дактароў, а на заробках чыноўнікаў. Адзін з удзельнікаў акцыі Дзяніс Кабрусёў зьбіраў подпісы ў студэнцкіх аўдыторыях:

“За тое, каб чыноўнікі пачалі эканоміць на сабе, а не на студэнтах, за гэта падпісваюцца досыць ахвотна. Бо крызіс зачапіў кожнага і кожны ўжо адчуў, што стыпэндыі не падвышаюцца, а цэны ў крамах падвысіліся даўно. Паглядзім яшчэ, як на прахадных заводаў будуць рэагаваць працоўныя”.

Лідэры Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі паведамляюць, што ў рэгіёнах удзел у акцыі прымаюць прадстаўнікі іншых палітычных партыяў і рухаў. Ці аб’яднаюць супольныя намаганьні прадстаўнікі апазыцыйных сілаў пад лёзунгам “Наш адказ крызісу”, стане вядома па завяршэньні акцыі. Сябра рады руху “За Свабоду” Аляксей Кавалец гэтак камэнтуе яе правядзеньне:

“Добра, хоць паводле апошняга сацыялягічнага апытаньня людзі ня вераць, што апазыцыя можа дапамагчы выйсьці з крызісу. Відавочна, што людзі разумеюць: не знаходзячыся ва ўладзе, нават у сыстэмнай апазыцыі, немагчыма паўплываць на ўладу, немагчыма паўплываць на крызіс. Гэта кампанія зноў жа на тое, каб памяняць гэтую ўладу. Трэба намагацца прыйсьці да ўлады і тады пераадольваць крызіс. Бо ў нас жа перадусім палітычны крызіс, які цягне за сабой эканамічны. Вось наш такі адказ крызісу павінен быць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG