Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАІ спыніла Навасяда па дарозе на сход


Уладзімер Навасяд

Уладзімер Навасяд

У райцэнтры Бялынічы, што на Магілёўшчыне, міліцыянтамі быў спынены аўтобус, якім на ўстаноўчы сход Партыі свабоды і прагрэсу ехалі замежныя госьці і старшыня аргкамітэту партыі Ўладзімер Навасяд.


Паводле Навасяда, аўтобус спыніў чалавек у цывільным. Як патлумачылі пасажырам, кіроўца не прайшоў перадрэйсавы мэдычны агляд. Колькі ён будзе цягнуцца ў райбальніцы пасажырам не сказалі, аднак пасьля 20 хвілінаў аўтобусу дазволілі адправіцца ў рэйс.

Устаноўчы сход павінен пачацца а 12 гадзіне. Аўтобус спынілі каля 11 гадзіны.

Устаноўчы сход Партыі свабоды і прагрэсу пройдзе сёньня 18 красавіка ў Магілёве. Кіраўнік арганізацыйнага камітэту – былы дэпутат Вярхоўнага савету і Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд сказаў "Свабодзе" напярэдадні, што першапачаткова сход плянавалі правесьці ў Менску. Аднак тут не змаглі атрымаць дазвол на неабходнае памяшканьне.

Партыя праводзіла ўстаноўчыя зьезды 22 лістапада 2003 году, 29 траўня 2004 году і 29 траўня 2005 году, аднак так і не была зарэгістраваная. Цяпер арганізатары робяць ужо чацьвёртую спробу і зноў сутыкаюцца з праблемамі.
XS
SM
MD
LG