Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Frankfurter Allgemeine: “Лукашэнка — не адзіная чорная авечка…”


“Рэальнасьць праграмы „Ўсходняе партнэрства“ ў тым, што і іншымі краінамі кіруюць далёка ня ўзорныя дэмакраты”.

Такую выснову робіць у сваім артыкуле маскоўскі карэспандэнт гэтай уплывовай нямецкай газэты Міхаэль Людзьвіг.

Як піша аўтар, Крэмль вітае запрашэньне беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі на саміт праграмы ЭЗ “Усходняе партнэрства”. “Нарэшце эўрапейцы ўцямілі тое, што да іх некалькі гадоў спрабавала давесьці Масква, а менавіта — беспэрспэктыўнасьць і недальнабачнасьць палітыкі санкцыяў у дачыненьні да Беларусі”, — сказаў чалавек, які агучвае пазыцыю прэзыдэнта Мядзьведзева — ягоны памочнік Сяргей Прыходзька. Што да кіраўніка расейскага МЗС Сяргея Лаўрова, то ён бачыць ва “Ўсходнім партнэрстве” спробу стварэньня эўрапейскай сфэры ўплыву ва ўсходнеэўрапейскіх краінах, якія мяжуюць з Расеяй. “Калі гэта так, то Масква супраць”, — кажа Лаўроў.

Сапраўды, у ЭЗ уцямілі, што санкцыі не паляпшаюць палітычнай сытуацыі ў “апошняй дыктатуры Эўропы”, а таму вырашылі паспрабаваць дасягнуць лібэралізацыі з дапамогай прапаноў. Акрамя таго, Брусэль хоча прадухіліць прыняцьце Лукашэнкам рашэньня, на якім так настойвае Масква, — прызнаньне незалежнасьці грузінскіх правінцый Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Як мяркуе нямецкі журналіст,
Эўразьвяз мае што прапанаваць Беларусі, і гэта ўзмацняе яго пазыцыю.
Эўразьвяз мае што прапанаваць Беларусі, і гэта ўзмацняе яго пазыцыю. Хутчэй за ўсё, гэтым і заклапочаныя маскоўскія палітыкі. У плянах новай архітэктуры бясьпекі яны бачаць, так бы мовіць, “Хэльсынкі-2”. У выніку Масква можа апынуцца ў нязручным становішчы.

Тым часам, адзначае аўтар, Брусэль яшчэ, бадай, не знайшоў канчатковай пазыцыі ў дачыненьні да Менску. Для беларускай жа апазыцыі справа выглядае надзвычай яснай. Анатоль Лябедзька, а таксама Аляксандар Казулін, які паводле загаду Лукашэнкі быў кінуты за краты, успрынялі запрашэньне беларускага кіраўніка ў Прагу як здраду эўрапейскім каштоўнасьцям, а палітыкаў ЭЗ палічылі крывадушнымі. Іх сапраўдны саюзьнік — чэскі прэзыдэнт Вацлаў Клаўс, які заявіў, што ні ў якім выпадку не падасьць Лукашэнку рукі.

Аўтар не выключае, што замест Лукашэнкі ў Прагу можа прыехаць яго прадстаўнік, аднак гэта — іншая справа.

Сутнасьць у тым, што такі жэст Менску, як вызваленьне палітвязьняў, быў расцэнены ЭЗ як сыгнал да збліжэньня і падштурхнуў Брусэль прыпыніць забарону на ўезд у ЭЗ высокага беларускага кіраўніцтва, якая дзейнічала некалькі гадоў.

“На жаль, рэальнасьць „Партнэрства“ ў тым, што і іншымі краінамі кіруюць далёка ня ўзорныя дэмакраты. Лукашэнка — не адзіная чорная авечка”, — падсумоўвае журналіст Frankfurter Allgemeine.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG