Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За рэчы напракат не разьлічваюцца


Пункты пракату, якія дзейнічаюць у беларускіх гарадах яшчэ з савецкіх часоў, усьцяж карыстаюцца попытам. Але падчас крызісу ня ўсе кліенты могуць своечасова аплаціць іхнія паслугі.


Як і раней, напракат у гарадзенскіх пунктах можна ўзяць бытавую тэхніку, розны інструмэнт, посуд, тэлевізары, лядоўні і іншае рознае. Праўда, зараз у пунктах пракату ня так шматлюдна, як некалі.

Спадарыня Вольга, якая ўжо 10 гадоў працуе ў адным з пунктаў пракату занёманскай часткі Горадні, распавядае, што з крызісам у іх зьявіліся даўжнікі, якія ня могуць своечасова разьлічвацца. Раней, зь яе слоў, такога не было.

Спадарыня: “Яны бралі рэчы даўно й нармальна аплочвалі да крызісу. Вось, да прыкладу, з заводу карданных валоў — уся сям’я там робіць. Сын і бацька на заводзе, маці на пэнсіі, заробак малы. Грошай хапае разьлічыцца за кватэру і трохі на хлеб. А за тэлевізар разьлічыцца грошай няма. Кажа мне, што я й ня ведаю, што рабіць...”

У іншым пункце пракату спадарыня Людміла мне распавядае, што з пачаткам крызісу ім наагул не ўдаецца выканаць плян, які ім даводзяць і ад якога залежыць іхні заробак.

Зь яе слоў, стала менш кліентаў, але найбольш шкодзіць тое, што людзі ня могуць своечасова плаціць за пракат рэчаў, якія бяруць. Пытаюся — колькі ў іхнім пункце даўжнікоў?

Спадарыня Людміла: “На сёньняшні дзень 5 па тэлевізарах і 5 па лядоўнях”.

Добрымі кліентамі лічацца студэнты й пэнсіянэры, якія, са слоў спадарыні Вольгі, разьлічваюцца своечасова. Праўда, студэнты хутка зьедуць на канікулы і кліентаў ізноў паменее.

У трэцім пункце пракату спадарыня Тацяна кажа мне, што, зыходзячы з свайго досьведу, робіць выснову: колькасьць пунктаў пракату скароціцца.

Спадарыня Тацяна: “Цяпер, канечне, ня вельмі добра і разьлічваюцца, бо заробкі своечасова не выплочваюць. Але выручкі сталі меншыя за кошт таго, што паменела кліентаў. У людзей няма грошай”.

Карэспандэнт: “Значыцца, вы таксама плян не выконваеце?”

Спадарыня Тацяна: “Мы імкнемся выконваць, але атрымліваецца слабавата”.
XS
SM
MD
LG