Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Апошняе месца, дзе можна было выстаўляцца без узгадненьняў"


Пісьменьнік Павал Касьцюкевіч раздае аўтографы ў "Падземцы"

Пісьменьнік Павал Касьцюкевіч раздае аўтографы ў "Падземцы"

Сёньня зачынілі арт-галерэю “Падземка”, якая працавала ад 2004 году ў сталіцы на праспэкце Незалежнасьці, 43.Прычыны закрыцьця дырэктарка Валянціна Кісялёва і арт-дырэктарка Ганна Чыстасердава тлумачаць тым, што новае кіраўніцтва прыватнай юрыдычнай асобы, структурным падразьдзяленьнем якой была “Падземка”, “праігнараваўшы ўсе папярэднія дамоўленасьці, вераломна і бэзапэляцыйна заявіла пра немагчымасьць далейшага супрацоўніцтва”.

Арт-дырэктарка “Падземкі” Ганна Чыстасердава пацьвердзіла нашаму радыё, што мастацкіх выставаў у “Падземцы” больш ня будзе. Прычыны закрыцьця экспазыцыйнай залі, паводле яе словаў, у тым, што дырэкцыя арт-галерэі не сышлася ў думках пра яе прызначэньне з новым кіраўніцтвам прыватнай юрыдычнай асобы, структурным падразьдзяленьнем якой застаецца ад 2004 году “Падземка”.

“Тое, што мы бачым у будучыні ў арт-галерэі, не супала з плянамі новых кіраўнікоў”.

“Падземка” была культавым месцам у сталічнай культурнай прасторы. Тут выстаўляліся творы многіх афіцыйна не прызнаных беларускіх мастакоў. Апошняй была выстава Адама Глобуса.

“Я калі адкрываў выставу, гаварыў, што мне наканавана зрабіць выставу жывапісу. Я яе зрабіў. Вельмі крыўдна, што гэта апошняя выстава ў галерэі “Падземка”. Вельмі крыўдна, таму што былі пляны — цудоўная галерэя. Удвая крыўдна, што ёсьць людзі, якія закрываюць такія галерэі. Тым больш што гэта было апошняе месца ў Менску, дзе можна было выстаўляць карціны без усялякіх узгадненьняў з рознымі выстаўкамамі, рознымі інстанцыямі. І вось гэта — самае крыўднае, што апошняе такое месца зьнікае з мастацкай мапы Менску дый усёй Беларусі”.

Апрача выставачнай, у “Падземцы” ёсьць яшчэ дзьве залі, дзе прадаваліся мастацкія сувэніры і кампакт-дыскі. Апошнія два месяцы тут з посьпехам працавала кнігарня недзяржаўнага выдавецтва “Логвінаў” і праводзіліся прэзэнтацыі кніг незалежных беларускіх аўтараў. Пра лёс кнігарні я спыталася ў галоўнага рэдактара выдавецтва Аляксандры Дынько.

“Пакуль што мы будзем працаваць, як працавалі. Пакуль што нам абяцалі, што ўсе дамоўленасьці застаюцца ў сіле і для нас нічога ня зьменіцца”.

Дырэктарка “Падземкі” Валянціна Кісялёва сказала, што крама сувэніраў у гэтым памяшканьні застаецца.

“Праца крамы не спыняецца, яна як працавала, так і будзе працаваць, проста адсюль прыбіраецца выставачны фармат”.

Што будзе замест выставаў у экспазыцыйнай залі, спадарыня Кісялёва ня ведае. Яна паведаміла, што яе, як і арт-дырэктарку “Падземкі” Ганну Чыстасердаву, пасьля перадачы карцін мастакоў з працы звольняць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG