Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыказкі пра пачатак тыдня ёсьць амаль ва ўсіх краінах. У Беларусі кажуць: “Панядзелак — дзень цяжкі”. Нядаўна брытанскія дасьледчыкі абверглі гэты стэрэатып. Тры тысячы брытанцаў, якія пагадзіліся ўдзельнічаць у дасьледаваньні, дапамаглі выявіць тэндэнцыю: самым цяжкім момантам тыдня ёсьць поўдзень аўторка. Ці актуальна гэткае меркаваньне для Беларусі?

Камэнтуючы вынікі дасьледаваньня, навуковец Грэм Уотэрс патлумачыў: “Поўдзень аўторка — гэта момант, калі мы ўжо па-сапраўднаму, а не фармальна ўваходзім у працоўны настрой. Шмат хто нават гатовы адмовіцца ад ланчу, разумеючы аб’ём працы, які чакае цягам тыдня”.

У беларусаў тое, ці цяжкі панядзелак залежыць ад таго, на якой пасадзе працуе чалавек і якую мае прафэсію, лічыць прафсаюзны лідэр полацкага “Шкловалакна” Мікола Шарах. Прыкладам, чыноўнікі, паводле ягоных назіраньняў, у панядзелак сапраўды не абцяжарваюць сябе працай, — такая спадчына савецкай сыстэмы.

Людзі замест таго каб актыўна працаваць, неяк так вагаюцца паміж працай і бадзяньнем.
“У панядзелак пасьля выходных звычайна ўсялякія у чыноўнікаў нарады зранку, працы ўласна кажучы няма. І людзі замест таго каб актыўна працаваць, неяк так вагаюцца паміж працай і бадзяньнем. Фактычна зроблена, арганізавана так, што першую палову панядзелка — працы ніякай няма. Панядзелак атрымліваецца днём прапашчым для працы”.

А вось калі, прыкладам, заробак работніка залежыць ад выпрацоўкі пляну, а працуе ён па зьменах, панядзелак — такі самы дзень, як пятніца.

“Я працую пазьменна, таму для мяне ўсе дні роўныя, хаця ўсё адно панядзелак трохі адчуваецца нейкім іншым. Але ўсё ж калі па зьменах працуеш, то амаль не зважаеш на тое, які там дзень па календары, а глядзіш, які ён у цябе паводле графіку”.

Псыхоляг з адукацыі, адмыслоўца па кадрах адной з буйных інтэрнэт-крамаў Юлія Сакалова лічыць, што ўсялякія прымаўкі — гэта выключна народная творчасьць і апраўданьне ляноце. Калі чалавек мае ў працы матывацыю, ягоная працаздольнасьць будзе высокай і на пачатку тыдня, і напрыканцы. Матывацыяй у іх фірме лічаць, у прыватнасьці, тайм-шыт — штодзённую справаздачу, чым канкрэтна пагадзінна займаўся на працоўным месцы чалавек. Паводле каэфіцыенту карыснай працы вызначаецца прэмія:

“Самае галоўнае ў кожнай арганізацыі — гэта стварыць вельмі строгую сыстэму мэнэджмэнту людзьмі, сыстэму матывацыі і арганізаванасьці працоўнага дня. Калі кожны супрацоўнік будзе добра, дэталёва плянаваць свой працоўны дзень, яму будзе значна лягчэй пазбавіцца разьняволенасьці пасьля выходных і пачаць працаваць не ў аўторак, а непасрэдна ў панядзелак”.

Апроч матывацыі важная і асабістая адказнасьць чалавека за працу.
Крэатыўны дырэктар рэклямнага агенцтва Канстанцін Вярба лічыць, што апроч матывацыі важная і асабістая адказнасьць чалавека за працу. Калі ў цябе ёсьць пэўная задача, то ты думаеш пра яе вырашэньне й па-за працай. Хаця псыхалягічна найскладанейшая, па ягоных назіраньнях, другая частка панядзелка:

“Да абеду ты разьняволены, п’еш каву, глядзіш тэлевізар, гартаеш старонкі інтэрнэту. Літаральна ў абед ужо разумееш, што дзявацца няма куды, пачынаеш працаваць. Аўторак — гэта амаль серада, амаль сярэдзіна тыдня. А чацьвер-пятніца — ужо канец тыдня, ужо плянуеш выходныя. Так што самае галоўнае — перажыць панядзелак”.

На думку мэдсястры адной са сталічных паліклінік Дыяны, панядзелак — найцяжэйшы дзень тыдня. Асабліва калі выходныя супадаюць з усенароднымі сьвятамі. Як казалі браты Стругацкія, “панядзелак пачынаецца ў суботу”. А ў Беларусі і раней, у пятніцу, калі адзначаюць канец тыдня.

“У панядзелак, асабліва пасьля сьвятаў, у траўматолягаў, хірургаў вельмі шмат пацыентаў. І ў бальніцах такая самая сытуацыя, наколькі я ведаю. У бальніцы хуткай дапамогі вельмі шмат працы пасьля выходных і сьвяточных дзён. Траўматолягі, нэўрапатолягі, хірургі, тэрапэўты. У каго пералом рэбраў, хто спатыкнуўся — паваліўся”.

На думку дызайнэра Руслана, ніякая статыстыка адносна цяжкасьці таго ці іншага дня тыдня не можа быць аб’ектыўнай. Бо на псыхалягічнае ўспрыманьне дня ўплывае індывідуальная арганізаванасьць чалавека ў працы, а таксама, дзе менавіта ён працуе. Мой суразмоўца, прыкладам, цяпер працуе ў хаце. І няма ніякай розьніцы, нядзеля сёньня ці панядзелак, — ёсьць праца — яе трэба зрабіць як мага хутчэй. А эфэкт панядзелка, калі ты дома — перашкаджае заўсёды:

“Я разумею так, што гэткая форма працы — не для мяне. Расслабляе вельмі. Зь іншага боку, ёсьць плюс. Вельмі шмат сіл і часу ты эканоміш на дарозе. У мяне вельмі далёка офіс, гэта гадзіна — туды, гадзіна — назад. Так што эканомія відавочная”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG