Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць людзі пра галадоўку Аўтуховіча за кратамі


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч абвясьціў бестэрміновую галадоўку ў менскім ізалятары № 1. Разам са сваімі паплечнікамі Юр’ем Лявонавым і Ўладзімерам Асіпенкам быў арыштаваны 8 лютага. Іх падазраюць у падпалах маёмасьці ваўкавыскіх чыноўнікаў.


Паводле адваката Паўла Сапелкі, галадоўшчык патрабуе альбо перадаць справу ў суд, альбо памяняць меру стрыманьня ўсім, хто знаходзіцца пад сьледзтвам па гэтай справе, на падпіску аб нявыезьдзе. Што думаюць пра новую галадоўку Мікалая Аўтуховіча людзі, якія яго ведаюць?

Жыхар Ваўкавыску Валеры ведае пра гісторыю змаганьня Мікалая Аўтуховіча супраць падатковых органаў, пра яго ранейшыя галадоўкі. Як ён ацэньвае цяперашнюю?

“Па-першае, гэта прыкмета мужнасьці чалавека, па-другое, не выконваюцца нормы закону, і зь яго боку гэта акт адчаю. Аўтуховіча я ведаў, я разумею яго становішча: ён загнаны ў кут, таму што законы парушаюцца”.

Спадар Валеры падкрэсьлівае:

“Ён абраў гэтую форму пратэсту, гэта асабіста ягоны выбар, яму лепш відаць. Напэўна ён вычарпаў усе свае меры і вымушаны галадаць, чалавека давялі да ручкі. Гэта мужны ўчынак, адкрыты, сумленны, і ня ўсякі на гэта пойдзе, а прычына ў тым, што ў нас такіх людзей заціскаюць, прыніжаюць”.

Рэакцыя ваўкавыскай знаёмай Мікалая Аўтуховіча Людмілы на абвешчаную ім за кратамі галадоўку:

“Чула, чула, я пакуль ні з кім не размаўляла, ня ведаю, што людзі думаюць, бо выхадныя ж. Сама я ў шоку, я ўвогуле не разумею, што адбываецца”.

Алесь Зарэмбюк узначальвае Ваўкавыскую міжрэгіянальную кааліцыю Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, у якую уваходзяць чатыры раёны, яго меркаваньне наконт галадоўкі Мікалая Аўтуховіча за кратамі:

“Тое, што робіць Аўтуховіч, — гэта адзіны магчымы зь яго боку пратэст у тых умовах, у якіх ён знаходзіцца, больш ён нічога ня можа зрабіць. Таму я падтрымліваю тое, што ён галадае, таму што здароўе яму папсавалі й так багата, хаця, зразумела, што яно будзе яшчэ горш праз тое, што ён галадае. Але ж я яго разумею, таму што ў яго не застаецца абсалютна ніякіх іншых рычагоў узьдзеяньня на дадзеную сытуацыю”.

Алесь Зарэмбюк падкрэсьлівае складанасьць цяперашняга становішча Мікалая Аўтуховіча:

“Небясьпека гэтай сытуацыі ў тым, што заўтра кожнага з грамадзка, палітычна актыўных людзей могуць пасадзіць, і чалавек будзе сядзець і пры гэтым усё “добра”, палітвязьняў няма, а чалавек за кратамі”.
XS
SM
MD
LG