Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра падзеі палітычнага, грамадзкага і культурнага жыцьця ў Беларусі цягам гэтага тыдня.




20 красавіка, панядзелак:

Сёньня, 20 красавіка, каардынатары агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” праводзяць прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную паўгодзьдзю дзейнасьці. Яны распавядуць пра зробленае і паведамяць пра пляны на будучыню”.

***

Таксама сёньня, 20 красавіка, стваральнікі партыі Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя распачынаюць акцыю пад назваю “Наш адказ на крызыс”. Яна будзе доўжыцца цягам тыдня і пройдзе ў 30 гарадах Беларусі, паведамляе адзін з сустаршыняў партыі Павал Севярынец:
“Галоўная мэта гэтай кампаніі, паказаць беларусам, што варта адказваць на выклікі нашага часу. Каб не хаваць галаву ў плечы і не рабіць выгляд, што крызыс – гэта, нібыта, дрэннае надвор’е, а ўспрыняць яго як выклік і адказаць на гэты крызыс”.


21 красавіка, аўторак:

У аўторак, 21 красавіка, у Вярхоўным судзе будзе разгледжаная скарга заснавальнікаў грамадзкай праваабарончай арганізацыі “Наша Вясна” на адмову Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць арганізацыю. Гаворыць адзін з заяўнікаў, праваабаронца Алесь Бяляцкі:

“У студзені правялі ўстаноўчы сход і падалі дакумэнты на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі. Нам адмовілі, знайшоўшы 328 прычынаў чаму нас зарэгістраваць нельга. Мы падалі скаргу ў Вярхоўны суд, бо мы рэгістравалі рэспубліканскую арганізацыю і адзіная інстанцыя, якая можа вынесьці рашэньне па нашай скарзе, гэта Вярхоўны суд”.


22 красавіка, серада:

У сераду, 22 красавіка, у Менску пройдзе канфэрэнцыя “Удзел грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў ініцыятыве Усходняга партнёрства”, якую рыхтуюць шэраг грамадзкіх арганізацыяў краіны. Пра мэту яе правядзеньня паведамляе адзін з арганізатараў, кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня “Адукацыйны цэнтр “Пост”” Уладыслаў Вялічка:

“па-першае, зрабіць працэс падрыхтоўкі прапаноў і ідэяў ад імя беларускай грамадзянскай супольнасьці ў дачыненьні да “Усходняга партнёрства” больш адкрытымі і публічнымі. А другая мэта, гэта тэму беларуска-эўрапейскага супрацоўніцтва выкарыстаць з мэтай зьвярнуць ўвагу на патэнцыял у Беларусі”.


23 красавіка, чацьвер:

У чацьвер, 9 красавіка, кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка выступіць са штогадовым пасланьнем перад Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь. Пра магчымы зьмест гэтага пасланьня гаворыць палітоляг Аляксандр Класкоўскі:
“Па-першае, могуць быць адказы на пытаньні як паўплываў крызыс на Беларусь. Бо той пэрыяд ужо прайшоў, калі казалі, што крызысу няма. І другі момант – гэта эўрапейскі вэктар, гэта “Усходняе партнэрства”. І яшчэ некаторыя далікатныя пытаньні, бо Захад жа “накідае” і такія патрабаваньні, якія тычацца дэмакратыі і правоў чалавека”.


24 красавіка, пятніца:


У пятніцу, 24 красавіка, у менскім клюбе "Рэактар" распачнецца міжнародны фэстываль "Дударскі фэст". А ягоны заключны канцэрт адбудзецца 28 красавіка пад адкрытым небам у фальварку "Дудуткі". Гаворыць прадусар фэстывалю Зьміцер Сасноўскі:

"Сёлета будуць замежныя гурты і ў першы дзень і на закрыцьцё"

***

Таксама у пятніцу, 24 красавіка, лідэры дэмакратычнай апазыцыі распачнуць паездку па чарнобыльскіх рэгіёнах Беларусі. Гаворыць адзін з удзельнікаў, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Папярэдне далі згоду ўдзельнічаць у гэтай паездцы Аляксандр Казулін, Сяргей Калякін, Віктар Гарбачоў. Паездка па выразна-чарнобыльскіх рэгіёнах: нароўля, Хойнікі, Брагін, Ветка. Галоўная нашая мэта – сустрэцца з найбольшай колькасьцю людзей, якія там жывуць”.


25 красавіка, субота:

У суботу, 25 красавіка, жыхары пасёлку Дружны і Сьвіслач Пухавіцкага раёну праводзяць мітынг супраць будаўніцтва ў гэтым рэгіёне хімічнага заводу расейскай прыватнай кампаніі “Аўгуст-Бел”. Супрацьстаяньне паміж мясцовымі ўладамі, забудоўнікамі і мясцовымі жыхарамі доўжыцца больш за год, паведамляе адзін з заяўнікаў акцыі Сяргей Абразоўскі:

“Мы будзем ужо казаць не пра будаўніцтва хімічнага заводу. Мы будзем гаварыць пра парушэньне правоў чалавека ў нашым рэгіёне. Прадпрыемства працягвае будавацца без правядзеньня грамадзкіх слуханьняў, не зважаючы на меркаваньні і пратэсты людзей. Таму мы лічым, што парушаюцца правы дзесяткаў тысяч грамадзян у нашым рэгіёне”.



26 красавіка, нядзеля:


У нядзелю, 26 красавіка, у Менску пройдзе штогадовая вулічная акцыя “Чарнобыльскі шлях”, прымеркаваная да гадавіны аварыі на ЧАЭС. Менгарвыканкам не дае згоду арганізатарам на правядзеньне акцыі па прапанаванаму імі шляху і вызначае свой маршрут, кажа адзін з заяўнікаў, старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:

“У прынцыпе мы чакалі такое рашэньне і таму падрыхтавалі і перадалі заяву. Мы сказалі, што з такім рашэньнем катэгарычна ня згодныя і патрабуем да 21 красавіка – апошні тэрмін—перагледзець рашэньне выканкама”.
XS
SM
MD
LG