Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пра што будуць размаўляць праваслаўны атэіст і папа рымскі?”


Запрашэньне Аляксандра Лукашэнку на саміт у Прагу, магчымая сустрэча кіраўніка Беларусі з папам рымскім, падрыхтоўка да правядзеньня “Чарнобыльскага шляху”, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

Аляксандар Лукашэнка атрымаў запрашэньне на сустрэчу кіраўнікоў краінаў, якім прапанавана далучыцца да праграмы “Ўсходняе партнэрства” . Слухачы “Свабоды” працягваюць камэнтаваць гэтую тэму.

Аляксандар Лапіцкі: “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода! Ахвяры палітычных рэпрэсій гораду Менску падтрымліваюць пазыцыю прэзыдэнта Рэспублікі Чэхія ў дачыненьні да запрашэньня прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да ўдзелу ў працы саміту эўрапейскіх краін 7 траўня 2009 году”.

Спадарыня: “Многія грамадзяне дзяржаў Эўразьвязу незадаволеныя рашэньнямі, якія прымаюць дэпутаты Эўрапарлямэнту. Запрашэньне Лукашэнкі на саміт у Чэхію 7 траўня ўзмоцніць незадаволенасьць і павялічыць колькасьць незадаволеных грамадзян, так што дзейны парлямэнт гэтым запрашэньнем ставіць на сабе крыж. Наўрад ці новым складам Эўрапарлямэнту спадар Барозу будзе зноў абраны на пост яго старшыні”.

Спадарыня: “Хай едзе Лукашэнка, куды хоча. Так хочацца пажыць безь яго. У нас ёсьць разумныя людзі: Казулін, Мілінкевіч, маладыя хлопцы і дзяўчаты, народ з вамі, а не з Лукашэнкам. Абрыд ён нам так, што мы проста ня можам. У адстаўку яго!”

Cпадар: “Такая інфармацыя. Вы пытаецеся ці ехаць Лукашэнку ў Прагу. Адказ нас, беларусаў. Абавязкова. Хай ён пабачыць, як паводзяць сябе адукаваныя людзі, на якой мове гавораць са сваім народам, які даверыў яму уладу. Колькі ж нам, самым законапаслухмяным, шматпакутным ад войнаў, Чарнобыля быць адшчапенцамі, адмарозкамі і іншымі бруднымі падонкамі у нашага слугі народа. Паважанае радыё “Свабода”, трэба ня толькі дазволіць паехаць, трэба заклікаць, каб ён паглядзеў, як людзі працуюць і жывуць”.

Яшчэ адна тэма абмеркаваньня слухачоў — магчымая сустрэча кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з папам рымскім Бэнэдыктам ХVІ:

Гары Табашнік, Менск: “Вельмі цікава, пра што будуць размаўляць у Ватыкане праваслаўны атэіст і папа рымскі. Відаць, пра парушэньне правоў чалавека ды пра разгоны дэманстрацый”.

Далей слухач задае пытаньне:

Віктар Буто, чарнобыльскі ліквідатар, інвалід: “У які час і дзе 26 красавіка ў Менску адбудзецца чарнобыльская акцыя пратэсту?”

На пытаньне адказвае адзін з заяўнікаў акцыі, намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Вельмі істотны зьмест “Чарнобыльскага шляху” — гэта штогод нагадваць пра глябальную катастрофу, якая не зь віны беларусаў звалілася на нашыя галовы. І нагадваць пра тое, што ўлада абавязаная дбаць пра людзей, а іх вельмі шмат, якіх гэтая бяда закранула. Сёньня мы маем дазвол, спадзяемся, што ён будзе нейкім чынам яшчэ змадыфікаваны. Але месца збору наўрад ці будзе зьмененае: гэта пляц каля Акадэміі навук, нядзеля, 26 красавіка, а 12-й гадзіне. Гэтае месца збору дазволенае, запрашаем усіх”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG