Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 12 – 18 красавіка


Эканамічная сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца. Усё часьцей гэта вымушанае прызнаваць і вышэйшае кіраўніцтва краіны. Пры канцы тыдня Аляксандар Лукашэнка наўпрост заявіў: нягледзячы на шэраг урадавых захадаў, пакуль не ўдаецца выправіць трывожныя тэндэнцыі ў эканоміцы. Самыя паказальныя – у нашым традыцыйным аглядзе.


На прадпрыемствах Слоніма зьмяняюць працоўны графік і зьніжаюць заробкі. Дзённая зьмена Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі працуе толькі 5,5 гадзінаў на дзень. Вось што ўдакладняе галоўны інжынэр Ніна Шайдак:

“У нас такі прыняты графік, і нам так зручней працаваць. Так зручней, і на працягу многіх гадоў мы ўжо так працуем, паколькі гэта больш рацыянальна і эканамічна для прадпрыемства”.

Старшыня прафкаму Леў Марголін патлумачыў: на прадпрыемстве праблемы са збытам, Малдова і Ўкраіна наагул адмовіліся купляць прадукцыю. Са слоў спадара Марголіна, мяняецца графік працы, але рабочых не звальняюць:

“Выкарыстоўваем усе магчымасьці, каб захаваць калектыў. Заробак — ну хаця б на ўзроўні 380—400 тысяч рублёў, а раней жа было 500—600. Праўда, у некаторых рабочых такі заробак застаецца дагэтуль”.

***

На чатырохдзёнцы й зьмена кардонна-папяровай фабрыкі “Альберцін”. Старшыня прафкаму Тадэвуш Дужык кажа: у прадпрыемства праблемы са збытам. Асабліва складана стала атрымліваць разьлікі ад пакупнікоў:
За прадукцыю сродкі даводзіцца атрымліваць толькі праз суды ...

“За рэалізаваную прадукцыю сродкі даводзіцца атрымліваць толькі праз суды”.

На прадпрыемстве, дзе працуе 1290 рабочых, пакуль нікога не скарацілі. Хоць, у сувязі з падзеньнем вытворчасьці трэба было б звольніць прыкладна 300 чалавек.

***

Заробкі шахтароў Салігорску ў параўнаньні зь мінулагоднімі зьменшыліся ўтрая. Разам з тым, адміністрацыя “Беларуськалію” запатрабавала ад прафсаюзаў заключыць калектыўную дамову толькі на год. Ранейшыя дамоўленасьці, пачынаючы ад 1993 году, дзейнічалі тры гады. Гаворыць старшыня незалежнага прафсаюзу гарнякоў Іван Пермінаў:

“Перамовы насамрэч пачаліся, так. Але пакуль згоды ня знойдзена. З боку адміністрацыі быццам бы закон не парушаецца, бо калектыўная дамова можа быць на тэрмін ня менш за адзін год і да трох. Не скажу цяпер, да чаго можам прыйсьці, таму што адбыўся толькі першы тур перамоваў”.

Спыняюцца на перапынак, абумоўлены беспрацоўем, тры абагачальныя фабрыкі. Адгрузкі мінэральных угнаеньняў на экспарт практычна няма. Вычарпала свае плянавыя фонды і сельская гаспадарка Беларусі. Шахтары застаюцца бяз працы. Цяперашнія заробкі мужа ацэньвае Галіна Казлоўская:

“Ён, як іншыя, зноў пачаў атрымліваць толькі 2/3 ад свайго тарыфу. Такі тарыф сьведчыць, што заробак упаў у тры разы ад таго, што быў раней. Цяпер нашы шахтары ходзяць на працу, каб падтрымліваць нейкім чынам у гатоўнасьці гэты руднік”.

Супрацоўніца салігорскага аддзяленьня “Беларусбанку” Кацярына Сабалеўская паведаміла, што ўзьнікаюць праблемы з выплатай узятых раней крэдытаў: сем’і шахтароў няпроста назьбіраць грошы для пагашэньня запазычанасьцяў:

“Цяпер эканомяць людзі грошы, бо заробкі маленькія. Мы гэта заўважаем. Гэта відавочна”.

Калектыўная дамова забараняе адміністрацыі звальняць шахтароў. Апроч таго, шахтары маюць гарантыю на выплату ўзнагароджаньня за выслугу гадоў.

***

Кошт экспартнай драўніны на Гарадзеншчыне зьменшыўся больш як на 20%. Аднак і гэтая саступка лясгасаў не ажывіла гандаль з замежжам. Гаворыць галоўны інжынэр Дзятлаўскага лясгасу Аляксандар Ківуля:

“Я вам скажу так. Вось з пачатку году мы прадавалі па 102 эўра, а цяпер цана — 80 эўра. Вось на 20% цана зьнізілася. Дык мала таго, што кошты зьнізіліся, нічога ня хочуць браць. Мы з пачатку году ўсяго некалькі вагонаў адгрузілі”.

Падобная сытуацыя і ў іншых гаспадарках. У Слонімскім лясгасе, як гаворыць галоўны інжынэр Леанід Бахар, сур’ёзныя праблемы з экспартам драўніны:

“Мы ўсю драўніну балянсавую, у тым ліку й піламатэрыялы, накіроўвалі на Захад і часткова ў Расею. Расея наагул адмовілася, дый Захад на сёньняшні дзень таксама адмовіўся. Мы нават спынілі плянавыя валкі ў лесе, бо няма каму збываць лес”.

Лясгасы на Гарадзеншчыне налічваюць прыкладна да 400 рабочых. У апошнія месяцы зьнізіўся заробак, людзей спрабуюць заняць іншай працай.

Са слоў спадара Бахара, работнікі ІТР ужо зь лістапада мінулага году не атрымліваюць прэмій і заробак складае крыху больш за 600 тысяч рублёў.

“Нікога мы не звальняем і не скарачалі. Праўда, даем адпачынкі людзям. Плянуем, што хутка пачнецца пажаранебясьпечны сэзон, і людзей перасаджваем на пажарныя машыны з захаваньнем сярэдняга заробку”.

***

Знакамітае колісь прадпрыемства “Рэчыцкая кераміка” спыніла выпуск прадукцыі і прыцягвае ўвагу ў асноўным разбурэньнем будынкаў ды скандаламі антыкрызіснага кіраўніцтва з былымі працаўнікамі.

“Рэчыцкая кераміка” — банкрут. Паўсотні рабочых да сёньня не атрымалі свае заробкі. Крызісны кіраўнік прадпрыемства Марыя Грамыка спадзяецца на продаж маёмасьці. Гэта кацельня, цэх, гаражы, нямецкая электрычная печ:

“Я, напрыклад, спадзяюся на продаж будынкаў. Ужо трэці раз выставілі. Кошты, вядома, зьніжаем. Зараз ацэньваем яшчэ адзін будынак. Будзем выстаўляць на продаж і абсталяваньне. Праца ідзе, рухаецца. Я людзям тлумачу, але яны ня хочуць нічога гэтага слухаць. Яны мяне вінавацяць ва ўсім, хаця я працую толькі адзін год”.

Паводле службы кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю Рэчыцкага райвыканкаму, да якой у камунальную ўласнасьць адышлі 90% акцыяў ААТ “Рэчыцкая кераміка”, продаж маёмасьці абцяжараны яшчэ тым, што бракуе праваўстаноўчай дакумэнтацыі. На распрацоўку яе выдаткавана 4 мільёны рублёў. А вось зацікаўленых інвэстараў пакуль не знаходзіцца.

***


Фінансавы крызіс паступова закранае самыя розныя сфэры жыцьцядзейнасьці. Так, Камянецкі райвыканкам абвясьціў, што змушаны адмовіцца ад рэстаўрацыі гістарычнага фальварку Грэмяча. Лёс палаца і парку 19 стагодзьдзя, якія ў розны час належалі князям Сапегам, Чартарыйскім, Пуслоўскім, застаецца неакрэсьленым.

Каапэратыў “Усход-Каменец”, на чыім балянсе палац знаходзіцца, ня мае сродкаў на рэстаўрацыю. Мэтадыст аддзелу культуры па гістарычна-культурнай спадчыне Ірына Рэзьнічук расказвае:

“Палац не выстаўляецца на аўкцыён. Гэта будзе інвэстфорум, які будзе ў красавіку ў Берасьці. АОО “Усход” шукае інвэстараў. У сувязі з недахопам грашовых сродкаў. Рыхтуюцца дакумэнты”.

Спэцыяліст аддзелу культуры Берасьцейскага аблвыканкаму Леанід Несьцярчук незадаволены тым, што адбываецца вакол палаца ў Грэмячы:

“Калгас там “нетранспартабэльны”. Гэта дзікунства. Нічога там не адбудзецца. Гэта віламі па вадзе пісана. Няма мэханізму. Няма саліднага чалавека. Я спадзяюся, што аддадуць яго нам для рэалізацыі праекту — стварэньня помніка, прыватнага музэю фальваркавай архітэктуры. У мяне ёсьць харошы праект. Я перадаў уладам. Але пакуль сур’ёзна ніхто не ўспрымае. Я ўжо тры гады валэндаюся — і ніякіх зрухаў”.

Паводле Леаніда Несьцярчука, на рэстаўрацыю палаца-паркавага ансамбля патрабуецца прыкладна тры мільёны даляраў.

***

У Баранавічах увялі платнае перарываньне цяжарнасьці. Кошт апэрацыі — 95 тысяч рублёў. Навіну пра яшчэ адну платную паслугу некаторыя ўспрымаюць з непаразуменьнем. Меркаваньне Аксаны Ленькі:

“Я жыву ў тэкстыльным мікрараёне. Каля майго дому адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў гораду, дзе працуюць нават на сёньня каля 5 тысяч жанчын. Сярэдняя зарплата ў іх 250, максымум 300 тысяч. Гэтыя жанчыны ніколі не аддадуць палову свайго заробку, каб зрабіць аборт. Гэта ня самыя дасьведчаныя жанчыны. У многіх зь іх аборт лічыцца асноўным мэтадам кантрацэпцыі”.

Галоўны ўрач Баранавіцкага раддому Алена Шастак не пагаджаецца з тым, што платнасьць абортаў становіць праблему. Яна адкрыта кажа пра сапраўдную мэту:

“У нас праблема — высокі ўзровень абортаў. Па рэспубліцы абортаў у два разы меней, чым у нас, у Баранавіцкім рэгіёне. Аборт — гэта проста зарабляньне грошай. Мы купім установе нейкія інструмэнты”.

Баранавіцкі гарадзкі аддзел міліцыі распаўсюдзіў у сакавіку зьвесткі, што на спэцыяльным уліку знаходзяцца амаль 300 мясцовых прастытутак. Міліцыянты лічаць, што жанчыны лёгкіх паводзінаў мусяць плаціць са сваіх заробкаў ня толькі за аборты, але і за ўсе іншыя мэдычныя паслугі.

***

У Магілёве ў сярэднім на 30% павялічыліся цэны на выраб надгробкаў. Гаспадар рытуальнага прадпрыемства тлумачаць падвышэньне коштаў ростам курсу даляра й цэнаў на матэрыялы:

“500 тысяч сярэдняя цана — гэта з мазаікі, і недзе адзін мільён — з граніту. Раней было недзе 350, а з граніту — 700. Летась было ў тры разы болей замоваў, чым цяпер. Цяпер на ежу людзі больш грошай пускаюць, чым на помнікі. Грошай у людзей не хапае ў сувязі з крызісам”.

Пра тое, што выраб надгробкаў падаражэў, цьвердзіць і яшчэ адна гаспадыня рытуальнага бюро. Яна не выключае, што некаторыя дробныя арганізацыі ў бліжэйшай пэрспэктыве могуць спыніць сваё існаваньне:

“Узьняліся недзе ў раёне 30%. Людзі цяпер бяруць прадукцыю таньнейшую. У нас стала менш кліентаў, калі так можна сказаць. Занадта шмат рытуальных паслугаў у Магілёве. Нават у параўнаньні зь Менскам і іншымі абласнымі гарадамі. Тут вялікая канкурэнцыя. Крызіс яшчэ наперадзе”.

А вось у бюро рытуальных паслугаў Магілёўскага гарвыканкаму цэны істотна не мяняюцца. Супрацоўнік бюро зазначае: гарвыканкам стрымлівае рост цэнаў, аднак штомесяц вымушаны іх карэктаваць. На пахаваньне дзяржава выдаткоўвае каля 920 тысяч рублёў. Гаворыць супрацоўнік бюро:

“У гэтую суму нашы паслугі ніколі не ўкладваліся. Яны меншыя. Пахаваньне прыкладна абыходзіцца ў 650—700 тысяч рублёў. Гэта менавіта паслугі, а прылады… труна ёсьць за мільён сямсот, ёсьць труна за сямсот лякіраваная (чыстае дрэва) і за сто сорак — проста абабітая тканінай”.

Адным словам, і нарадзіцца, і памерці ва ўмовах крызісу робіцца аднолькава праблематычна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG