Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не задаволіў пазоў экс-пракурора Міхаіла Сьнегіра


Міхаіл Сьнягір

Міхаіл Сьнягір

Заводзкі раённы суд Менску не задаволіў пазоў былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра адносна элітнай кватэры ў цэнтры Менску, з-за якой летась яго зьнялі з пасады.


20 красавіка судзьдзя Заводзкага суду Менску Алег Каляда абвясьціў сваё рашэньне адносна спрэчкі вакол элітнай кватэры № 10 у 2-м доме па вуліцы Грыбаедава: пазоў уладальніка кватэры Міхаіла Сьнегіра да арандатара кватэры прадпрымальніка Ўладзімера Сідаровіча быў адхілены. Адначасова не задаволены і сустрэчны пазоў Сідаровіча да Сьнегіра.

Што азначае гэтае рашэньне? Абодва бакі ўстрымліваюцца ад камэнтароў. Адвакат Сьнегіра Анатоль Шапялевіч выглядаў разгубленым:

“Мы не чакалі такога рашэньня. Я чакаў, што будзе задаволены пазоў Сьнегіра, дамова пра арэнду зь Сідаровічам будзе скасаваная, Сідаровіч выселены, а Сьнягір заселены”.

Адвакат ня ведае, ці будзе ягоны падабаронны абскарджваць рашэньне судзьдзі Алега Каляды ў вышэйшай інстанцыі. “Трэба атрымаць і вывучыць матывіроўку”, — сказаў адвакат Шапялевіч.

Падобнае меркаваньне адносна судовага рашэньня выказаў і прадпрымальнік Уладзімер Сідаровіч, які таксама ня быў задаволены цалкам:

Уладзімер Сідаровіч
“Суд пакінуў кватэру за Сьнегіром і нашу дамову пра арэнду не скасаваў. Такім чынам, мы можам у ёй жыць. Але якім чынам? Ці задаволены я? Ведаеце, трэба спачатку пачытаць матывіроўку, каб зразумець, чым дакладна кіраваўся суд”.

Нагадаю, кватэра на Грыбаедава абышлася Міхаілу Сьнегіру ў 250 тысяч даляраў і спрычынілася да яго адстаўкі з пасады пракурора Менскай вобласьці. Летась у лістападзе на антыкарупцыйнай нарадзе Аляксандар Лукашэнка публічна зьдзівіўся, дзе пракурор узяў грошы на элітную кватэру ў цэнтры сталіцы. Ад Лукашэнкі стала вядома і пра судзьдзяў Ленінскага суду Менску, якія нібыта дапамагалі Сьнегіру ў ягонай спрэчцы за кватэру з былым яе ўладальнікам Уладзімерам Сідаровічам. Праз два тыдні пасьля нарады Міхаіла Сьнегіра арыштавалі, а судзьдзю Алену Ільіну звольнілі. Аднак ці фігуруе ў справе Сьнегіра кватэра на вуліцы Грыбаедава, дакладна невядома. Адвакат Анатоль Шапялевіч гэта абвяргае, але ўстрымліваецца ад камэнтароў пра эпізоды, якія дасьледуюцца сьледчымі пракуратуры. Паводле іншых крыніц, у справе Сьнегіра фігуруе катэдж пад Менскам, які экс-пракурор нібыта будаваў на падстаўную асобу.

Раней на працэсе Міхаіл Сьнягір казаў, што не будаваў катэдж для сябе, а толькі дапамагаў сваяку ў будоўлі. Наконт кватэры на Грыбаедава экс-пракурор заявіў, што, каб яе набыць, прадаў сваю ранейшую кватэру ў Менску, і цяпер ягонай сям’і няма дзе жыць. Я спытаўся ў сына Сьнегіра — Вадзіма, які прыйшоў сёньня ў суд: у якіх умовах цяпер жыве іх сям’я?

“У бабулінай кватэры, якую потым трэба прадаць і падзяліць паміж сваякамі. Гэта звычайная кватэра ў Менску, але адрас я не магу назваць. Што да кватэры на Грыбаедава, што б ні казалі, але мы там не жылі ніводнага дня”, — сказаў “Свабодзе” Сьнягір-малодшы.

Жонка Міхаіла Сьнегіра адмовілася ад камэнтароў. Выглядала, што жанчына была моцна расчараваная рашэньнем, якое прыняў Заводзкі суд адносна кватэры на вуліцы Грыбаедава.
XS
SM
MD
LG