Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьвяткавалі Вялікдзень нашы продкі, што трэба памятаць сучасьнікам, чым варта карыстацца – меркаваньні і парады адмыслоўцаў беларускай этнакультуры.

Фальклярыст Янка Крук лічыць, што аўтэнтыка рытуалаў, якімі суправаджалі сьвяткаваньне Вялікадня нашы продкі – абавязковая для выкарыстаньня і сёньня:

– Вялікадню папярэднічаў Белы тыдзень, тыдзень ачышчэньня. Бялілі печ, бялілі сад, – адчуваеце, як шэраг пашыраецца? Нарэшце абельваў, ачышчаў, амываў сябе і сам чалавек. Потым ён браў белыя яйкі, фарбаваў іх у чырвоны колер – і пачынаўся Новы год.

Зь велікодным яйкам – першы рытуал ранку Вялікадня. Трэба асьвечанае яйка пакласьці ў міску з вадой, калі за сталом зьбярэцца ўся сям’я. Падумаць пра сьветлае і добрае, што зычыце адзін аднаму. А затым усе, пачынаючы ад самага малодшага, кранаюць рукамі ваду і ўмываюць твар – каб быць чыстым, кругленькім і гладкім, як яйка.

– Калі мы на 80% – вада, то тая вада, якую мы замаўляем, яна ж трапляе ў нас і нейкім чынам на нас уплывае. Гэта ні што іншае, як элемэнт калектыўнай магіі.

Назапасіць абярэгі можна яшчэ і да Вялікадня, працягвае фальклярыст:

– Чацьвярговая соль. Адмыслова езьдзіў на вёску ў сераду вечарам, паставіў соль на адкрытае месца. Потым гэта ўсё зьбіраем, і гэтая соль для нас будзе абярэгам на ўвесь год.

Этнакультуроляг Антаніна Хатэнка падкрэсьлівае: апроч думак зямных, Вялікдзень патрабуе і думак высокіх і сьветлых, якія яднаюць людзей з Космасам:

– Насамрэч усе гэтыя фарбаваныя яйкі, усё, што цяпер лічыцца традыцыйным для хрысьціянскай культуры, яно куды больш глыбокія карані мае і прыйшло з такой старавечнасьці, што нам і ўявіць цяжка. І мае тую сымболіку, якая куды больш шырэйшая, чым хрысьціянская. Гэта сымболіка мікракосму, сымболіка вечнага сонца, вечнага агню, колазвароту жыцьця, крыві, красы.

Калі думкі будуць у гармоніі з навакольлем, з Сусьветам, то Вялікдзень – гэта магчымасьць запраграмаваць наступны год удалым і шчасьлівым, кажа Антаніна Хатэнка:

– Вялікдзень закладае ўсё на цэлы год. Усё – гэта значыць ці ліха, ці дабро, ці цемра, ці сьвятло. Як усе разам, прырода й чалавек, павернуцца думкаю, мысьлеформай да гэтых зьяваў, дваістых, дуальных... Што выбіраеш – тое вясна і закладае”.
XS
SM
MD
LG