Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьвёртая спроба рэгістрацыі


У Магілёве прайшоў ўстаноўчы зьезд Партыі Свабоды й Прагрэсу. 73 дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі зацьвердзілі статут, праграму, а таксама пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі партыі ў Міністэрстве юстыцыі. Старшынём партыі дэлегаты абралі Ўладзімера Навасяда.


За гадзіну да пачатку зьезду рэйсавы аўтобус, якім ехалі на зьезд Уладзімер Навасяд, дэлегаты зь Меншчыны, а таксама замежныя госьці, у райцэнтры Бялынічы спынілі міліцыянты. Затрыманьне аўтобусу яны аргумэнтавалі тым, што ў кіроўцы няма пасьведчаньня аб перадрэйсавым мэдычным аглядзе і яго неабходна зрабіць у мясцовай бальніцы. Пасьля паўгадзіннага прастою кіроўцу дазволілі працягнуць рэйс.

Зьезд пачаўся а дванаццатай з выступу гасьцей. Яго віталі лідэр “Руху за “Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, ягоны паплечнік Віктар Карніенка, а таксама лідэр “Эўрапейскай кааліцыі” Мікалай Статкевіч ды кіраўнік магілёўскай абласной арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Аляксандар Мілінкевіч
“Самае галоўнае для нас заставацца рознымі. Мы мусім мець шмат партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Усе яны павінны адчуваць сваю адказнасьць. Ад нас з вамі залежыць вельмі шмат у нашай краіне. Мы эўрапейцы. Мы мусім вяртацца да эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Мы мусім зрабіць так, каб каштоўнасьці, на якіх аб’ядналася Эўропа сталі й нашымі галоўнымі каштоўнасьцямі”, гэтак вітаў дэлегатаў зьезду Аляксандар Мілінкевіч.

Віталі дэлегатаў і замежныя госьці – прадстаўнікі швэдзкай лібэральнай партыі Юнатан Охлін ды Джэні Сонісан.

“Мы прыехалі ўчора. І мы бачылі як да вас ставяцца ўлады. Гэта ня робіць гонару Лукашэнку. Вы ня можаце правесьці свой зьезд у Менску. Калі вы ехалі сюды вас затрымлівалі. Гэта жахліва. Неабходна ўзмацняць ціск на ўрад, каб ён больш шпарчэй рабіў рэформы і пераўтварэньні”, вітаў зьезд Юнатан Охлін.

Цягам трох гадзінаў 73 дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі прынялі статут, праграму, а таксама зацьвердзілі пакет дакумэнтаў на рэгістрацыю партыі. Аднагалосна дэлегаты абралі старшынём партыі Ўладзімера Навасяда. Альтэрнатывы яму на зьездзе не знайшлося. Намесьнікамі старшыні дэлегаты абралі Аляксандра Сілкова з Магілёва а таксама трох менчукоў Сяргея Казлоўскага, Міхаіла Брусьлякова ды Аляксандра Мельнікава. Сфармавалі дэлегаты й склад палітрады партыі.

Тры папярэднія спробы зарэгістраваць партыю былі няўдалымі. Ці будзе чацьвёртая ўдалай Уладзімер Навасяд пэўна адказаць ня можа.

Старшыня партыі Свабоды й прагрэсу Уладзімер Навасяд (пасярэдзіне), і ягоныя намесьнікі Аляксандар Сілкоў (праваруч) ды Сяргей Казлоўскі (леваруч)
“Мы не рабілі са зьезда нейкае тэатральнае прадстаўленьне. Перш за ўсю нам зьезд патрэбны, каб выканаць усе неабходныя працэдуры для міністэрства юстыцыі. Сама арганізавацца. А таксама наладзіць больш шчыльныя сувязі з нашымі партнэрамі зь якімі мы працавалі раней”, зазначае Ўладзімер Навасяд.

“З камуністамі мы працаваць ня будзем”, заяўляе спадар Навасяд:

“На другім кангрэсе дэмакратычных сіл Беларусі камуністы галасавалі супраць дэклярацыі аб асуджэньні сталінскіх рэпрэсіяў. Ну як мы будзе працаваць з камуністамі, якія кажуць, што ніякіх рэпрэсіяў не было”.

Паводле спадара Навасяда найбліжэйшымі партнэрамі партыі Свабоды й Прагрэсу будуць праэўрапейскія сілы ў Беларусі, а таксама прадпрымальнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG