Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах на парожніх бутэльках не заробіш


У Баранавічах пункты прыёму шклатары скарачаюць час працы, асобныя зь іх зачыняюцца ўвогуле. Пэнсіянэры і беспрацоўныя незадаволеныя, бо ў іх адбіраюць магчымасьць дадатковага заробку.


У Баранавічах на сёньня больш як 30 месцаў, дзе павінны прымаць шклатару. Аднак здаць парожнія бутэлькі практычна немагчыма. На гэта скардзяцца тыя, хто лічыць кожную капейку.

“Я ўжо хаджу чатыры дні. Столькі часу трэба траціць на гэта. Скрыняў няма. Кажуць, крызіс. То там працуе, то тут не працуе. Калі працуе, то чаргу трэба займаць з шасьці раніцы, каб здаць гэтыя пляшкі. Надакучыла мне ўжо цягацца зь імі туды-сюды”, — кажа ля зачыненага пункту прыёму на вуліцы Чыгуначнай дзядзька Алесь.

У краме ля аўтавакзалу прадавачка паведаміла, што іх абмяжоўваюць у грашох — выдзяляюць на аплату пустых бутэлек толькі трыста тысяч рублёў і мінімум скрыняў пад такія патрэбы. Адказваць на іншыя пытаньні пра шклатару прадавачка адмовілася:

“Ня ведаю. Я за іх не адказваю...”

У краме “Славянка” заяўляюць, што пад парожнія пляшкі няма тары:

“Тара, можа, зьявіцца, можа — не. Заўсёды праблемы з тарай. Усюды ў горадзе. Выпуск тары неэфэктыўны. Пастаўшчык не бярэ столькі. Ня трэба яму столькі бутэлек”, — патлумачыла прадаўшчыца Валянціна.

Некаторыя пункты прыёму ў Баранавічах скарацілі працоўны час. А ў некаторых крамах, як, напрыклад, у прыгараднай “Палонцы”, прыёмшчыцу посуду адправілі ў адпачынак:

“Тыдні два пакуль ня будзе. Пайшла ў адпачынак у нас прыёмшчыца посуду на два тыдні”, — паведаміла іншая прадавачка гэтай крамы.

У аддзеле гандлю Баранавіцкага гарвыканкаму паведамілі, што цяперашні закладны кошт пустой пляшкі не кампэнсуе выдаткаў на збор і транспартаваньне шклатары.

Дарэчы, парожнія бутэлькі цяпер каштуюць ад 140 да 360 рублёў. У крызіс для шмат каго з пэнсіянэраў такі заробак быў істотным дадаткам да мізэрных пэнсій.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG