Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загад па камбінаце: “У змушаны адпачынак — па чарзе”


Ніводнага заказу не атрымаў сёлета на выраб жылога дома з драўлянага брусу Гомельскі камбінат будаўнічых канструкцый. З-за крызісу прадпрыемства мусіць скарачаць працоўны тыдзень.


На Гомельшчыне ўжо шэсьць прадпрыемстваў будаўнічай галіны працуюць сёлета са стратамі. Тыповы прыклад -- Гомельскі камбінат будаўнічых матэрыялаў. Прадпрыемства працуе цяпер толькі чатыры дні на тыдзень.

Вось што паведаміў сёньня “Свабодзе” рабочы прадпрыемства спадар Мікалай:

“У пятніцу мы не працуем — няма патрэбных аб’ёмаў. Мы ж усё робім для будаўніцтва. Прадукцыя наша пакуль ня ў поўнай меры запатрабаваная. Каб не працаваць на склад, то такое рашэньне — чатырохдзёнка ў гэтым месяцы”.

Камбінат сёлета плянаваў вырабляць жылыя дамы з драўлянага брусу. Аднак ад пачатку году не было ніводнай замовы. Упаў таксама попыт на вокны, дзьверы, розныя піламатэрыялы. З-за прастояў зьніжаюцца заробкі. Расказвае рабочая цясьлярнага цэху Алена:

“Падпісалі такі загад па камбінаце, што на паўгода, калі ня будзе працы, усе падразьдзяленьні будуць па чарзе хадзіць на прастой. Усе! І плаціць будуць дзьве траціны тарыфнай стаўкі. Напрыклад, у мяне сто тысяч рублёў атрымліваецца на месяц. Як плаціць за кватэру? Таксама, мабыць, ня трэба плаціць, калі я не працую”.

“Наўрад ці Бог ведае, калі гэты крызіс скончыцца”

Галоўны інжынэр прадпрыемства Аляксандар Перавозьнікаў, які выконвае зараз абавязкі дырэктара, тлумачыць:

“Гэта ня толькі ў нас — усюды так пайшло. Мы не забясьпечаныя заказамі. Мы робім вокны, дзьверы, просталінейныя клееныя брусы. У прынцыпе — працуем на будаўнічы комплекс Беларусі. А калі гэты комплекс не працуе на поўную моц, то і нам не дае аказы. Пакуль на дамы нават заказаў не было”.

Калі сытуацыя зьменіцца да лепшага, кіраўнік сказаць ня можа:

“Нават Бог ня ведае, калі крызіс скончыцца. Кажуць, спачатку скончыцца ў Амэрыцы, а пасьля — па ланцужку. Скончыцца спачатку там, дзе пачаўся. А да каго ў апошнюю чаргу дайшоў, там ён апошнім і закончыцца”.
XS
SM
MD
LG