Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэрдыкт камітэту ААН — правы парушаны


Сёньня ў Гомелі агучылі рашэньне Камітэту ААН па правах чалавека па скарзе аб канфіскацыі ў Жлобіне перадвыбарчых улётак экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча.

Прызнана, што тым самым улады парушылі тры артыкулы Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Дваццаць восем тысяч перадвыбарчых улётак Мілінкевіча, выдадзеных за бюджэтныя грошы, перавозіў зь Менску ў Гомель на прыватным легкавіку сябра перадвыбарчага штабу экс-кандыдата на прэзыдэнта Віктар Карняенка. Было гэта 6 сакавіка 2006 году, за два тыдні да прэзыдэнцкіх выбараў.

Блізу Жлобіна спадара Карняенку спынілі супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі. Разам зь людзьмі ў цывільным правялі дагляд аўтамашыны й сканфіскавалі ўлёткі двух відаў — з праграмай апазыцыйнага кандыдата й з надпісам: “Мілінкевіч — новы прэзыдэнт”.

Жлобінскі суд аштрафаваў Віктара Карняенку, а ўлёткі пастанавіў зьнішчыць.

Усе судовыя інстанцыі, куды зьвяртаўся палітык, а таксама пракуратура, прызналі пакараньне й канфіскацыю абгрунтаванымі. І вось цяпер сваю пастанову па скарзе спадара Карняенкі вынес орган ААН па правах чалавека.

Віктар Карняенка
“Тое, што Камітэт ААН падтрымаў нас, толькі ўмацавала нас у перакананьні праваты. Будзем зьвяртацца ў Міністэрства замежных спраў, каб яны выправілі памылкі ўлады. Калі не дапаможа, пойдзем у суд”.

На прэсавай канфэрэнцыі былы кіраўнік гомельскага штабу Мілінкевіча Ўладзімер Кацора прыгадаў, што ўлады падобным чынам дзейнічалі й перад парлямэнцкімі выбарамі — затрымлівалі неаднаразова яго асабіста, іншых актывістаў. І таксама канфіскоўвалі друкаваную прадукцыю, каб яна не дайшла да выбарцаў. Гэта ўжо сыстэма дзеяньня беларускіх уладаў, якую цывілізаваны сьвет не прымае:

“Рашэньне Камітэту ААН па справе канфіскацыі ўлётак Мілінкевіча — гэта першае рашэньне. Там ёсьць і іншыя нашыя звароты наконт канфіскацыі. Беларускія ўлады дзейнічаюць надзвычай груба, парушаюць і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, і выбарчае заканадаўства, і міжнародныя пагадненьні. І што цывілізаваны сьвет гэтага не прымае, засьведчыла рашэньне Камітэту ААН”.

Юрыст Леанід Судаленка, які дапамагаў рыхтаваць многія звароты ў камітэт ААН, паведаміў, што ўсяго на разгляд у гэтую ўплывовую міжнародную структуру зь Беларусі паступіла 64 індывідуальныя скаргі грамадзянаў на парушэньне іхніх палітычных і грамадзянскіх правоў. 17 зь іх разгледжаны.

Уладзімер Кацора і Леанід Судаленка
У гэтай статыстыцы пакуль ня ўлічаны 44 скаргі жыхароў Гомельскай вобласьці, якія былі дасланыя летась з прычыны забароны ўладаў правесьці пікеты супраць адмены сацыяльных ільготаў. Працэдура разгляду скаргаў працяглая, яна можа займаць і два, і тры гады.

Спадар Судаленка нагадаў таксама, што Камітэт ААН у 2006 годзе прызнаў незаконнай ліквідацыю ўладамі абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”. Аб’яднаньне дагэтуль не адноўлена. А практыка ўладаў у дачыненьні да захаваньня правоў чалавека зьмянілася хіба толькі ў горшы бок:

“У папярэднім рашэньні наконт ліквідацыі „Грамадзянскіх ініцыятываў“ Камітэт ААН канстатаваў парушэньне права грамадзянаў на свабоду асацыяцыяў. А зараз вызначыў парушэньні па трох артыкулах Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта — парушэньне права на свабоднае выказваньне сваёй думкі, дыскрымінацыя з палітычных матываў, а таксама парушэньне права кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча быць абраным на свабодных, дэмакратычных выбарах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG