Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі патрабуюць вызваленьня Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі


Юры Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч

Юры Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч

“Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня палітвязьняў! Заклікаем усіх людзей добрай волі зрабіць усё магчымае, каб у нашай краіне не было палітвязьняў.” – гаворыцца ў заяве Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў.


“Лідэр прадпрымальнікаў, палітвязень Мікалай Аўтуховіч распачаў галадоўку супраць незаконнага зьняволеньня. Мы ганарымся мужнасьцю нашага калегі. Мы салідарны з палітвязьнямі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыям Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам і іх сем’ямі”, напісана ў заяве.

“Галадоўка М. Аўтуховіча на наш погляд, гэта ня толькі пратэст супраць прававога бязьмежжа парушэньня чалавека правоў чалавека па сваёй канкрэтнай палітычнай справе, гэта барацьба за лепшую будучыню ўсёй Беларусі”, - гаворыцца ў заяве, якую падпісалі Анатоль Зьмітровіч, Аляксандар Макаеў, Ігар Леднік, Сяргей Парсюкевіч, Валер Шаўчэнка.

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч 16 красавіка абвясьціў бестэрміновую галадоўку ў менскім ізалятары № 1. Разам са сваімі паплечнікамі Юр’ем Лявонавым і Ўладзімерам Асіпенкам быў арыштаваны 8 лютага.

Усім тром прад'яўленыя абвінавачваньні паводле артыкула 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці).

Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў — былыя палітвязьні. Яны былі асуджаныя на турэмнае зьняволеньне, але летась гэтае пакараньне ім замянілі на абмежаваньне волі.

Мікалай Аўтуховіч раней некалькі разоў абвяшчаў галадоўкі, калі быў пад сьледзтвам у гарадзенскай турме. Самая доўгая зь іх працягвалася 74 дні. Тады даходзіла да таго, што ён траціў прытомнасьць у судовай залі.
XS
SM
MD
LG