Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам сьвету няма дзе сабрацца


Алена Макоўская, старшыня ЗБС "Бацькаўшчына"

Алена Макоўская, старшыня ЗБС "Бацькаўшчына"

Лёс заплянаванага на сярэдзіну ліпеня зьезду Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” — застаецца няпэўным.


Адміністрацыі блізу двух дзясяткаў установаў, куды аргкамітэт зьвярнуўся па дазвол, каб арандаваць залю для гэтай імпрэзы, адказалі адмовай. Афіцыйнай прычынай найчасьцей называюцца “рамонтныя працы”, якія прыпадаюць якраз на згаданы пэрыяд. У штаб-кватэры арганізацыі лічаць, што насамрэч да замаруджваньня рашэньня прыклалі руку гарадзкія ўлады.

V зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” мяркуецца правесьці 18—19 ліпеня. Аднак цягам апошніх дзён кіраўніцтва арганізацыі атрымала цэлы стос адмоваў ад уласьнікаў заляў. У пераліку — Палацы культуры МАЗу і МТЗ, ДК прафсаюзаў, Дом афіцэраў, канцэртная заля “Мінск”, актавая заля Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, а таксама больш за паўтара дзясятка іншых установаў сталіцы. Папярэдні зьезд у 2005 годзе ладзіўся ў Міжнародным адукацыйным цэнтры (ІВВ), аднак сёлета адміністрацыя цэнтру арганізатарам таксама адмовіла.

Старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская зазначае, што практычна ва ўсіх выпадках адпачатку на кантакт зь імі ішлі вельмі ахвотна — кожны гаспадарнік зацікаўлены, каб зарабіць на арэндзе залі. Аднак вельмі хутка настроі зьмяняліся:

“Калі мы зьвярталіся непасрэдна, скажам, у тую ж канцэртную залю “Мінск” ці ў ДК прафсаюзаў, то спачатку было вельмі добразычлівае стаўленьне. Таму што, натуральна, мы разумеем: у сёньняшняй сытуацыі нашым залям выбіраць шмат не даводзіцца. А мы ж прасілі не бясплатна прадставіць нам гэтыя памяшканьні. Але праз тыдзень-два атрымлівалі адтуль ужо афіцыйныя лісты з адмовай. То бок відавочна, што гэтыя пытаньні ўзгадняліся з кімсьці наверсе. Дакладна гэта пазыцыя Менгарвыканкаму ці вышэйшых уладаў — сказаць складана, таму што мы гэтай кухні ня ведаем, але відавочна, што ўзгадненьні былі”.

На мінулым тыдні ад імя аргкамітэту накіраваны зварот ва Ўпраўленьне ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму з просьбай дазволіць правядзеньне зьезду. У іншым выпадку арганізатары пакідаюць за сабой права разгледзець альтэрнатыўныя варыянты, аж да правядзеньня зьезду на адной з цэнтральных плошчаў:

“Мы накіравалі ліст у Менгарвыканкам, зьвярнуліся менавіта з тым, каб нам дазволілі прадставіць Міжнародны адукацыйны цэнтар ІВВ, дакладна гэтае месца. Таму што нам на сёньняшні дзень адмовіла толькі адміністрацыя самога цэнтру, але мы лічым, што ўсё ж гэта адбылося пасьля ўзгадненьня зь Менгарвыканкамам. Калі будзе адмова з боку гарадзкіх уладаў, то ў дадзеным выпадку гэта будзе азначаць адно: у нас няма месца для правядзеньня зьезду ў Менску. Будзем, адпаведна, склікаць Раду і прымаць рашэньне, якім чынам далей вырашаць вось гэтае арганізацыйнае пытаньне. Думаю, што тыдні праз два мы можам спадзявацца на нейкі адказ”.

Карэспандэнт: “Тэарэтычна ня выключаны варыянт зьезду за мяжой?”


“Натуральна, што ня выключаны. У кожным разе, калі ў нас узьнікалі праблемы з памяшканьнем на правядзеньне зьезду ў Беларусі, мы такі варыянт разглядалі. І таму мы зноў лягічна да яго вяртаемся”.

У прыёмнай Упраўленьня ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму пацьвердзілі, што згаданы ліст зарэгістраваны і стаіць зараз у чарзе на рэагаваньне:

“Так, я памятаю такі ліст, яго расьпісваў намесьнік начальніка на рэагаваньне ў аддзел грамадзка-масавых мерапрыемстваў. І гэта ў кампэтэнцыі начальніка аддзелу грамадзка-масавых мерапрыемстваў Тамільчыка Эдуарда Валянцінавіча”.

Спадар Тамільчык на зварот Радыё Свабода сказаў, што пакуль ліста не атрымліваў, але даў зразумець, што арэнда заляў — у кампэтэнцыі ўласьнікаў:

“Ведаеце, у мяне пакуль ніякіх дакумэнтаў няма, нічога на разгляд не патрапіла. Але што тычыцца сутнасьці пытаньня, то ў нас жа ў гэтых залях свае ўласьнікі, яны самі і вырашаюць”.

Карэспандэнт: “Арганізатары сьцьвярджаюць, што адпачатку стаўленьне да іх якраз добрае, але потым рэзка зьмяняецца...”

“Шчыра кажучы, ня ў курсе. Але калі разглядаць зьезд як грамадзка-масавае мерапрыемства, то цягам месяца адказ яны атрымаюць у любым выпадку”.

Зьезд беларусаў сьвету склікаецца раз на чатыры гады. Праблемаў з правядзеньнем імпрэзы не было толькі аднойчы — у 1993 годзе, калі ў першым зьезьдзе актыўна ўдзельнічала тагачаснае кіраўніцтва Беларусі. У астатніх выпадках за памяшканьне даводзілася змагацца, атрымліваючы станоўчае рашэньне літаральна за ноч да мерапрыемства. На пятым зьезьдзе чакаецца ўдзел кіраўнікоў і сябраў беларускіх арганізацый больш як з двух дзясяткаў краінаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG