Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк гатовы даць грошы на рэформы


Эмблема Сусьветнага банку

Эмблема Сусьветнага банку

Сусьветны банк гатовы даць Беларусі пазыку на мэты разьвіцьця. Пра гэта паведаміў сёньня журналістам дырэктар аддзелу Ўкраіны, Беларусі й Малдовы Сусьветнага банку Марцін Райзэр.

Марцін Райзэр не назваў меркаваную суму крэдытнай падтрымкі, адзначыў толькі, што пазыка будзе дадзеная адным траншам.

“У цэлым мы разумеем, што сусьветны фінансавы крызіс адбіўся й на стане Беларусі. Урад Беларусі робіць значныя намаганьні, каб паступова лібэралізаваць эканоміку. Мы атрымалі ад беларускага ўраду просьбу ва ўмовах крызісу дапамагчы ў выглядзе займу на падтрымку бюджэту. Група спэцыялістаў Сусьветнага банку працавала ў Менску апошнія два з паловай тыдні. Вялося абмеркаваньне магчымасьцяў такога фінансаваньня”, — сказаў ён.

“Пазыкі, якія дае Сусьветны банк, мусяць зацьвярджацца радай дырэктараў. Цяпер дужа рана казаць пра нейкія сумы, бо ёсьць верагоднасьць таго, што першапачаткова плянаваная сума можа ўрэшце памяняцца”.

Сусьветны банк гатовы даць Беларусі пазыку на ўмовах правядзеньня краінай праграмы эканамічных рэформаў.

Райзэр: “Мы спадзяёмся, што зможам узгадніць такую праграму зь Беларусьсю, пасьля чаго Сусьветны банк зможа даць крэдытную падтрымку”.

Сусьветны банк гатовы даць Беларусі пазыку на ўмовах правядзеньня краінай праграмы эканамічных рэформаў.
Марцін Райзэр падкрэсьліў, што праграма рэформаў, якую Беларусь павінна будзе рэалізаваць для атрыманьня пазыкі ад Сусьветнага банку, мае тычыцца ў асноўным трох пытаньняў. Найперш, гэта захады па далейшым паляпшэньні бізнэс-асяродзьдзя й лібэралізацыі эканомікі:

“Мы мяркуем, што гэты кірунак вельмі важны для таго, каб закласьці падмурак для далейшага эканамічнага росту ў краіне, прыцягненьня інвэстараў”.

Прадстаўнік Сусьветнага банку таксама зьвярнуў увагу на неабходнасьць больш эфэктыўнага кіраваньня дзяржрэсурсамі, бо ва ўмовах крызісу яны становяцца абмежаванымі.

Адным з найважнейшых кірункаў праграмы рэформаў ёсьць абарона ўразьлівых слаёў насельніцтва.

Марцін Райзэр таксама адцеміў, што праграма Сусьветнага банку дапаўняе макраэканамічную праграму Міжнароднага валютнага фонду:

“Праграма Сусьветнага банку адрозьніваецца ад праграмы МВФ тым, што ня мае прамежкавых крытэраў для ацэнкі яе выкананьня. Наша пазыка даецца пасьля завяршэньня праграмы рэформаў. Але мы ўзгадняем з урадам сярэднетэрміновыя паказьнікі, каб даведацца, ці дала праграма чаканыя вынікі”.

У пэрспэктыве, па ўдалым завярэньні праекту па ўзычэньні першай пазыкі на мэты разьвіцьця, Сусьветны банк не выключае магчымасьці правядзеньня яшчэ адной аналягічнай апэрацыі. “Гэта будзе залежаць ад таго, наколькі пасьпяхова будзе праведзеная гэтая апэрацыя й завершаная праца з МВФ”.

На сёньня Сусьветны банк вылучыў Беларусі крэдытныя рэсурсы ў аб’ёме 318 мільёнаў даляраў на падтрымку сямі праектаў, паведамляе БЕЛТА.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG